Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць падабенстваў і адно адрозьненьне канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў Беларусі і рэфэрэндуму 2014 году ў Крыме


Паміж цяперашнім рэфэрэндумам аб зьменах у Канстытуцыю Беларусі і рэфэрэндумам 2014 году, які стаў інструмэнтам анэксіі Крыму Расеяй, відаць шэраг падабенстваў. Вось пяць зь іх. А таксама адно цікавае адрозьненьне.

Падабенствы:

1. Прысутнасьць расейскіх войскаў

* Рэфэрэндум у Крыме ў сакавіку 2014 году адбываўся пасьля таго, як украінскую тэрыторыю паўвострава ўзялі пад кантроль расейскія войскі.

Расейскія вайскоўцы без апазнавальных знакаў у Крыме, 5 сакавіка 2014
Расейскія вайскоўцы без апазнавальных знакаў у Крыме, 5 сакавіка 2014

* У Беларусі сёлета зь 10 па 20 лютага адбываліся расейска-беларускія вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022». Аляксандар Лукашэнка і міністар замежных справаў Уладзімер Макей абяцалі, што ўсе расейскія войскі выйдуць зь Беларусі пасьля вучэньняў.

Аднак урэшце міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, падводзячы вынікі вучэньняў, заявіў, што «ў сувязі з нарастаньнем вайсковай актыўнасьці каля вонкавых межаў саюзнай дзяржавы і абвастрэньнем сытуацыі на Данбасе» Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка вырашылі працягнуць «праверку сілаў рэагаваньня саюзнай дзяржавы».

Расейскія вучэньні ў Беларусі, люты 2022
Расейскія вучэньні ў Беларусі, люты 2022

Пазьней начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусі генэрал-маёр Віктар Гулевіч на сустрэчы з вайсковымі аташэ заявіў, што падразьдзяленьні Ўзброеных сілаў Расеі вернуцца ў свае пункты пастаяннай дысьлякацыі толькі тады, калі ў гэтым «зьявіцца аб’ектыўная неабходнасьць».

А раніцай 24 лютага Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны паведаміла, што расейскія войскі атакавалі мяжу Ўкраіны з Расеяй і Беларусьсю.

2. Праблема з законнасьцю і легітымнасьцю

* Рэфэрэндум 2014 году ў Крыме пярэчыў украінскаму заканадаўству, якое прадпісвае вырашаць тэрытарыяльныя пытаньні толькі на ўсеўкраінскім рэфэрэндуме і не прадугледжвае рэгіянальных рэфэрэндумаў.

* Сёлетні рэфэрэндум у Беларусі быў абвешчаны Аляксандрам Лукашэнкам, які ўтрымаў уладу пасьля сфальшаваных выбараў 2020 году. Улады Беларусі задушылі гвалтам масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыяў, зьняволілі тысячы людзей, а краіны Захаду адмовіліся прызнаваць Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі.

3. Выбар з двух праблемных варыянтаў

І ў Крыме ў 2014 годзе, і ў Беларусі сёлета ў бюлетэнях прапанавалі два варыянты адказу, але абодва выглядаюць непрывабнымі для мноства выбарнікаў.

* У Крыме варыянты адказаў былі наступныя:

– «Вы за ўзьяднаньне Крыму з Расеяй на правах субʼекту Расейскай Фэдэрацыі?»

– «Вы за аднаўленьне дзеяньня Канстытуцыі Рэспублікі Крым 1992 году і за статус Крыму як часткі Ўкраіны?»

Варыянт захаваць дзеяньне тагачасных законаў Украіны нават не прапаноўвалі. Канстытуцыя 1992 году вызначала Крым як незалежную дзяржаву, якая ўваходзіць ва Ўкраіну «на падставе дамоваў і пагадненьняў». Украіна не прызнала гэтай Канстытуцыі і вакол яе ішлі спрэчкі да 1998 году, калі крымскія і цэнтральныя ўлады нарэшце дамовіліся пра кампрамісны варыянт. Новая рэдакцыя крымскай Канстытуцыі набыла моц на пачатку 1999 году.

* У Беларусі ў 2022 годзе на рэфэрэндум вынесьлі пытаньне «Ці прымаеце вы зьмяненьні і дапаўненьні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?»

Пры гэтым людзям прапануюць выбраць паміж цяперашняй Канстытуцыяй, якая была прынятая з парушэньнямі закону ў 1996 годзе, дае Лукашэнку амаль неабмежаваныя паўнамоцтвы і якую апазыцыя крытыкуе шмат гадоў, і новым варыянтам, які дае вялікія паўнамоцтвы «ўсебеларускаму народнаму сходу». Але дагэтуль няма закону, які б вызначаў, хто і як выбірае «ўсебеларускі народны сход».

Да таго ж, паводле новага праекту, «у мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць выбраны старшынём Усебеларускага народнага сходу». Гэта фактычны намёк на тое, што Лукашэнка будзе сумяшчаць новую пасаду з пасадай прэзыдэнта.

4. Аднабокая кампанія:

* Падчас рэфэрэндуму ў Крыме адбывалася амаль выключна прарасейская агітацыя: у Крыме паставілі шмат білбордаў, на якіх паўвостраву ў колерах сьцяга Расеі супрацьпастаўляўся крывава-чырвоны Крым за чорнымі кратамі і з чорнай свастыкай у цэнтры.

Крымскія ўлады актыўна заклікалі насельніцтва галасаваць за далучэньне да Расеі, сьцьвярджаючы, што далейшае знаходжаньне Крыму ў складзе Ўкраіны «пагражае крымчанам самым літаральным фізычным зьнішчэньнем». На тэрыторыі Крыму спынілі трансьляцыю ўсіх тэлевізійных каналаў Украіны (а таксама часткі кабэльных каналаў), замест іх трансьлявалі расейскія тэлеканалы.

Агітацыйны білборд перад рэфэрэндумам 2014 году ў Крыме
Агітацыйны білборд перад рэфэрэндумам 2014 году ў Крыме

* Падчас сёлетняга рэфэрэндуму ў Беларусі ў дзяржаўных мэдыя ідзе выключна агітацыя за новы праект Канстытуцыі. Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што заклікі апазыцыі да байкоту і да выкрэсьліваньня абодвух варыянтаў адказу ў бюлетэнях ёсьць «дэструктыўнай дзейнасьцю».

У студзені пракуратура санкцыянавала два месяцы арышту 68-гадовага Мікалая Віцікава зь Церухі Гомельскага раёну. Ён стаў падазраваным у крымінальнай справе аб «распальваньні варожасьці». Пэнсіянэр трапіў за краты пасьля таго, як аднёс у раённую газэту «Маяк» ліст з прапановамі аб зьменах у Канстытуцыю.

5. Адсутнасьць назіральнікаў АБСЭ

* Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) адмовілася пасылаць назіральнікаў на крымскі рэфэрэндум 2014 году ў сувязі з бракам запрашэньня ад уладаў Украіны. З краінаў Эўразьвязу на рэфэрэндум прыехалі прадстаўнікі крайне правых і крайне левых партыяў, якія падтрымлівалі палітыку кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна.

* У 2022 годзе ўлады Беларусі самі адмовіліся запрашаць назіральнікаў ад АБСЭ. Міністар замежных справаў Уладзімер Макей патлумачыў гэта тым, што прадстаўнікі АБСЭ ня выказалі ў гэтым зацікаўленасьці.

Ён дадаў, што «выніковыя даклады гэтых арганізацыяў аб выбарах і рэфэрэндумах пішуцца загадзя і максымальна палітызаваныя».

Адрозьненьне:

* На рэфэрэндуме 2014 году ў Крыме бюлетэні былі надрукаваныя на трох мовах – расейскай, украінскай і крымскататарскай.

Бюлетэнь на рэфэрэндуме ў Крыме ў сакавіку 2014 году
Бюлетэнь на рэфэрэндуме ў Крыме ў сакавіку 2014 году

* Бюлетэнь рэфэрэндуму-2022 у Беларусі надрукавалі выключна на расейскай мове.

Узор бюлетэня на рэфэрэндуме ў Беларусі ў лютым 2022 году
Узор бюлетэня на рэфэрэндуме ў Беларусі ў лютым 2022 году

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG