Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Задача — прыкрываць расейскія войскі». Што адбываецца ў беларускай арміі?


У 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе 28 лютага
У 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе 28 лютага

На выхадных у інтэрнэце зьяўляліся паведамленьні, што Беларусь ужо фармуе брыгады, якія маюць удзельнічаць у вайне ва Ўкраіне на расейскім баку.

Называлі нават канкрэтныя вайсковыя адзінкі: 103-я Віцебская брыгада спэцапэрацыяў, 38-я Берасьцейская брыгада, 5-я асобная брыгада спэцапэрацыяў (Мар’іна Горка) і менская вайсковая частка 5448.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы Міністэрства абароны Леанід Касінскі зьняпраўдзіў гэтую інфармацыю. «Злучэньні і вайсковыя часткі Рэспублікі Беларусі знаходзяцца ў пунктах пастаяннай дысьлякацыі. Частка сілаў і сродкаў выведзена для ўзмацненьня паўднёвай мяжы», — перадаюць дзяржаўныя агенцтвы словы Касінскага.

Мар'іна Горка

У тэлеграм-канале мар’інагорскага спэцназу зьявілася паведамленьне, што іх байцы ў Беларусі «знаходзяцца ў пастаяннай гатоўнасьці да абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Заявы экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў аб нашым удзеле ў баявых дзеяньнях ёсьць фэйкавымі», — гаворыцца ў паведамленьні.

З такімі самымі заявамі выступілі і іншыя часткі. Заявы суправаджаліся відэашэрагам з тэрыторыі часьцяў, каб пераканаць гледачоў, што тэрыторыю краіны ніхто не пакідаў.

Берасьце

Свабода папрасіла сваіх чытачоў расказаць, якая цяпер сытуацыя ў беларускім войску. Ці рыхтуюцца вайскоўцы ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях?

Палітінфармацыя ў 38-й Берасьцейскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады пасьля галасаваньня на рэфэрэндуме. 27 лютага
Палітінфармацыя ў 38-й Берасьцейскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады пасьля галасаваньня на рэфэрэндуме. 27 лютага

«Сябра служыць менш за год у 38-й дэсантнай брыгадзе. Ужо зь сярэдзіны студзеня яны на вучэньнях у Гомельскай вобласьці. Чатыры дні назад ён тэлефанаваў сам, казаў, што яны ў Беларусі, іх задача прыкрываць расейскія войскі, казаў, што зьбіраюцца „вызваляць Украіну“. Да службы ён падтрымліваў пратэсты ў Беларусі. Маці сябра змагла датэлефанавацца да яго і камандзіра. Яны сказалі, што на гэты момант у Беларусі. Камандзір дадаў, што загаду ўступаць ва Ўкраіну пакуль не было, і супакойваў, але дадаў: калі загад будзе, то яны будуць яго выконваць», — напісаў чытач Свабоды.

У паведамленьні зь Берасьцейскай брыгады гаворыцца, што некаторых салдатаў першага пэрыяду службы павезьлі тэрмінова на палігон, каб навучыць страляць. «Яны асабліва нічога ня ведаюць, ім ніхто нічога ня кажа. Вайна і вайна, а хто з кім ваюе, ня кажуць».

Віцебск

З 103-й Віцебскай брыгады спэцапэрацыяў паведамілі, што частка ў баявой гатоўнасьці, але пакуль іх нікуды не высылаюць. У 72-м гвардзейскім аб’яднаным навучальным цэнтры ў Печах, пад Барысавам, бязь зьменаў.

Прыходзіць шмат навінаў пра тое, што на зборы раптоўна пачынаюць выклікаць людзей з запасу. Прычым такія весткі прыходзяць з розных гарадоў краіны — Віцебск, Горадня, Івацэвічы, Магілёў, Берасьце.

«Мой сябра на тэрміновай службе, служыць год, у траўні дэмбель. Ужо некалькі дзён знаходзіцца на мяжы з Украінай з поўнымі зарадамі ўсяго», — напісалі нам.

Паведамленьняў пра тое, што кагосьці зь беларускіх вайскоўцаў ужо перакінулі на тэрыторыю Ўкраіны, пакуль не было.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG