Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская пагроза Ўкраіне і рэакцыя сьвету. Што адбывалася 23 лютага

абноўлена

Падчас акцыі ў падтрымку Ўкраіны і супраць расейскай агрэсіі каля амбасады Расеі ў ФРГ. Бэрлін, 22 лютага 2022 году
Падчас акцыі ў падтрымку Ўкраіны і супраць расейскай агрэсіі каля амбасады Расеі ў ФРГ. Бэрлін, 22 лютага 2022 году

Расея прызнала незалежнасьць «ЛДНР» і заявіла прэтэнзіі на ўсю Данецкую і Луганскую вобласьці. Украіна разглядае разрыў дыпляматычных адносін з Масквой, Захад увёў супраць Расеі эканамічныя санкцыі. Падсумоўваем галоўныя падзеі 23 лютага.

Галоўнае на гэты момант

Як рэагуе Ўкраіна

Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны прапанавала Вярхоўнай Радзе падтрымаць ініцыятыву Зяленскага аб увядзеньні надзвычайнага становішча на тэрыторыі ўсёй краіны.

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны паведаміла аб дадатковых захадах бясьпекі на памежжы зь Беларусьсю і Расеяй.

Ўладзімір Зяленскі пасьля рашэньня Расеі ўвесьці войскі ў раёны Данбасу абвясьціў прызыў рэзэрвістаў Узброеных сілаў Украіны. Агулам прызавуць 36 тысяч чалавек ва ўзросьце ад 18 да 60 гадоў.

Таксама МЗС Украіны параіла ўкраінцам, якія жывуць у Расеі, выехаць з гэтай краіны.

Украіна пасьля максымальных аб’ёмаў закупак беларускай электраэнэргіі ў 2021-м і на пачатку 2022 году адключыла трансьмежавыя лініі электраперадачаў. Праўдападобна, гэта адбываецца ў межах рыхтаваньня аб’яднанай энэргетычнай сыстэмы Ўкраіны да адключэньня ад энэргетычных сыстэмаў Беларусі і Расеі і далучэньня да эўрапейскай сеткі ENTSO-E.

Што адбываецца на Данбасе і ля ўкраінскай мяжы

У горадзе Шчасьце ў Луганскай вобласьці (які знаходзіцца на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі) абстрэлам сэпаратыстаў пашкоджана Луганская ЦЭС. Што кажуць мясцовыя жыхары пра абстрэл гораду.

У штабе Аб’яднаных сілаў Украіны паведамілі, што 22 лютага зафіксавана 96 абстрэлаў, зь іх 81 зь цяжкога ўзбраеньня, забароненага менскімі пагадненьнямі, пра спыненьне якіх напярэдадні заявіў кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін. 1 украінскі вайсковец загінуў, 6 параненыя.

Тым часам спадарожнік выявіў больш за 100 вайсковых машын у Беларусі каля мяжы з Украінай. Паводле Maxar Technologies, акрамя разгорнутых транспартных сродкаў на аэрадроме «Вялікі Бокаў» каля Мазыра, на здымках відаць таксама дзясяткі вайсковых намётаў.

У Крамлі неаднаразова казалі пра «генацыд», які нібыта чыніць Кіеў на Данбасе, і пра неабходнасьць абараніць ад яго грамадзян Расеі ў Данецку і Луганску. Апавядаем, як расейская прапаганда фабрыкуе фэйкі пра «генацыд», каб апраўдаць увод рэгулярнага войска на часова акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны.

Як рэагуе сьвет

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў пра санкцыі супраць кампаніі, якая займаецца газаправодам «Паўночны паток – 2»

Прэзыдэнты Ўкраіны, Польшчы і Літвы Ўладзімір Зяленскі, Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа падпісалі супольную заяву ў сувязі з прызнаньнем Расеяй незалежнасьці акупаваных ёю асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен скасаваў сустрэчу зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым, бо, зь ягоных словаў, цяпер у ёй няма ніякага сэнсу, бо Расея працягвае эскаляцыю канфлікту.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн загадаў амэрыканскім войскам у Эўропе ўмацаваць абарону дзяржаваў, якія мяжуюць з Украінай, паведаміў Пэнтагон. Цягам тыдня дадатковыя сілы перакінуць у зону апэрацыяў Эўрапейскага камандаваньня ЗША ў краінах Балтыі, Польшчы і на паўднёва-ўсходні флянг NATO.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заявіў, што рашэньне Расеі прызнаць незалежнасьць асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей парушае тэрытарыяльную цэласьць і сувэрэнітэт Украіны і наўпрост супярэчыць Статуту ААН і яе Дэклярацыі аб дружалюбных адносінах.

Сьледам за ЗША, Вялікай Брытаніяй і Эўразьвязам, якія ўвялі абмежаваньні супраць Расеі пасьля прызнаньня Ўладзімірам Пуціным незалежнасьці так званых «ДНР» і «ЛНР», санкцыі анансавалі Канада, Японія ды Аўстралія. Канада таксама накіруе дадатковыя вайсковыя сілы для ўмацаваньня абароназдольнасьці NATO ў Эўропе.

Што яшчэ робіць Расея?

Ува ўсіх дыпляматычных прадстаўніцтвах Расеі ва Ўкраіне 23 лютага пачалася эвакуацыя пэрсаналу. Над амбасадай Расеі ў Кіеве ўжо спушчаны расейскі сьцяг.

А што Беларусь?

Беларуская «дачка» расейскага «Внешэкономбанка» (ВЭБ), банк БелВЭБ трапіў пад санкцыі ЗША, уведзеныя пасьля прызнаньня Расеяй самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР». Гэта ўжо шосты беларускі банк пад заходнімі санкцыямі.

Прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка заявіў, што Беларусь неўзабаве купіць вялікую колькасьць узбраеньня і вайсковай тэхнікі — гэта будзе «самае маштабнае і фінансава ёмістае» рашэньне за ўсю гісторыю дзяржавы.

Што яшчэ варта ведаць?

Падчас візыту ў Вільню амэрыканскія сэнатары выказаліся аб тым, ці можна зараз лічыць Беларусь незалежнай дзяржавай, а Лукашэнку — незалежным палітыкам.

Расейскі гісторык, доктар гістарычных навук, прафэсар Андрэй Зубаў у інтэрвію Свабодзе Premium заявіў, што Беларусь фактычна акупаваная расейскім войскам.

«Пэрспэктыва Беларусі такая: або акупацыя на доўгія гады (які дызайн новага саюзу прыдумаюць Лукашэнка і Пуцін, я ня ведаю, хутчэй за ўсё застанецца нешта накшталт „саюзнай дзяржавы“, у якую будуць спрабаваць уключыць акупаваныя раёны Ўкраіны), або Пуцін сарвецца ў вайну і прайграе, тады беларусам трэба рыхтавацца да «цяжкага выпрабаваньня свабодай».

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG