Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я стаў больш вольным». Як беларус абараняе Ўкраіну


Беларусы, якія рыхтуюцца ваяваць за Ўкраіну
Беларусы, якія рыхтуюцца ваяваць за Ўкраіну
Беларусу Барсуку (так называе сябе суразмоўца ў мэтах бясьпекі) 28 гадоў. Хлопец працаваў праграмістам і апынуўся ў Кіеве паўгода таму з прычыны перасьледу на радзіме. Цяпер Барсук прыняў рашэньне ўступіць у тэрытарыяльную абарону Ўкраіны і праходзіць у сталіцы вучэньні пры «Азове» (атрадзе спэцыяльнага прызначэньня).

«Я адразу прыняў рашэньне застацца ў Кіеве ў любым выпадку і валянтэрыць. Але потым зразумеў, што з маёй краіны ляцяць ракеты і едуць танкі, а беларусы маўчаць і не супраціўляюцца. Вось тады і вырашыў, што я павінен ісьці і абараняць гэтую свабодную краіну. Таксама матывацыя — гэта барацьба супраць Крамля, які спрыяе дыктатуры ў нашай краіне».

З вайсковага досьведу хлопец мае службу ў арміі.

«Спачатку я спрабаваў трапіць у тэрытарыяльную абарону Ўкраіны, але мне адмовілі, бо беларускі пашпарт. Тым жа вечарам я выйшаў на знаёмых і ўступіў у тэрытарыяльную абарону пры „Азове“, у абарону Кіева. Цяпер праходзім навучаньне, таксама ёсьць задачы патруляваньня гораду і аховы аб’ектаў».

Сям’я Барсука ня стала адгаворваць хлопца ісьці ў абарону і прыняла ягоную пазыцыю.

«Мне самому страшна было адважыцца ехаць, але калі вырашыў, усе сумневы адышлі, і цяпер проста выдатна. Вельмі ганаруся сабой, што стаў больш вольным! А мая сямʼя была пасіўнай падчас рэвалюцыі. Таксама іх скоўвае страх перад словам „вайна“. Яны тэлефанавалі і гаварылі, што гэта не мая вайна. У адказ на гэта я ім сказаў, што з нашай краіны ляцяць ракеты, таму гэта наша вайна. Крэмль — наш агульны вораг! Цяпер яны супакоіліся і проста перажываюць».

Хлопец кажа, што зь ім цяпер шмат беларусаў і агулам стаўленьне да іх добрае, бо ўсе разумеюць, што ва ўсім вінаваты Лукашэнка.

Барсук таксама вельмі ўражаны ўкраінскім народам і верыць, што перамога будзе на баку Ўкраіны.

«Украінцы наогул ня думаюць пра сьмерць, яны думаюць толькі пра сваю свабоду, гонар і сваю радзіму. Пасьля ўбачанага гераізму ўкраінцаў, іх абсалютнай любові да сваёй краіны і жаданьня быць свабоднымі, несумненна — гэта перамога ўкраінскага народу. Дарэчы, маёй гаспадыні кватэры падарылі рацыю і набор рэчаў для вайны, і гэта мяне супакоіла. Гэтых людзей нельга перамагчы».

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG