Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шлю яму фота, дзе мы разам, бо гэта яго сапраўднае месца», — жонка палітвязьня Андрэя Кузьнечыка


Андрэй Кузьнечык з жонкай Алесяй Рак. Архіўнае фота
Андрэй Кузьнечык з жонкай Алесяй Рак. Архіўнае фота

Ужо больш за 3 месяцы сям’я журналіста-фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка чакае ягонага вызваленьня.

За гэты час Андрэй адбыў два адміністрацыйныя арышты, а 23 сьнежня стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу.

Жонка Андрэя Кузьнечыка Алеся Рак падзялілася навінамі іхняй сям’і.

«Вы мае найлепшыя антыдэпрэсанты»

«Перахварэў на омікрон у сярэдзіне лютага. Былі невялічкія наступствы. Цяпер, здаецца, усё нармальна зь ім, — расказвае Алеся Рак. — Некаторы час таму не прыходзіла лістоў, два мае згубіліся. Таму Андрэй сказаў, што тыдзень сядзеў на „эпісталярнай дыеце“. Але вось нядаўна сувязь наладзілася».

Апошнім часам Андрэй Кузьнечык шле з-за кратаў сваякам шмат сваіх вершаў. Іх, па словах Алесі, ён пачаў пісаць яшчэ ў дзяцінстве.

Андрэй каля шыльды Францішку Скарыну ў Вільні. Архіўнае фота
Андрэй каля шыльды Францішку Скарыну ў Вільні. Архіўнае фота

«Велізарную колькасьць публікацый і твораў, якія назьбіраліся; усё тое, што ён рабіў і дзе друкаваўся, — гэта маці Андрэя захоўвае ў сябе на лецішчы. А я пра ягоную творчасьць ведаю з часоў студэнцтва. Для Андрэя ніколі не было праблемай скласьці верш на нейкую тэму. Яму дасі паштовачку — і адпаведна сюжэту яе малюнка ён ужо нешта рыфмуе, і атрымліваецца досыць нядрэнна. І, па-мойму, паштоўкі ён цэніць нават больш, чым свае вершы», — жартуе Алеся.

Яна кажа, нягледзячы на тое, што новых дэталяў у справе Андрэя пакуль няма, ён добра трымаецца.

«Настрой нармальны, ня п’е тых антыдэпрэсантаў, якія я яму шлю. Піша, што „думкі пра вас, вашы фоткі і лісты, нашая любоў — мае антыдэпрэсанты“, — цытуе мужа Алеся. — З самага пэсымістычнага, што ён даслаў, быў такі сказ: „Пішу дзецям вершы, пачытаеш Яніне і Мацьвею, калі ён вырасьце“ (Яніне 8 гадоў, Мацьвею — 2. — РС). Значыць, ён думае, што неяк усё зацягнецца. Кажа, што дадуць, хутчэй за ўсё, шмат, але сядзець увесь тэрмін не давядзецца».

«Даю парады, як зрабіць салатку з алеем бяз посуду і парэзаць нешта без нажа»

Яніна і Мацьвей Кузьнечыкі
Яніна і Мацьвей Кузьнечыкі

Алеся прызнаецца, што на спатканьне пакуль разьлічваць не прыходзіцца. Таму па-ранейшаму адзіны сродак камунікацыі з мужам — лісты.

«Яшчэ шлю тэлеграмы. Ня ведаю, перадаюць іх ці не. У лістах зьбіраюся працягваць пісаць пра сямейнае жыцьцё — і нічога больш, таму што для мяне важней, каб лісты ўвогуле даходзілі. Працягваю насіць перадачы пару разоў на тыдзень, бо гэта таксама сувязь. Стараюся туды класьці некія забаўныя прадукты, незвычайныя», — кажа суразмоўца.

Умовы ў камэры Андрэя, па словах Алесі, прымальныя, аднак, вядома, параўнаць іх са звычайнымі немагчыма.

«Наколькі мне вядома, іх там 6 чалавек. Месца мала, вядома, цесна, таму гэтыя абставіны ня вельмі спрыяюць таму, каб заводзіць нейкія блізкія адносіны і сяброўства. Там хутчэй ідуць размовы пра дыпляматыю, пра тое, як не замінаць адзін аднаму жыць».

Алеся падкрэсьлівае, што ў час іх з Андрэем расстаньня стараецца максымальна ўключыць мужа ў сямейнае жыцьцё.

«Раюся зь ім у лістах па розных пытаньнях. Ён прыдумаў для мяне новы, зручнейшы маршрут на Валадарку, расказвае, як абыходзіцца з тэхнікай, дакумэнтамі. Я высылаю яму ня толькі сьвежыя фатаздымкі дзяцей, але і архіўныя, дзе ён разам з намі. Бо гэта ягонае сапраўднае месца, — расказвае жанчына. — Я таксама даю яму карысныя парады: як зрабіць салатку з алеем бяз посуду і парэзаць нешта без нажа. Мы столькі часу правялі побач, я і ня думала, што ён можа ня ведаць таго, што ведаю я. Аказваецца, у нас яшчэ шмат тэмаў для абмеркаваньня».

