Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Камэнданты для крэпасьці ў аблозе». Як пасьля жніўня 2020-га зьмянілася кіраўніцтва абласьцей і раёнаў


Архіўнае фота. Аляксандар Барсукоў, Юры Караеў і Валер Вакульчык падчас прызначэньня памочнікамі па Менску, Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях адпаведна. 29 кастрычніка 2020 году
Архіўнае фота. Аляксандар Барсукоў, Юры Караеў і Валер Вакульчык падчас прызначэньня памочнікамі па Менску, Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях адпаведна. 29 кастрычніка 2020 году

Са жніўня 2020 году па сьнежань 2021-га былі прызначаныя новыя кіраўнікі Горадзенскага, Берасьцейскага, Гомельскага, Віцебскага і Магілёўскага аблвыканкамаў. Пакуль на сваёй пасадзе застаецца кіраўнік Менскай вобласьці Аляксандар Турчын. Кіраўнікі зьмяніліся ў 5 з 6 аблвыканкамаў.

За гэты пэрыяд зьмяніліся кіраўнікі 29 са 118 раёнаў Беларусі.

На некаторыя пасады замест цывільных чыноўнікаў прыйшлі былыя сілавікі. Так, міністар унутраных спраў Юры Караеў стаў памочнікам прэзыдэнта па Горадзенскай вобласьці. Старшыня КДБ, затым сакратар Савету бясьпекі Валер Вакульчык адправіўся ў Берасьце на пасаду памочніка прэзыдэнта. Намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Барсукоў стаў памочнікам прэзыдэнта па Менскай вобласьці.

«Вы ўтрох накіроўваецеся ня тое каб на асабліва небясьпечныя ўчасткі, але на вельмі адказныя ўчасткі нашай краіны. Чаму вы? Таму што вы людзі вайсковыя, дасьведчаныя, вас ня трэба ўводзіць у курс справы і вучыць», — патлумачыў Лукашэнка.

Хто яшчэ зь сілавых структураў перайшоў на цывільную кіраўнічую працу

  • Кіраўнік упраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Раман Мельнік стаў галавой адміністрацыі Ленінскага раёну Менску
  • Сяргей Ермаліцкі стаў старшынём Гомельскага райвыканкаму. Раней працаваў ва ўпраўленьні Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Гомельскай вобласьці
  • Івейскі раён узначаліў Ігар Генец. Раней ён быў намесьнікам начальніка УУС Горадзенскага аблвыканкаму
  • Чэрыкаўскі райвыканкам узначаліў Алег Малышэўскі. Раней працаваў у сыстэме МУС
  • Браслаўскі райвыканкам узначаліў Вячаслаў Грышчанка. Раней працаваў у УУС Віцебскага аблвыканкаму
  • Мядзельскі райвыканкам узначаліў Аляксандар Прановіч. З 2007 па 2018 год ён узначальваў аддзел МНС у Пухавічах.

6 сьнежня 2021 году на чарговай кадравай нарадзе Лукашэнка зьвярнуў увагу, што ў апошніх прызначэньнях можна заўважыць «новы штрых» — прызначэньне па пасады кіраўнікоў людзей у пагонах. «Мы абсалютна не адкідаем людзей вайсковых у вэртыкалі ўлады. Галоўнае — каб быў добры кіраўнік», — заўважыў Лукашэнка.

Кіраўнікі выканкамаў зьмяніліся ў 7 раёнах Гомельскай вобласьці, 6 раёнах Берасьцейскай вобласьці, 4 — Менскай, 2 — Горадзенскай, 7 — Магілёўскай і 3 — Віцебскай.

Часта на зьмену «старым» кіраўнікам выканкамаў прыходзяць «новыя» — з суседняга раёну. Напрыклад, з Лоеўскага раёну пераводзяць у Акцябрскі, з Горацкага — у Шклоўскі, начальнік з Чэрыкава едзе кіраваць у Касьцюковічы.

«Лукашэнку цяпер на ключавыя пасады патрэбныя ня добрыя мэнэджары, а камэнданты для крэпасьці ў аблозе»

Палітоляг Валер Карбалевіч нагадаў, што «кадравы ператрус» адбыўся пасьля выбараў практычна ва ўсіх сілавых структурах, былі замененыя большасьць кіраўнікоў аблвыканкамаў, зьмяніліся многія кіраўнікі ВНУ, розных устаноў.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

«Сэнс гэтых пераменаў заключаецца ў тым, што палітычны рэжым у Беларусі робіцца больш жорсткім. Цяпер ён больш арыентаваны на самазахаваньне, утрыманьне ўлады. Прынцып, па якім адбываюцца кадравыя зьмены, такі, што Лукашэнку цяпер не патрэбныя добрыя мэнэджары на ключавых пасадах — патрэбныя камэнданты для крэпасьці ў аблозе, функцыі якіх — абарона ад унутраных і вонкавых ворагаў.

На ключавыя пасады цяпер вылучаюцца людзі, якія не хістаюцца, адданыя Лукашэнку і гатовыя выканаць любы ягоны загад. Таму на першы плян выходзяць прадстаўнікі сілавых структураў. Менавіта яны мусяць выконваць гэтыя функцыі, яны — галоўная апора Лукашэнкі, іх удзельная вага ва ўладзе расьце», — кажа палітоляг.

Ён зьвяртае ўвагу, што прадстаўнікі сілавых органаў займаюць ключавыя пасады нават там, дзе ім ня месца. Напрыклад, намесьнік кіраўніка Акадэміі навук — былы супрацоўнік КДБ.

Наконт такога перамяшчэньня, як з крэсла старшыні райвыканкаму ў Кобрыні — у аналягічнае крэсла ў Жабінцы, палітоляг заўважыў, што гэта — старая практыка Лукашэнкі.

«Раней ён гэта часта рабіў, каб не было карупцыі, каб чыноўнікі на месцах не абрасталі сувязямі. Цяпер можа дадацца такі чыньнік, што чыноўнік з другога раёну лягчэй будзе рабіць „чысткі“ неляяльных, чым той, хто працаваў там даўно і меў пэўныя сувязі», — лічыць Валер Карбалевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG