Пад амэрыканскія санкцыі ў сувязі з прызнаньнем Крамлём незалежнасьці груповак «ЛНР» і «ДНР» трапіў сярод іншых «Внешэкономбанк». Гэта расейскі банк, які мае свае даччыныя кампаніі ў Беларусі і Ўкраіне.
Беларуская «дачка» расейскага «Внешэкономбанка» (ВЭБ) банк БелВЭБ трапіў пад санкцыі ЗША, уведзеныя пасьля прызнаньня Расеяй самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР». Аб гэтым паведамляецца ў распаўсюджаным 22 лютага прэс-рэлізе Мінфіна ЗША.
Міністэрства фінансаў ЗША загадала амэрыканскім кампаніям і асобам завяршыць апэрацыі з расейскім банкам і яго даччынымі кампаніямі да 24 сакавіка 2022 году.
Як адрэгавалі ў самім банку
У банку БелВЭБ патлумачылі, як санкцыі адаб’юцца на кліентах банка і на ягонай працы. Пра гэта паведамляе прэс-служба банку.
«Банк працуе ў штатным рэжыме, аказвае ўвесь спэктар паслуг для фізычных і юрыдычных асобаў, у поўным аб’ёме выконвае абавязаньні перад кліентамі і партнэрамі. Усе апэрацыі ў абслугоўваньні фізычных асобаў праводзяцца ў рабочым парадку. Карты, эмітаваныя банкам, працуюць без абмежаваньняў на тэрыторыі Беларусі і замежных краін», — гаворыцца ў паведамленьні банку.
У прэс-службе ўдакладняюць, што «Внешэканомбанк» як акцыянэр «Банка БелВЭБ» будзе аказваць «дачцы» фінансавую падтрымку, каб мінімізаваць наступствы.
Таксама санкцыі ў дачыненьні да расейскіх банкаў і алігархаў абвесьціў прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан. Пад санкцыі трапяць 5 расейскіх банкаў: «Промсвязьбанк», «Россия», Індустрыяльны ашчадны банк, Black Sea Bank, Генбанк.
21 лютага Эўразьвяз пашырыў санкцыі на два беларускія банкі: «Банк разьвіцьця» і «Дабрабыт», а раней у гэты сьпіс трапілі «Белінвэстбанк», «Белаграпрамбанк» і «Беларусбанк».
Такім чынам, пад заходнімі санкцыямі ў Беларусі працуе ўжо 6 банкаў. Для гэтых банкаў закрываецца магчымасьць прыцягненьня пазык тэрмінам больш за 90 дзён, а таксама праводзіць апэрацыі з каштоўнымі паперамі з тэрмінам абарачэньня больш за 90 дзён.
Таксама Мінфін ЗША забараніў амэрыканскім грамадзянам і арганізацыям даваць новыя пазыкі Міністэрству фінансаў і Банку разьвіцьця Беларусі або купляць новыя аблігацыі абедзьвюх дзяржарганізацый тэрмінам больш за на 90 дзён. Гэтыя абмежаваньні распаўсюджваюцца на крэдыты і аблігацыі ў любой валюце.