«Малыя не даюць занурыцца ў нэгатыў»

Пра свой эмацыйны стан Алеся кажа наступнае:

Алеся Рак
Алеся Рак

«Безумоўна, у шоку ад таго, што адбываецца. Але на гэта ёсьць свае мэханізмы псыхалягічнай абароны. Малыя не даюць занурыцца ў нейкі нэгатыў. Перажываць няшчасьці вучуся ў іх. Яны плачуць, вядома, як нешта здараецца, але пасьля зноў гуляюць і з поўнай аддачай займаюцца штодзённымі справамі. Такі падыход дае рэсурсы, каб жыць далей. Яшчэ спрабую навучацца фатаграфіі — гэта таксама шмат часу займае ўвагі і часу. Таму спраўляемся».

Алеся кажа, што вельмі ўдзячная ўсім, хто ёй дапамагае:

«Гэтая падтрымка вельмі важная. Дзякуючы ёй мы не адчуваем сябе самотнымі. Я расказваю Андрэю, колькі вакол нас добрых і мужных людзей, гэта яго вельмі цешыць».

Што піша Андрэй Кузьнечык у лістах з-за кратаў

Пра разгляд справы і прысуд:

«Пакуль канвэер настроены так, што хутчэй позна, чым рана, будзе суд; хутчэй закрыты, чым адкрыты; хутчэй з пазбаўленьнем волі, чым не; хутчэй з даўжэйшым тэрмінам, чым з карацейшым; які хутчэй цалкам адседжваць хутчэй не давядзецца, чым так; а як будзе прысуд, то будзе і пераезд з дарогай, гэта, як той казаў, да варажэі не хадзі».

Пра сапраўдны сэнс сваіх вершаў

«А што да антыдэпрэсантаў... Думкі пра вас — мае антыдэпрэсанты, вашы фоткі і лісты, нашая любоў. Адсюль і вершыкі. Нават не таму, што няма чаго рабіць, а для нейкага асаблівага кантакту зь дзецьмі, каб нешта было на памятку пра тату, каб неяк праявіць сваю любоў і клопат, калі ня можаш прытуліць ці пабыць дзень разам, каб сувязь была зразумелая бяз слоў».

Лісты Андрэя Кузьнечыка з турмы
Лісты Андрэя Кузьнечыка з турмы

Пра «магічную» сувязь з жонкай на адлегласьці

«Часам нават адказваю на пытаньні зь ліста, які яшчэ ад цябе ў дарозе. Як па мне, хоць гэта крыху дзіўна і часам сьмешна, хай так і застаецца. Бо я калі пішу — як размаўляю з табой. А калі чытаю — як слухаю. І калі ты адказваеш на нешта, пра што я спытаўся, але ты яшчэ ліст з гэтым пытаньнем не атрымала, гэта выглядае міла і крышачку нават магічна».

Пра сны аб вызваленьні

«Усю ноч глядзеў сон — з тых сноў, што маскуюцца пад яву дый яшчэ запамінаюцца, як прачнесься, а гэта рэдкае спалучэньне. Мясьціна — умоўнае Берашова. Толькі не разваленая хата, а нешта кшталту сьветлага катэджа. Раніца, бо сонца з боку лесу, а ня возера. Сонечна. Мы нешта пагаманілі, і вы пайшлі гуляць, ці то на вуліцу, ці то на возера. А я драмлю каля вакна на другім паверсе, як раптам чую гром. Неба яснае, але з усходу напаўзае невялічкая, але дужа цёмная хмара, у якой у сярэдзіне так і бліскаюць маланкі. Паклікаў вас дахаты, і, відаць, усё абышлося, бо я пытаюся: «А як гэта я дома, бо быў у турме?» — «Дык цябе ж а восьмай адпусьцілі». «Неверагодна», — кажу я і пачынаю правяраць рознымі спосабамі. Адзін, другі — усё сходзіцца. Выглядае як чыстая праўда. У суседнім пакоі ў хаце на другім ярусе нары сьпіць адзін мой сябра, якога я гадоў 5 ня бачыў. Пытаюся ў яго, ці праўда. «Вядома, — кажа ён. — Ты ж ужо ўсяляк праверыў». «Ну, — кажу я, — тады застаўся апошні, самы надзейны спосаб: трэба расплюшчваць вочы!».

Лісты Андрэя Кузьнечыка з турмы
Лісты Андрэя Кузьнечыка з турмы

Пра падзяку беларусам за падтрымку

«Дзякуй добрым людзям за падтрымку, далёкім і блізкім. Асабліва тым, хто робіць крыху прасьцейшым жыцьцё табе. Дзякуй за чароўныя моманты на фатаздымках. Але калі выбіраеш паміж адпачынкам ці паходам у фотадрукарню ці паміж адпачынкам і другой перадачай, то лепш адпачні».

Лісты Андрэя Кузьнечыка з турмы
Лісты Андрэя Кузьнечыка з турмы

Пра словы, якія натхняюць

Выпісаў цытату Караткевіча з пасьляслоўя да «Каласоў»:

«Будзьце шчасьлівыя, калі толькі гэтае шчасьце не купляецца за кошт самага важнага ў сьвеце адчуваньня ў сабе Чалавека. І на гэтым шляху, цяжкім і трудным, няхай дапаможа вам ваша сумленьне».

Лісты Андрэя Кузьнечыка з турмы
Лісты Андрэя Кузьнечыка з турмы

Перасьлед Андрэя Кузьнечыка

  • Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
  • Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
  • Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
  • 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
  • Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
  • 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
  • У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG