У Антальлі 10 сакавіка адбылася сустрэча міністраў замежных спраў Украіны і Расеі Дзьмітра Кулебы і Сяргея Лаўрова. Сустрэча была арганізавана Турэччынай, на ёй прысутнічаў кіраўнік турэцкага МЗС Мэўлют Чавушаглу.
«Мы ня можам спыніць вайну, калі краіна-агрэсар ня хоча гэтага рабіць», — заявіў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба ў чацьвер пасьля перамоваў у Антальлі з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым.
Паводле Кулебы, на сустрэчы ён пачуў, што спыненьне агню ва Ўкраіне магчымае, калі Кіеў выканае ўмовы расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Кулеба коратка ахарактарызаваў патрабаваньні Расеі як поўную капітуляцыю.
«Аднак Украіна не здаецца. Мы будзем шукаць дыпляматычных рашэньняў, а пакуль гэта не дасягнута, будзем абараняць людзей ад расейскай агрэсіі», — падкрэсьліў украінскі міністар. Ён дадаў, што Ўкраіна гатовая працягваць узаемадзеяньне з Расеяй, каб дамовіцца аб міры.
Сяргей Лаўроў на прэс-канфэрэнцыі па выніках перамоваў зь Дзьмітром Кулебам таксама заявіў аб гатоўнасьці Масквы працягваць дыялёг. Ён адзначыў, што папярэднія тры раўнды кантактаў з украінскімі прадстаўнікамі на беларускай тэрыторыі прывялі да некаторага прагрэсу. Цяпер расейскі бок прадставіў Украіне свае прапановы па завяршэньні ўзброенага канфлікту і чакае адказу, сказаў Лаўроў.
Перамовы кіраўнікоў МЗС Украіны і Расеі ў турэцкім горадзе Антальля праходзілі ў прысутнасьці міністра замежных спраў Турэччыны Мэўлюта Чавушаглу.
Гэта была першая сустрэча на такім высокім узроўні паміж прадстаўнікамі дзьвюх краін пасьля пачатку расейскага ўзброенага ўварваньня ва Ўкраіну два тыдні таму. Заходнія краіны падкрэсьліваюць, што напад Расеі на суседнюю дзяржаву быў несправакаваны.
Абмеркаваньне ў Антальлі працягвалася больш за паўтары гадзіны. Яно пачалося без прысутнасьці журналістаў, у залю пусьцілі толькі некалькіх апэратараў і фатографаў.
Дзьмітро Кулеба раней называў тры ключавыя патрабаваньні, якія ён выставіць на сустрэчы з Лаўровым. Гэта спыненьне агню, вызваленьне акупаваных тэрыторый і вырашэньне гуманітарных пытаньняў.
Пасьля перамоваў Кулеба заявіў, што ўкраінскім бокам падымалася пытаньне аб сутачным замірэньні, каб вырашыць найвастрэйшыя гуманітарныя пытаньні, але прагрэсу дасягнута не было. «Падобна на тое, у Расеі іншыя людзі прымаюць рашэньне з гэтай нагоды», — прыводзіць словы Кулебы «РБК-Украіна». Са спасылкай на Кулебу, у прыватнасьці, паведамляецца, што расейскі міністар Лаўроў ня стаў браць на сябе абавязаньне забесьпячыць гуманітарны калідор з абложанага Марыюпаля.