Расея адразу пасьля перамоў з Украінай у Турэччыне аднавіла абстрэлы заблякаванага Марыюпалю

Наступствы бамбаваньня ўкраінскага Марыюпалю расейскімі войскамі, 9 сакавіка 2022
Наступствы бамбаваньня ўкраінскага Марыюпалю расейскімі войскамі, 9 сакавіка 2022

Марыюпальская гарадзкая рада паведаміла аб пачатку Расеяй новых авіяўдараў, якія аднавіліся адразу пасьля ўкраінска-расейскіх перамоў у Турэччыне.

«Бомбы трапляюць у жылыя будынкі. Пацэлілі таксама ў корпус Прыазоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту ў цэнтры гораду. Таксама зафіксавана бамбаваньне ў раёне драматычнага тэатру», — паведаміла Марыюпальская гарадзкая рада.

Улады ўдакладняюць колькасьць пацярпелых.

10 сакавіка міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў пацьвердзіў, што абстрэл дзіцячай лякарні і радзільнага дому быў сьвядомым і мэтанакіраваным рашэньнем расейскіх вайскоўцаў, каб зьнішчыць «базу ультрарадыкальнага батальёну «Азоў».

У Турэччыне міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба спрабаваў дамовіцца зь міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым аб спыненьні абстрэлаў на 24 гадзіны для эвакуацыі мірнага насельніцтва і арганізацыі гуманітарнага калідору ў Марыюпаль і з Марыюпалю. Але перамовы завяршыліся безвынікова.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

​
XS
SM
MD
LG