Расея пацьвердзіла наўмысныя абстрэлы дзіцячай лякарні ў Марыюпалі

Брытанскія ранішнія газэты 10 сакавіка з фатаздымкамі бамбаваньня Марыюпалю
Брытанскія ранішнія газэты 10 сакавіка з фатаздымкамі бамбаваньня Марыюпалю

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў пацьвердзіў, што абстрэл дзіцячай лякарні і радзільнага дому быў сьвядомым і мэтанакіраваным рашэньнем расейскіх вайскоўцаў.

«Некалькі дзён таму на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН расейская дэлегацыя прадставіла факты аб тым, што гэтую радзільню даўно захапілі батальён «Азоў» і іншыя радыкалы, адтуль выгналі ўсіх цяжарных, мэдсясьцёр і ўвогуле ўвесь пэрсанал. Гэта была база ультрарадыкальнага батальёну «Азоў», — сказаў Сяргей Лаўроў у Антальлі (Турэччына) 10 сакавіка пасьля перамоў зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітром Кулебам.

Лаўрова цытуе ўкраінскае выданьне «Європейська правда».

Лаўроў прызнаўся, што бачыў рэпартажы з Марыюпалю, якія сьведчылі аб супрацьлеглым і ў якіх паказалі параненых цяжарных, але лічыць іх маніпуляцыямі, бо ў паведамленьнях СМІ «не зьвярталі ўвагу на іншы бок».

Паводле яго, ня варта зьвяртаць увагу на абурэньне гэтым фактам у сьвеце.

«Мы не ўпершыню бачым патэтычныя крыкі з нагоды так званых зьверстваў, якія чыняць расейскія ўзброеныя сілы», — дадаў Сяргей Лаўроў.

Марыюпальская гарадзкая рада 10 сакавіка паведаміла, што ў выніку авіяцыйных удараў расейскімі самалётамі па дзіцячай лякарні загінулі тры асобы, у тым ліку адно дзіця. Атрымалі траўмы 17 чалавек — дзеці, жанчыны і лекары.

​
XS
SM
MD
LG