Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патэлефануе Шольц Лукашэнку?


Оляф Шольц і Аляксандар Лукашэнка, каляж
Оляф Шольц і Аляксандар Лукашэнка, каляж

Які вынік мелі перамовы нямецкага канцлера Шольца і прэзыдэнта Расеі Пуціна? Ці перасьцерагаюцца ў Нямеччыне пашырэньня расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі? Які адказ Нямеччыны на ўльтыматум Пуціна аб гарантыях бясьпекі для Расеі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае нямецкі палітоляг, сябра камітэту ў міжнародных справах Сацыял-дэмакратычнай партыі Бэрліну Аляксей Юсупаў.

Юсупаў

Аляксей Юсупаў
Аляксей Юсупаў
  • Ведаючы мэханізмы працы нямецкага ўраду, наўрад ці канцлер Шольц узяў абяцаньні прэзыдэнта Зяленскага зь неба. Размова ішла пра тры дакумэнты, якія прэзыдэнт Зяленскі прадставіць не як прапановы ў Вярхоўную Раду, а як эскізы для абмеркаваньня на наступных сустрэчах у нармандзкім фармаце.
  • З пункту гледжаньня Бэрліну нармандзкі фармат — гэта прыярытэт. Менавіта таму зварот Дзярждумы да Пуціна наконт прызнаньня незалежнасьці ДНР і ЛНР выклікае ў Бэрліне такую занепакоенасьць. Няма сэнсу падтрымліваць нармандзкі фармат у выпадку прызнаньня гэтых самаабвешчаных рэспублік.
  • Тое, што гэта зварот Думы і сустрэча Шольца з Пуціным, выклікала ў Бэрліне шмат пытаньняў. Заява Зяленскага ўнесьці эскізы трох законапраектаў — гэта невялікая сэнсацыя.
  • З Бэрліну бачна, што Крэмль падтрымлівае стан няпэўнасьці. Цікава, што ініцыятыва Дзярждумы аб прызнаньні ДНР і ЛНР супадае з абвяшчэньнем пра частковы адвод войскаў ад мяжы Ўкраіны.
  • У Нямеччыне гучаць усе ранейшыя аргумэнты, і меркаваньні, што сцэнары расейскага нападу застаюцца актуальнымі, і ацэнкі, што адбылося аслабленьне напружанасьці.
  • Хто выйграе ў гэтым крызісе? Да апошняга часу здавалася, што гэта не Расея. Але пасьля візыту Шольца ў Маскву ў гэтым ёсьць сумневы. Няпэўнасьць ідзе на карысьць Крамлю.
  • Незразумела, а што будзе далей? Што будзе, калі кожнай зімой сытуацыя будзе абвастрацца? Наколькі цяпер гэта новая нармальнасьць — частыя вучэньні з агрэсіўнымі сцэнарамі? Ці будзе вайна — гэта пытаньне да вайсковых аналітыкаў, а для палітычных аналітыкаў пытаньне — як доўга можна жыць у нявырашанай сытуацыі?
  • Эўропа застаецца ў падвешаным стане, а ў ім нельга будаваць доўгатэрміновыя пляны. Новая ўрадавая кааліцыя ў Нямеччыне зьбіралася ўводзіць бязьвізавы рэжым для маладых расейцаў. У цяперашнім стане гэтыя праекты адкладаюцца на будучыню.
  • Беларусь амаль цалкам зьнікла з палітычнай і мэдыйнай прасторы Нямеччыны. Яна дамінавала пэўны час, калі былі масавыя пратэсты. Але зараз, за кошт фокусу на Ўкраіну, экспэртная супольнасьць фактычна зьмірылася з тым, што Беларусь — гэта тэрыторыя, дзе Расея можа рабіць усё.
  • Дзякуючы цяперашняму крызісу, дзякуючы вучэньням Беларусь трапіла больш шчыльна ў арбіту Масквы. Эўропа і Бэрлін гэта праспалі.
  • Калі не адбудзецца новай «Ялты», новага фундамэнтальнага падзелу сфэраў уплыву, посьпех Крамля невідавочны. Але для Расеі вывад войскаў зь Беларусі можа стаць ходам у гульні, маўляў, хай ЗША вывядуць 5 тысячаў сваіх салдатаў з Польшчы, тады мы вывядзем частку войскаў зь Беларусі.
  • Кантакты вайскоўцаў ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны з калегамі з Усходу — з Расеі, з Беларусі — робяцца аварыйным каналам. Кантакт з Шайгу зараз разглядаецца, як роўназначны кантактам з Лаўровым і нават з Пуціным. Адбываецца пераход на «вайсковую дыпляматыю». Гэта прыкмета распаду палітычных сувязяў.
  • Доўгі час стаўленьне да санкцыяў адносна Расеі і Беларусі было ў Нямеччыне такое: нешта здарылася, давайце ўвядзем санкцыі, але такія, якія нямецкай эканоміцы ня надта шкодзяць. Але вось гэта мяняецца, сыходзіць эпоха, калі санкцыі былі пераважна сымбалічнымі. Зараз размова ідзе пра санкцыі, якія будуць балючымі і для нямецкай эканомікі.
  • У нямецкай зьнешняй палітыцы ёсьць прагматычнае разуменьне, што не паўсюль у сьвеце можна выбіраць легітымных міжнародных суразмоўцаў. Адносіны з Афганістанам талібаў, з М’янмай пасьля прыходу да ўлады хунты, з Паўночнай Карэяй складаныя. Але калі з гэтымі краінамі ў Нямеччыны ўзьнікаюць праблемы, нямецкія ўлады ўваходзяць у кантакт з уладамі гэтых краінаў.
  • Прыгадайце, якая была рэакцыя на тэлефанаваньне Мэркель Лукашэнку? Калі ў некага ў руках усе вагары ўлады, то для прадухіленьня катастрофаў з гэтымі асобамі заўсёды будзе канал размовы.
  • З Масквой будуць размаўляць пра Беларусь, але да Беларусі ніхто ня будзе ставіцца, як да Белгарадзкай вобласьці РФ.
  • Расея з аднаго боку давярае пісьмовым дакумэнтам, а зь іншага — лічыць, што да іх можна ставіцца ў адпаведнасьці з палітычнай мэтазгоднасьцю. Што зьяўляецца гарантыяй для Масквы? Слова нейкага палітыка? Дык яго ня выбяруць на наступных выбарах і якое значэньне будзе мець яго абяцаньне? Якая гарантыя для Расеі дастатковая?
  • Саміт NATO ў Бухарэсьце ў 2008 годзе абумовіў цяперашні крызіс. Нямеччына і Францыя тады наклалі вета на графік уступленьня Ўкраіны ў Альянс. Але яны ня здолелі памяняць пазыцыю NATO на больш нэўтральную.
  • Альянсу немагчыма не рэагаваць на запыты аб уступленьні ў яго. Шольц «падкалоў» Пуціна, сказаўшы, што яны абодва ўжо ня будуць ва ўладзе, калі Ўкраіна пачне рэальны працэс далучэньня да NATO.
  • Размовы аб уступленьні Турэччыны ў ЭЗ пачаліся ў 1963 годзе. Яна дагэтуль не ў ЭЗ. З гледзішча Шольца пэрспэктыва ўступленьня Ўкраіны ў NATO прыкладна такая ж.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG