Байдэн даручыў міністру абароны Лойду Остыну перакінуць сілы ў зону апэрацый Эўрапейскага камандаваньня ЗША ў краінах Балтыі, Польшчы і на паўднёва-ўсходні флянг NATO.
Сілы будуць перакінутыя цягам тыдня, паведамілі прадстаўнікі Міністэрства абароны.
Разгортваньню папярэднічалі новае ўварваньне Расеі ва ўсходнюю Ўкраіну і мабілізацыя расейскіх сілаў каля межаў Украіны.
Остын загадаў перакінуць з Італіі ў краіны Балтыі апэратыўную групу пяхотнага батальёна колькасьцю каля 800 вайскоўцаў.
Ён таксама ўхваліў перадысьлякацыю да васьмі самалётаў F-35 Lightning II зь Нямеччыны на апэратыўныя базы на ўсходнім флянгу NATO.
Дваццаць ударных верталётаў AH-64 Apache таксама будуць перакінутыя зь Нямеччыны ў краіны Балтыі, а 12 верталётаў Apache — з Грэцыі ў Польшчу.
«Гэты дадатковы асабовы склад перадысьлякуецца, каб дадаць упэўненасьці нашым саюзьнікам у NATO, стрымаць любую патэнцыйную агрэсію супраць краін – сяброў NATO і праводзіць сумесную падрыхтоўку зь сіламі краіны, якая прымае (гэты склад. — РС)», — гаворыцца ў пісьмовай заяве прадстаўнікоў міністэрства абароны, якую цытуе «Голас Амэрыкі».
Паводле афіцыйных асобаў, перадысьлякацыя носіць часовы характар.
«Голас Амэрыкі» адзначае, што гэта ня першыя захады, закліканыя супакоіць дзяржавы, разьмешчаныя на межах NATO.
ЗША перакінулі зь Нямеччыны ў Румынію тысячу салдат з эскадрону, абсталяванага бронемашынамі Stryker.
Пяхотная брыгада 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі будзе перакінута ў Польшчу з Форт-Брэга ў Паўночнай Караліне.
Роты, абсталяваныя бронемашынамі Stryker, разгорнуць у Вугоршчыне і Баўгарыі.
Акрамя таго, Остын загадаў прывесьці 8500 вайскоўцаў у стан павышанай гатоўнасьці на выпадак, калі NATO задзейнічае свае Сілы хуткага рэагаваньня.
Агулам у Эўропе знаходзяцца каля 90 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў.
Нямеччына можа адправіць дадатковыя войскі ў Літву і іншыя краіны на ўсходнім флянгу NATO, заявіла міністар абароны Нямеччыны Крыстынэ Ламбрэхт.
«Відавочна, што нам трэба ўжываць больш жорсткія меры стрымліваньня», — заявіла Ламбрэхт на сумеснай прэс-канферэнцыі зь яе літоўскім калегам на вайсковай базе Рукла ў Літве.
Нямецкія вайскоўцы складаюць каля паловы баявой групы NATO ў Літве, у якую ўваходзяць яшчэ вайскоўцы з Бэльгіі, Чэхіі, Люксэмбургу, Нідэрляндаў і Нарвэгіі.
Магчымыя падмацаваньні, на якія намякнула Ламбрэхт, стануць дадаткам да 360 нямецкіх вайскоўцаў, якія паступаюць у склад баявой групы. Тым часам Нарвэгія абвясьціла аб плянах павялічыць свой удзел на 50–60 вайскоўцаў.
Акрамя таго, Лёндан накіроўвае 800 вайскоўцаў у баявую групу NATO ў Эстоніі, у якой Вялікая Брытанія адыгрывае асноўную ролю.
Пасьля гэтых і іншых чаканых падмацаваньняў сілы NATO ў Літве, Латвіі і Эстоніі амаль падвояцца і перавысяць 6 тысяч чалавек у трох баявых групах у кожнай краіне.
У пачатку году колькасьць войскаў NATO ў гэтых трох краінах складала каля 3400 чалавек.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.