Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Украіна рыхтуецца да вайны. Меркаваньне ўкраінскага палітоляга


Якія меры прымае Ўкраіна дзеля адбіцьця магчымага нападу Расеі? Ці разглядаюць ва Ўкраіне ваенную пагрозу з боку Беларусі як істотную? Ці наблізіць вайна ўступленьне Ўкраіны ў NATO?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае ўкраінскі палітоляг, кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» Ўладзімір Фясенка.

Фясенка

Уладзімір Фясенка
Уладзімір Фясенка

Наколькі высока ва Ўкраіне ацэньваюць імавернасьць расейскага нападу ў бліжэйшыя месяцы?

  • Рызыкі новай ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны дастаткова высокія. Гэта самая рызыкоўная сытуацыя з 2014 году. Ёсьць рызыкі вайсковых апэрацыяў ня толькі на Данбасе.
  • Расейскае кіраўніцтва пачало вельмі жорсткую гульню ў шантаж і ўльтыматумы адносна Захаду. Ад Захаду патрабуюць гарантыяў, што Ўкраіна і Грузія ніколі ня будуць прынятыя ў NATO, патрабуюць нават спыніць вучэньні ва Ўкраіне.
  • ЗША і NATO адказалі адмоўна, і ўзьнікае небясьпека, што Расея ад пагрозаў можа перайсьці да рэальных ваенных дзеяньняў.
  • На мой погляд, размова пакуль не ідзе аб поўнамаштабнай вайне, размова ідзе пра лякальныя апэрацыі нібыта дзеля абароны расейскамоўнага насельніцтва. Расейцы могуць зладзіць правакацыю і абвінаваціць нас, што мы абстрэльвалі расейскіх вайскоўцаў.
  • Расейцы могуць правесьці апэрацыю на Азоўскім моры, могуць паспрабаваць захапіць паўднёвыя вобласьці Ўкраіны, могуць быць лякальныя ваенныя ўдары.
  • Гэта не перадвызначана, але рызыка высокая.

Якую ролю можа адыгрываць Беларусь, беларуская тэрыторыя ў такім гіпатэтычным нападзе? Вучэньні, на якія ўжо прыбываюць расейскія войскі, — ці могуць яны перарасьці ў напад?

  • Ціск на Ўкраіну можа ажыцьцяўляцца ў розных месцах, ня толькі на ўсходняй мяжы, але і на паўночнай. Прычым у розных формах. Летась рабіліся інфармацыйныя атакі пра магчымасьць патоку мігрантаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
  • Цяперашнія беларуска-расейскія вучэньні могуць быць выкарыстаныя і як сродак шантажу, і як пралёг нападу.
  • Беларуская тэма выкарыстоўваецца і ў торгу з Захадам. Расея асьцерагаецца разьмяшчэньня ўдарных узбраеньняў у Польшчы і Румыніі. У адказ Расея можа разьмясьціць ракеты, а магчыма — і тактычную ядзерную зброю, у Крыме і Беларусі.

Якія захады робіць Украіна дзеля адбіцьця магчымага нападу? (Мабілізацыя, перадысьлякацыя сілаў, закуп узбраеньняў...)

  • Цяпер ня трэба сеяць паніку, трэба, каб вайскоўцы былі ў поўнай баявой гатоўнасьці. Пэўныя захады дзеля падвышэньня боегатоўнасьці робяцца.
  • Я лічу, што правільна, што няма мабілізацыі. Першая сусьветная вайна пачалася з гонкі мабілізацыяў. Мабілізацыя, як і канцэнтрацыя вайсковых сілаў на Данбасе, дасьць магчымасьць Расеі казаць, што Ўкраіна рыхтуецца да наступу на Данбас. І гэта можа стаць нагодай для большай канцэнтрацыі расейскіх войскаў на нашай мяжы.
  • Калі будзе напад — будзе ваенны адказ, ня будзе паўтарэньня 2014 году ў Крыме. Украінскае войска цяпер мацнейшае, чым у 2014 годзе.
  • Я праціўнік прэвэнтыўных вайсковых гульняў, гэта будзе падарункам Пуціну. Расейскіх вайсковых рэсурсаў на мяжы пакуль недастаткова для паўнавартаснага ўварваньня.

Якая сытуацыя на лініі судакрананьня з сэпаратысцкімі тэрыторыямі? Пастрэльвалі там увесь час. Інтэнсіўнасьць перастрэлак, боесутыкненьняў павялічылася?

  • Сытуацыя, кажучы вайсковай мовай, штатная. Гэта канфлікт нізкай інтэнсіўнасьці, гэта вайна снайпэраў, ад іх у асноўным і страты.
  • З сакавіка 2015 году былі абвастрэньні, былі спробы перамір’яў. Але ніякіх прынцыповых зьменаў не адбылося.
  • Абвастрэньня канфлікту на Данбасе няма.

Наколькі імавернае фарсаванае ўступленьне Ўкраіны ў NATO? Генсек NATO Столтэнбэрг заявіў, што Фінляндыю можна было б прыняць хоць заўтра, бо яна адпавядае крытэрам. Турэччына, калі ўступала ў альянс у 1952 годзе, мякка кажучы, ня ўсім дэмакратычным стандартам адпавядала.

  • Заявы ж былі ня з боку Фінляндыі і Швэцыі. Гэта была пікіроўка з Расеяй.
  • Расея кажа — а мы разьмесьцім нашыя ракеты ў Вэнэсуэле і на Кубе. Гэтая гульня нагадвае Карыбскі крызіс. Цяпер мы бачым пародыю на той крызіс.
  • Справа насамрэч не адно ва Ўкраіне. Расея робіць заяўку на ролю галоўнага стратэгічнага апанэнта ЗША. ЗША засяродзіліся на Кітаі. А Масква кажа — не, мы вашыя галоўныя апанэнты. Таму трэба правесьці лініі ўплыву.
  • Няма блізкай пэрспэктывы ўступленьня Ўкраіны ў NATO. Шэраг эўрапейскіх краінаў не дадуць на гэта згоды.
  • Калі Расея нападзе на Ўкраіну, калі наступствам гэтага стане зьяўленьне новай «жалезнай заслоны», то тады — хто ведае. Але пакуль гэта чыста тэарэтычны варыянт.
  • Але Расею непакоіць ня толькі і ня столькі пэрспэктыва ўступленьня Ўкраіны ў NATO (няблізкая), а прасоўваньне інфраструктуры альянсу на ўсход. Пуцін раздражнёны тым, што за апошнія гады рэзка ўзмацнілася ўзаемадзеяньне паміж Украінай і NATO, з пэўнымі краінамі альянсу. Рэальная, фактычная інтэграцыя Ўкраіны ў NATO адбываецца.
  • З Захадам Масква таргуецца, каб зьменшыць заходнюю вайсковую прысутнасьць ва Ўкраіне. Тады Расея павінна ўзяць на сябе ўзаемныя абавязаньні, скараціць манэўры ў Беларусі і на мяжы з Украінай.
  • Нямеччына ня хоча ўступаць у канфлікт з Расеяй. Калі Вялікая Брытанія паставіла Ўкраіне вайсковую дапамогу і брытанскія самалёты былі вымушаныя аблятаць Нямеччыну, Нямеччына не дала дазволу на пралёт з вайсковымі пастаўкамі.

Наколькі ўстойлівая ўнутрыпалітычная сытуацыя? Лідэр адной уплывовай апазыцыйнай сілы (Віктар Медзьвядчук) — пад хатнім арыштам, лідэр іншай — экс-прэзыдэнт Пятро Парашэнка — мае шанцы пад хатні арышт трапіць. У выпадку нападу гэтыя чыньнікі неяк паўплываюць на здольнасьць Украіны супрацьстаяць уварваньню?

  • У выпадку прамога расейскага ўварваньня мы ўбачым і «пятую калёну».
  • Паводле апытаньняў, у нас каля 10% настроеныя прапуцінска. А на ўсходзе гэты адсотак яшчэ вышэйшы. Яны будуць вітаць акупацыю. Нехта будзе чакаць.
  • Канфлікт паміж камандамі Зяленскага і Парашэнкі — гэта частка нашай палітыкі, нават палітычнай культуры. Але калі пачнецца вайна, прыхільнікі Зяленскага і Парашэнкі будуць абараняць сваю краіну разам.
  • Прыхільнікі Медзьведчука будуць, хутчэй за ўсё, на баку Расеі.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG