Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў 22 лютага ў сувязі з крызісам вакол Украіны і прызнаньнем Масквой незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР», што ЗША ўводзяць першы пакет новых санкцыяў супраць Расеі.
Прэзыдэнт ЗША сказаў, што санкцыі ўзгодненыя з саюзьнікамі і партнэрамі, і паабяцаў, што ў адказ на магчымую эскаляцыю з боку Расеі адбудзецца і эскаляцыя санкцыяў.
«Гэта пачатак расейскага ўварваньня ва Ўкраіну», — сказаў Байдэн аб прызнаньні Расеяй «ДНР» і «ЛНР».
«Сёньня, у адказ на расейскае прызнаньне, што Расея ня выведзе сваіх войскаў зь Беларусі, я распарадзіўся дадаткова перакінуць амэрыканскіх вайскоўцаў і абсталяваньне, ужо разьмешчаныя ў Эўропе, каб узмацніць нашых балтыйскіх хаўрусьнікаў — Эстонію, Латвію і Літву», — заявіў прэзыдэнт ЗША.
Ён дадаў, што расейскія войскі ў Беларусі, у тым ліку самалёты і ракетныя сыстэмы, могуць быць скарыстаныя для нападу на Ўкраіну з поўначы.
У першым пакеце санкцыяў ЗША наступныя крокі:
Санкцыі супраць сувэрэннага доўгу Расеі. Расея ня зможа атрымаць доступу да заходняга фінансаваньня.
Санкцыі супраць банкаў «Внешэкономбанк» і «Промсвязьбанк».
Пэрсанальныя санкцыі супраць прадстаўнікоў «расейскай эліты і іх сем'яў».
Байдэн заявіў, што ёсьць дамова зь Нямеччынай аб тым, што газаправод «Паўночны паток – 2» ня будзе ўведзены ў дзеяньне.
Прэзыдэнт ЗША задаў рытарычнае пытаньне: «Хто, у імя Госпада, даў Пуціну, на ягоную думку, права абвяшчаць новыя так званыя „краіны“ на тэрыторыі сваіх суседзяў? Гэта грубае парушэньне міжнароднага права і вымагае рашучага адказу ад міжнароднай супольнасьці».
Байдэн паабяцаў, што Злучаныя Штаты будуць працягваць вайсковую дапамогу Ўкраіне.