Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наш прэзыдэнт — Плятон, Арыстотэль і Гегель сучаснасьці». Калі ў Менску зьявіцца бронзавая статуя Лукашэнкі?


Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Берасьцейскую вобласьць. 21 студзеня 2022 году
Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Берасьцейскую вобласьць. 21 студзеня 2022 году

Многіх уразіў экзальтаваны, узьнёслы, рабалепны панэгірык прапагандыста Азаронка ў адрас Лукашэнкі, паказаны на мінулым тыдні ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТВ.

Прапагандыст усклікнуў: «Ці вартыя беларусы такога лідэра, як ён?».

З гэтага патаснага пытаньня, як лічаць некаторыя, прапаганда перайшла да стварэньня культу асобы. Папраўдзе, гэты працэс атачэньне Лукашэнкі спрабавала распачынаць ужо неаднаразова. Але пакуль што зь пераменным посьпехам.

«Такі цуд, як у 94-м, даецца народу адзін раз. Дык давайце Богу „дзякуй“ скажам за гэты дараваны цуд. І будзем цаніць яго».

Гэтыя словы прамоўленыя не з царкоўнага амбону і не пра апостала ці сьвятога. Яны прагучалі з экрана дзяржаўнага тэлеканала пра даволі жывога і бадзёрага дзеяча, які прытым мае вельмі сумнеўную рэпутацыяю ў сьвеце.

Выпрабаваньне меднымі трубамі

Час ад часу падобнае здаралася і раней: Лукашэнку ягонае атачэньне ўжо ня раз штурхала ў той бок. Царадворцы, набліжаныя прыдворныя ўгоднікі, сапраўдныя ці ўяўныя апалягеты пэрыядычна закідвалі пробны шар: на прадмет правадырства, усхваленьня і ўзьвялічваньня. Можна прыгадаць некалькі такіх выпадкаў.

У канцы 2018 года прэзыдэнцкая газэта «СБ. Беларусь сегодня» распачынае прапагандысцкую акцыю «Чвэрць стагодзьдзя беларускай дзяржаўнасьці». У рэчаіснасьці 25 гадоў незалежнасьці споўнілася ў 2016-м, але тут была тонкая спроба дагадзіць Лукашэнку: перапісаць гісторыю, узяць за пункт адліку дату прыходу яго да ўлады. Прапагандысцкі рупар распачаў тады асьвятленьне ўсіх дасягненьняў і перамог Аляксандра Лукашэнкі, аднак агульнадзяржаўнай кампаніяй гэта ня стала. Яўны знак таго, што аб’ект услаўленьня згоды на гэта ня даў.

Яшчэ адзін адметны прыклад — агучаная 12 лютага 2021 года ініцыятыва прысвоіць Лукашэнку званьне Героя Беларусі «за выбітныя заслугі перад Айчынай, стварэньне незалежнай і сувэрэннай дзяржавы». Агучыў прапанову на леташнім «усебеларускім народным сходзе» мала каму вядомы начальнік ДОСААФ Мачанскі, але мала сумневу, што ў сапраўднасьці ішла яна ад зусім іншых людзей. «Вы другі раз не дапусьцілі, каб краіна пераступіла небясьпечную рысу. Дзякуй за тое, што выратавалі Беларусь», — заля адклікнулася на гэтыя словы бурнымі воплескамі. Аднак у выніковых дакумэнтах сходу просьба засталася без адказу. Гэта значыць, на закінуты кручок рыба зноў не ўзялася.

Цяпер мы яўна назіраем чарговую спробу. Атачэньне, якое навыперадкі спаборнічае адзін перад другім у вернападданасьці, зноў падае выразныя сыгналы: мы гатовы абагаўляць і біць паклоны. Толькі кіўніце!

«Такіх, як ён, у сьвеце адзінкі»

Здаецца, ніколі раней рыторыка прыўладнай прапаганды не была настолькі непрыкрыта лісьлівай і бессаромнай, па-за межамі прыстойнасьці. Куды там «дарагому Леаніду Ільічу». Якія камплімэнтарныя характарыстыкі дазваляў сабе ў ягоны адрас тагачасны савецкі друк? Ну «верны ленінец», «незгібальны барацьбіт за мір», «адданы салдат партыі»... Даволі сьціплы набор. А цяпер? Вось некалькі выпадковых цытат зь дзяржаўных СМІ за апошні тыдзень:

СТВ: «Ён для мяне паўстаў свайго роду Плятонам, Арыстотэлем і Гегелем сучаснасьці. Паглядзіце: усё, што ён гаварыў, было з пункту гледжаньня дыялектыкі. Традыцыі і інавацыі. Ён узьняўся над дэталямі, над гэтай мішурой усёй і, як настаўнік з вялікай літары, як філёзаф, як дзяржаўнік (а ў нас у гісторыі чалавецтва было мала дзяржаўных дзеячаў і філёзафаў адначасова) убачыў, адчуў тэндэнцыі ў грамадзтве, ён адчуў нас з вамі».

СТВ: «Такіх, як Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, у сьвеце адзінкі».

«СБ. Беларусь сегодня»: «Кіраўнік дзяржавы дакладна ведае і разумее, што хвалюе насельніцтва. Перад шматлікай аўдыторыяй ён чарговы раз паўстаў як моцны, граматны, харызматычны палітык сусьветнага ўзроўню».

«Мяне больш за ўсё ўсхвалявала пытаньне: што было б зь Беларусьсю, калі б Аляксандра Лукашэнкі не было ў жніўні 2020-га? Упэўнена, што нічога добрага не было б!»

«Менавіта прэзыдэнт захоўвае дзяржаву незалежнай, а то ўжо даўно мы б жылі пад дыктоўку чужых краін. А так мы выстаялі, таму што ён выстаяў. Ён зьяўляецца агульнапрызнаным лідэрам і дакладна ведае, што робіць».

Гісторыя сьведчыць: палітычныя лідэры ўпадаюць у маразм культу асобы не адразу, а паступова, з узростам — звычайна пасьля дзесяцігодзьдзя аднаасобнай улады, расьпешчаныя салодкімі хваласьпевамі чэлядзі, запэўніваньнямі ў сваёй геніяльнасьці і выключнасьці.

Здаецца, яшчэ нядаўна чалавек цьвяроза і самакрытычна ацэньваў сябе, часам нават іранізаваў з уласных заслуг, жартаваў з гэтай нагоды з падначаленымі. Але ідуць гады. Усё меней уяўленьня пра рэальнае жыцьцё, якое ня надта і разгледзіш з-за браняванага шкла лімузына, з-за мармуровых сьценаў палацаў. А тут усе наўкол гадамі называюць цябе «геніяльным палітыкам» і пераконваюць, што безь цябе краіна адразу прападзе, загіне. І вось ужо трохі зьдзяцінелы дзядок і праўда верыць ва ўласную богаабранасьць, геніяльнасьць і незаменнасьць.

У Сталіна, як сьцьвярджаюць гісторыкі, такая мэтамарфоза здарылася неўзабаве пасьля 50-гадовага юбілею, прыблізна з 1929 году.

З «дарагім Леанідам Ільічом» такое адбылося значна пазьней. Тут варта мець на ўвазе, што ён сам быў сьведкам і ўдзельнікам разьвянчаньня «культу асобы» і вынасу цела Сталіна з маўзалея. Тая прышчэпка ад «важдзізму» дзейнічала даволі доўга. Але з узростам і ў яго настаў момант, калі перастаў стрымліваць націск шматлікіх падхалімаў і царадворцаў. З Брэжневым гэта здарылася прыблізна з канца 1976 года, зь ягонага 70-годзьдзя. За тыя некалькі гадоў таварыш Брэжнеў атрымаў тры зь пяці залатых зорак Героя Савецкага Саюза, залатую шаблю, тры залатыя зоркі Героя ГДР, па дзьве залатыя зоркі Героя Баўгарыі і Чэхаславаччыны. Ня кажучы пра сотні іншых узнагарод — у тым ліку пагоны маршала Савецкага Саюза і ваеначальніцкі ордэн Перамогі, якім ён ня мог быць узнагароджаны паводле статуту. І дадайце да гэтага прыжыцьцёвы бронзавы помнік на радзіме, у Днепрадзяржынску, які таксама паўстаў у 1976 годзе.

...і бурныя, працяглыя аплядысмэнты

Лукашэнка, безумоўна, памятае брэжнеўскі «зарапад» канца 70-х, як і тое, як пасьмейваўся народ зь дзіцячай слабасьці генсака, што вылівалася ў анэкдоты, крыўдныя мянушкі і зьдзеклівыя прыпеўкі.... Ці не таму найвышэйшага дазволу на прысваеньне сабе званьня Героя Беларусі так і ня даў? Як пакуль не дазваляў падначаленым і ўрачыстыя сьвяткаваньні ўласных юбілеяў.

Аднак гэтая ягоная сьціпласьць — фрагмэнтарная, выбарачная. Атрыбуты таталітарызму ўсё роўна лезуць з усіх шчылін. Залатых зорак ён сабе не навешаў, а вось ад генэральскага мундзіра і маршальскіх пагонаў адмовіцца ня здолеў. Як і ад абавязковых уласных партрэтаў ва ўсіх дзяржаўных установах. Як і ад палаца ў стылі ўсходняга султана. Як і ад шматлікіх рэзыдэнцый для адпачынку ў розных канцах Беларусі і Расеі. І многага іншага, што мае мала агульнага са стылем сучаснага эўрапейскага палітыка.

Зусім магчыма, што мы становімся сьведкамі таго, як Лукашэнка ўрэшце не ўстаіць перад масавымі «патрабаваньнямі працоўных». Усё больш прыкметаў таго, што стаўленьне да сябе як да паўбога яго не раздражняе, што яно яму падабаецца. Нястрымныя і ўжо зусім ня сьціплыя хваласьпевы ў дзяржаўных СМІ нарастаюць, і такое ўражаньне, што ўжо ня маюць ранейшых абмежавальнікаў. За крыўдныя пасты ў сацсетках з высьмейваньнем Лукашэнкі людзі атрымліваюць рэальныя турэмныя тэрміны (чаго ніколі раней не было). А згадайце, зь якім раздражненьнем падчас апошняга пасланьня Лукашэнка ўспрыняў эпізод, калі пасьля аднаго зь ягоных «дасьціпных» выказваньняў у адрас прадпрымальнікаў воплескі залі аказаліся недастаткова бурнымі. І сабраным у зале давялося паўтарыць аплядысмэнты — яны адразу ж сталі «бурнымі і працяглымі». Авацыяў, праўда, пакуль няма. Але гэта, трэба думаць, справа часу.

Не зьдзіўлюся, калі ў блізкай будучыні дойдзе і да прыжыцьцёвага помніка. Асабліва блізкі прапагандзе гераічна-мілітарны вобраз Лукашэнкі — у бронекамізэльцы і з аўтаматам Калашнікава ў руках — памятаеце, калі ён у жніўні 2020-га прыляцеў на верталёце да свайго палаца і натхняў «сілавікоў» на абарону ад бяззбройных дэманстрантаў (якія, праўду кажучы, нічога штурмаваць не зьбіраліся). Гэты вобраз цяпер тыражуецца прапагандай паўсюль і яўна падабаецца самому Лукашэнку: ён ужо на працягу амаль двух гадоў пры любой нагодзе вяртаецца да таго ўспаміну — у сваіх шматлікіх інтэрвію і публічных выступах. І гэта будзе выглядаць вельмі эфэктна: бронзавая статуя ўзброенага беларускага прэзыдэнта, падобнага на пажылога банкаўскага інкасатара, які стомлена крочыць ад свайго прэзыдэнцкага палаца. Нядобразычліўцы, праўда, сьмяюцца, што аўтамат, які трымаў Лукашэнка, быў без «ражка» (г. зн. без магазына з патронамі). Але нашчадкам можна патлумачыць: усе патроны былі расстраляныя ў барацьбе з ворагамі. Хто там будзе разьбірацца!

Бронзавы Лукашэнка ў сёньняшнім Менску выглядаў бы зусім арганічна. Ну а калі справа рана ці позна дойдзе да краху дэспатыі, такі атрыбут дыктатуры і ўвогуле незаменны. Як сьведчыць гісторыя, найбольш эфэктныя фота- і відэакадры ў такія пераломныя моманты — гэта якраз тыя эпізоды, калі разьлічаныя на стагодзьдзі помнікі дыктатараў зрынаюць з п’едэсталаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG