Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, у чым падазраюць лідэраў «Вясны», якія за кратамі ўжо паўгода


Лідэры Праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч, Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч
Лідэры Праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч, Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч

14 сьнежня — роўна паўгода як старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, яго намесьнік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Ўладзімер Лабковіч знаходзяцца за кратамі за сваю праваабарончую дзейнасьць, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Справа Вясны». Што вядома цяпер?

Асноўная прэтэнзія дзяржавы да праваабаронцаў — тое, што яны не зарэгістравалі Праваабарончы цэнтар «Вясна». З гэтага ўлады зрабілі выснову, што «вясноўцы» ўхіліліся ад прызнаньня арганізацыі падатковым агентам і ад сплаты падаткаў за пэрыяд з 2013 па 2020 год агулам на суму ня менш за 113 428 рублёў, што «прычыніла шкоду дзяржаве ў буйным памеры».

Беларускія ўлады скасавалі рэгістрацыю «Вясны» яшчэ ў 2003 годзе, а летась скасавалі рэгістрацыю яшчэ соцень няўрадавых арганізацый.

На якой стадыі цяпер знаходзіцца сьледзтва па справе, ці вядуцца сьледчыя дзеяньні — невядома, бо адвакаты праваабаронцаў — пад падпіскамі аб неразгалошваньні, таму распавесьці нічога ня могуць нават родным зьняволеных. «Вясноўцы» пра справу ў лістах таксама ня пішуць, бо інакш іх не прапусьціць цэнзар.

Крымінальную справу супраць «вясноўцаў» вядзе сьледчы па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўленьня па расьсьледаваньні злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі цэнтральнага апарату СК, маёр юстыцыі Антон Каляга.

Менскія офісы «Вясны» на вуліцы Мяржынскага і праспэкце Незалежнасьці дасюль апячатаныя.

Праблемы са здароўем і рэдкія лісты Бяляцкага

Жонка Алеся Бяляцкага найбольш хвалюецца за здароўе мужа. Паводле яе, за кратамі ў Бяляцкага абвастрыліся хранічныя хваробы, акрамя гэтага ён захварэў, меркавана, на ангіну (сам ён напісаў у лісьце, што «прастыў, але ня моцна»). Як адзначае жонка палітвязьня, да суда на спатканьне з Алесем яна нават не спадзяецца, таму меркаваць пра тое, як ён выглядае і адчувае сябе, ня можа.

Па словах жонкі і калегаў старшыні «Вясны», лісты ад яго прыходзяць рэдка. Жонка Алеся спрабуе ўбачыць у ягоных лістах тое, пра што ён ня піша словамі. Так яна адзначыла, што цягам гэтых месяцаў зьмяніўся яго почырк, і тлумачыць гэта тым, што ў яго сапсаваўся зрок.

Па словах родных Алеся, пра навагоднія сьвяты ён нічога не пісаў: «Калі ад яго не прыходзяць віншаваньні, то гэта насьцярожвае». Але ў пераднавагоднім лісьце Алесь напісаў пра свой Дзень народзінаў у верасьні, калі яму споўніцца 60 год, і правёў паралель зь мінулым юбілеем:

«У вакне, гляджу, рэдкія і вялікія сьняжынкі сыплюцца, заўтра — Божае нараджэньне, а там — Новы год. Сумны ён будзе ў расстаньні, але — нічога. Пасьля зімы будзе вясна і стане весялей: засьпяваюць птушкі, засьвеціць сонейка. Наступны год для мяне — юбілейны. Ізноў, мабыць, будзе, як з 50-годзьдзем» (Бяляцкі сустрэў сваё 50-годзьдзе ў 2012 годзе ў бабруйскай калёніі).

Стэфановіч аднаўляецца пасьля хваробы і сумуе па сям’і

Пасьля затрыманьня Валянціна Стэфановіча ягоная жонка Аліна зь дзецьмі зьехала ў Грузію, дзе жывуць ужо паўгода. Жонка палітвязьня кажа, што адразу не будавала ілюзій, што сытуацыя з арыштам мужа хутка вырашыцца і ён апынецца на волі. Яна перакананая, што затрыманьне мужа — помста дзяржавы за дапамогу людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій.

Паводле яе, настрой у Валянціна цяпер нармальны, наколькі гэта магчыма ў зьняволеньні: ён не губляе аптымізму і добрага настрою. У сьнежні Стэфановіч захварэў на пнэўманію і правёў у санчастцы каля трох тыдняў. Цяпер яго перавялі ў камэру, у якой ён быў да хваробы. Праваабаронца ачуняў і цяпер на здароўе ня скардзіцца.

Валянціна з турмы чакаюць 16-гадовы сын Адам, 11-гадовая дачка Яна і Марта, якой толькі чатыры гады. Дзеці дасылаюць бацьку свае малюнкі, а ён, у сваю чаргу, дасылае ім свае.

«Але гэта ўсё цяжка. Старэйшая дачка, калі бачыць малюнак бацькі, пачынае плакаць. На яе накатвае, калі бачыць вестачку ад яго. А меншая дачка плача зь ёй за кампанію. Яна ня ведае, дзе тата. Думае, што ён у камандзіроўцы. Тым ня менш, абедзьве сумуюць па тату», — кажа Аліна.

Аліна кажа, што сям’я ўпершыню сустракала Новы год бяз бацькі, і калі яны зь дзецьмі напісалі «сьпіс з 12 рэчаў, ад якіх мы хочам пазбавіцца ў наступным годзе», старэйшая дачка першым пунктам напісала «Лукашэнка».

Валянцін Стэфановіч пра Новы год у турме распавёў:

«У 22:00 быў адбой і разеткі адключылі, так што навагоднія праграмы і віншаваньні ад Рыгорыча мы не глядзелі. Затое ў адчыненае вакно лі грукат навагодніх фаервэркаў і пэтардаў, якія пачаліся ў 23:34! Вельмі ўжо нам радасна было. (...) Усе тут вераць у лепшае, нават тыя, каму сьвецяць вялікія тэрміны».

Уладзімер Лабковіч мае праблемы зь ліставаньнем, у яго пагоршылася здароўе

Як распавядае маці Ўладзімера Лабковіча Людміла, ліставаньне з сынам сапсавалася апошнім часам: яму перадаюць толькі некаторыя лісты ад сям’і, не аддалі нават навагоднія віншаваньні, пра што «вясновец» сам напісаў у лістах.

За паўгода зьняволеньня ў яго значна пагоршылася здароўе. Уладзімер скардзіцца на частыя галаўныя болі, пагаршэньне зроку і на бяссоньне.

Уладзімера дома чакае дачка і двое хлопцаў-блізьнят, якім па 8 гадоў. Праваабаронца ў лістах да калегаў вельмі хвалюецца, што яны растуць безь яго і ён ня можа прыняць удзел у іх выхаваньні. У кожным лісьце ён піша дзецям, як любіць іх, а таксама дае парады, як паводзіць сябе — асабліва хлопцам. Дзецям таксама вельмі не хапае бацькі, безь яго на Новы год «сьвята ніхто не адчуў».

Уладзімер Лабковіч пра Новы год за кратамі напісаў, што «Новы год тут не адзначаюць. Мы павячэралі і леглі спаць да 22:00. Гэта і добра. Кожны ляжаў і сумаваў пра сваё».

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG