Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты з ЗША: Расея захапіла ЧАЭС, бо гэта просты шлях зь Беларусі на Кіеў

Чарнобыльская АЭС, архіўнае фота
Чарнобыльская АЭС, архіўнае фота

У Белым доме абураныя паведамленьнямі аб захопе Чарнобылю.

У чацьвер стала вядома, што расейскія вайскоўцы захапілі комплекс будынкаў даўно закрытай пасьля аварыі Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца на шляху зь Беларусі ў Кіеў.

Як піша «Голас Амэрыкі», у Белым доме заявілі аб абурэньні ў сувязі з паведамленьнямі аб захопе Расеяй аб’ектаў у Чарнобылі, дзе знаходзіцца атамная электрастанцыя, якая шмат гадоў не працуе.

Расейскія і ўкраінскія войскі ў чацьвер уступілі ў сутычку за кантроль над Чарнобылем, месцам самай страшнай у сьвеце радыяцыйнай катастрофы, якая стала адным з фактараў распаду Савецкага Саюзу.

«Нашы абаронцы аддаюць свае жыцьці, каб трагедыя 1986 году не паўтарылася», — напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў Твітары перад тым, як расейскія войскі захапілі нядзейную атамную электрастанцыю, дзе ў 1986 годзе адбыўся выбух на адным з рэактараў.

Але навошта камусьці спатрэбілася непрацоўная электрастанцыя, акружаная кіламэтрамі радыяактыўнай глебы?

Адказ крыецца ў геаграфіі, гавораць экспэрты з ЗША: Чарнобыль разьмешчаны проста на шляху зь Беларусі ў Кіеў, і, такім чынам, праходзіць акурат па лініі атакі расейскіх войскаў, якія ўварваліся ва Ўкраіну.

Заходнія вайсковыя аналітыкі заявілі, што, захапіўшы Чарнобыль, Расея проста выкарыстоўвала самы хуткі маршрут уварваньня з тэрыторыі Беларусі, хаўрусьніцы Масквы і пляцдарму для расейскіх войскаў, у Кіеў.

«Гэта самы хуткі шлях з пункта А ў пункт Б», — сказаў Джэймс Эктан з аналітычнага цэнтру Фонду Карнегі.

Джэк Кін, былы начальнік штаба Арміі ЗША, сказаў, што Чарнобыль «ня мае ніякага ваеннага значэньня», але знаходзіцца на найкарацейшым шляху зь Беларусі ў Кіеў, які зьяўляецца мэтай расейскай стратэгіі «абезгалоўліваньня» ўкраінскага ўраду.

Кін назваў маршрут адной з чатырох «восяў», якія расейскія войскі выкарыстоўвалі для ўварваньня ва Ўкраіну, у тым ліку другі вэктар з Беларусі, прасоўваньне на поўдзень у Харкаў і прасоўваньне на поўнач з падкантрольнага Расеі Крыму ў Херсон.

Сумеснае наступленьне стала найбуйнейшай атакай на эўрапейскую дзяржаву з часоў Другой сусьветнай вайны.

Захоп Чарнобыля зьяўляўся часткай пляну, і высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік заявіў, што ў чацьвер гэты абʼект быў захоплены расейскімі войскамі, хаця высокапастаўлены прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША заявіў, што Пэнтагон пакуль ня можа пацьвердзіць гэтага.

Чацвёрты рэактар Чарнобыльскай АЭС узарваўся ў красавіку 1986 года падчас няўдалага тэсту, у выніку чаго радыяактыўныя аблокі пранесьліся па большай частцы Эўропы і дасягнулі ўсходу ЗША.

Актон лічыць, што Расея захапіла Чарнобыль не для таго, каб абараніць яго ад далейшай шкоды: паводле ягог, чатыры дзейныя ўкраінскія атамныя электрастанцыі нясуць большую рызыку, чым Чарнобыль, які знаходзіцца ў шырокай «зоне адчужэньня» памерам прыкладна з Люксембург.

«Відавочна, што аварыя ў Чарнобылі будзе вялікай праблемай. Але менавіта праз зону адчужэньня яна, верагодна, нямоцна паўплывае на ўкраінскае цывільнае насельніцтва», — сказаў Актон.

Актон заявіў, што іншыя ўкраінскія рэактары не знаходзяцца ў зонах адчужэньня і зьмяшчаюць ядзернае паліва, якое нашмат больш радыяактыўнае. «Рызыкі ў выпадку вядзеньня баёў побач зь імі значна вышэйшыя», — адзначыў экспэрт.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG