Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За мяне не турбуйся». Што са зьняволенымі вясноўцамі Алесем Бяляцкім, Уладзем Лабковічам і Валянцінам Стэфановічам


Уладзімер Лабковіч, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч

Амаль 4 месяцы, як у офісах праваабарончай арганізацыі «Вясна» адначасова прайшлі ператрусы, а ў кватэрах затрымалі кіраўнікоў праваабарончай арганізацыі Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і юрыста Ўладзя Лабковіча. Што цяпер з затрыманымі, у чым іх вінавацяць, ці вядуцца сьледчыя дзеяньні?

«Быў ліст, што засумнявалася, ці ягоны почырк»

Старшыню праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага ўжо больш як тры з паловай месяцы трымаюць у СІЗА на Валадарскага. Жонка Бяляцкага Натальля найбольш непакоіцца за здароўе мужа. Натальля згадала, як Алесь падчас першага арышту ў 2011 годзе ў лістах зь вязьніцы пра здароўе паведамляў толькі адно: «З гэтым усё нармальна». Цяпер, паводле Натальлі, «усё паўтараецца ў тых жа словах», але, як мяркуе жанчына, у яе больш падстаў хвалявацца.

«Усё нібыта зноў нармальна. Але насамрэч прычыны, каб турбавацца, я маю сур’ёзныя. У пачатку лета мы зь ім амаль адначасова захварэлі на каранавірус, дарэчы, неўзабаве пасьля таго, як прышчапіліся «Спутникам». Алесь толькі паправіўся, як 14 ліпеня яго арыштавалі. І ягоны выхад з хваробы ды магчымыя наступствы прыпалі якраз на самыя цяжкія першыя дні ў вязьніцы. Таму і непакоюся, каб не адбілася на здароўі», – кажа Натальля.

Паводле Натальлі, яна дагэтуль адчувае слабасьць і таму перажывае за мужа ўдвая. Жонка вядомага праваабаронца думае, што ў яго за час знаходжаньня ў вязьніцы пагоршыўся зрок.

«Быў ліст ад Алеся, які я не адразу пазнала, хто яго напісаў. Прыглядзелася – усё ж Алесь, але почырк яўна крыху іншы. Гэта, пэўна, наступства пагаршэньня зроку. Хоць кніжкі і прэсу ён чытае, дакладна ведаю. Нават са мной, якая на волі, нядаўна падзяліўся сумнай навіной пра сьмерць рэдактара «Краязнаўчай газеты» Ўладзімера Пучынскага. Аказваецца, Алесь яго з 16 гадоў ведаў», – расказала Натальля.

Паводле Натальлі, яна рэгулярна перадае Алесю перадачы, а вось зь ліставаньнем часам узьнікаюць праблемы.

«Алесь добра ведае, чаго нельга пісаць у лістах, але ўсё роўна частка ягоных лістоў не даходзіць. Пэўна гэта ведаю, бо ён лісты нумаруе, і некаторых нумароў не хапае. А патлумачыць, чаму гэта адбываецца, няма каму. Спатканьняў у нас не было. Ведаючы дасудовыя парадкі, я нават з заявай да сьледчага не зьвярталася, усё роўна да суду не дазволіць. А калі будзе суд, нічога ня кажуць. Нават адвакат сказаў, што ня ведае», – расказала Натальля.

Абвінавацілі ў нясплаце падаткаў

У 2011 годзе Алесь Бяляцкі ўжо быў асуджаны на 4,5 года зьняволеньня за нясплату падаткаў. Беларускія праваабаронцы тады супольна вырашылі, што іхны калега быў асуджаны з палітычных прычын, за праваабарончую дзейнасьць. У чым праваабаронцу Бяляцкага вінавацяць гэтым разам?

Пасьля арышту ў ліпені паведамлялася, што Алеся Бяляцкага зноў падазраюць у нясплаце падаткаў. Потым стала вядома, што падазрэньні ператварыліся ў абвінавачаньне. Што да абвінавачаньняў паводле іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу, жонка праваабаронца пра іх нічога ня ведае.

«Адвакат нават гэтага не гаворыць. Але пасьля двух месяцаў пад вартай у судзе разглядалася скарга на тое, што не зьмянілі меру стрыманьня, і на інфармацыйнай дошцы было пазначана абвінавачаньне – 243-ы артыкул, пра падаткі. Гэтым і кіруюся, а больш нічога ня ведаю. Алесь таксама нічога ня піша пра допыты ці якія сьледчыя дзеяньні, тым больш пра артыкулы. Гэта, ведаю, нельга», – сказала Натальля.

Паводле Натальлі, у лістах дадому Алесь часта дзеліцца ўспамінамі, у тым ліку прыгадвае часы, калі працаваў дырэктарам літаратурнага музэя Максіма Багдановіча.

Агулам настрой мужа ў вязьніцы Натальля вызначае як дзелавы.

«У яго ўсё па паліцах: гэта трэба перадаць, на такія газэты падпісаць, на такія працягваць падпіску ня варта і гэтак далей. Відаць, што не разгубіўся. А што складана, дык разумее, што цяпер усім складана», – апавядае пра мужа-палітвязьня Натальля.

«Цяпер перачытвае Ўладзімера Караткевіча»

Разам з Алесем Бяляцкім і Валянцінам Стэфановічам у «Валадарцы» чацьвёрты месяц трымаюць юрыста «Вясны» Ўладзя Лабковіча. Яго таксама вінавацяць у нясплаце падаткаў, пра іншыя абвінавачаньні сваякам невядома. Маці Ўладзя вельмі перажывае за сына, лічыць яго ні ў чым не вінаватым.

«Адчуваю, што яму там цяжка. Ён вельмі добры сын, вельмі добры муж і бацька, і я разумею, як яму складана безь сям’і, бязь дзетак», – кажа Людміла Ўладзімераўна пра сына.

Уладзь Лабковіч і ягоная жонка Ніна маюць сыноў-блізьнят, якім па 8 гадоў, і старэйшую дачку. Маці Ўладзя ўспамінае 16 кастрычніка, калі ўнукі адзначалі дзень народзінаў, але побач не было таты і сямейнае сьвята істотна адрозьнівалася ад ранейшых. Але, як адзначае маці палітвязьня, сын працягвае выхаваньне дзяцей, толькі цяпер дыстанцыйна.

«Уладзь выдатна прыдумляе казкі. Да арышту ён расказваў малодшым казкі ўголас, а цяпер дасылае іх у лістах. Прыдумляе новыя прыгоды для Карлсана альбо для парасяці Пэпы. Дзеці ў захапленьні, яны слухаюць гэтыя казкі з турэмных лістоў таты, быццам ён побач», – кажа Людміла Ўладзімераўна.

Маці, жонка і дзеці Ўладзя Лабковіча
Маці, жонка і дзеці Ўладзя Лабковіча

Жанчына наракае на нерэгулярнасьць ліставаньня з сынам. Паводле яе зьвестак, ня ўсе ейныя лісты перадаюць Ўладзю, а таксама яму зусім мала лістоў даходзіць ад сяброў і незнаёмых людзей, хаця і тыя яму пішуць, наколькі ёй вядома.

«Уладзь просіць, каб пісалі яму больш, не забываліся пра яго. Перакананая, што яго не забываюць, проста ня ўсе лісты яму перадаюць. Перадаю ад яго просьбу пісаць яму паболей», – кажа маці Ўладзя Лабковіча.

Пра здароўе сына Людміла Ўладзімераўна ведае, што яму ў вязьніцы зрабілі ўжо другую прышчэпку ад каранавірусу і пасьля прышчэпак ён адчувае сябе нармальна, дрэнных наступстваў не было. «Але ў яго значна садзіцца зрок. Спрабуем перадаць яму мацнейшыя акуляры», – расказала спадарыня Людміла.

Паводле жанчыны, пра бытавыя ўмовы, у якіх знаходзіцца сын, яна амаль нічога ня ведае, бо інфармаваць пра гэта забаронена. Ёй вядома толькі тое, што з камэры, дзе Ўладзь спачатку сядзеў, яго чамусьці пераводзілі ў іншую камэру, але потым вярнулі ў былую. Пра скаргі сына на ўмовы ўтрыманьня ёй нічога не вядома. Зьвестак аб сьледчых дзеяньнях з удзелам сына Людміла Ўладзімераўна таксама ня мае.

Сытуацыю з харчаваньнем сына ў «Валадарцы» Людміла Ўладзімераўна лічыць «дастаткова прымальнай».

«Харчовыя перадачы на «Валадарцы» прымаюць, і мы з жонкай Уладзя па чарзе рэгулярна яму нешта перадаём: садавіну, печыва; іншае, што патрэбна. Але бываюць і абмежаваньні. Плянавала на дзень народзінаў перадаць торт, але сказалі, што ня прымуць, давялося абмежавацца печывам. Яшчэ піцу, якую сама выпякаю, не прынялі. Па-рознаму бывае», – зазначае Людміла Ўладзімераўна.

Паводле маці Лабковіча, ён шмат часу бавіць за кнігамі, якія атрымлівае ў турэмнай бібліятцы. «Перачытвае Ўладзімера Караткевіча», – кажа маці праваабаронцы.

«За мяне не турбуйся»

На трэці месяц ад затрыманьня, 14 кастрычніка, праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў у «Валадарцы» дзень народзінаў. Намесьніку старшыні «Вясны» споўнілася 49 гадоў.

Валянціна Стэфановіча, як Алеся Бяляцкага і Ўладзя Лабковіча, спачатку трымалі ў ізалятары на Акрэсьціна праз падазрэньні паводле 342-га артыкулу (арганізацыя масавых беспарадкаў). Гэты артыкул у абвінавачаньні праваабаронцы застаўся, але да яго далучылі і абвінавачаньне ў нясплаце падаткаў ды перавялі на «Валадарку». У якіх умовах чацьвёрты месяц знаходзіцца Валянцін Стэфановіч, што ён піша на волю ў лістах?

«Пра бытавыя ўмовы піша, што асабліва ня скардзіцца, галоўнае, што ў камэры цёпла. Наракае, што мала сьвятла, і таму не выключае, што па выхадзе на волю давядзецца карыстацца акулярамі. Пакуль, наколькі можна, абмяжоўвае сябе ў чытаньні. У камэры ёсьць тэлевізар, зь якога можна, як ён кажа, здагадацца, што насамрэч адбываецца ў краіне, хоць мы ведаем, якія афіцыйныя навіны. А асноўныя крыніцы – гэта сукамэрнікі. Перадае, што шмат даведаўся ад іх новага і цікавага, нават не выключае, што калісьці напіша кнігу ўспамінаў. У лістах часта піша філязофскія рэчы і, безумоўна, сумуе, піша асабістае, прыгадвае моманты, якія яго падтрымліваюць. Але заўсёды супакойвае мяне ды піша, каб за яго не турбавалася», – расказала жонка Валянціна Стэфановіча Аліна.

Раней Аліна наракала на тое, што лісты ад мужа прыходзілі нерэгулярна, недзе губляліся. За першыя два месяцы зьняволеньня атрымала толькі два лісты, але потым сытуацыя выправілася.

Паводле Аліны Стэфановіч, лепш стала пасьля таго, як аб праблемах зь ліставаньнем яна расказала ў літоўскім Сэйме на паседжаньні, прысьвечаным сытуацыі з палітвязьнямі ў Беларусі. Пасьля гэтага ад Валянціна сталі даходзіць лісты ня толькі ёй, але і бацькам, сястры ды сябрам, зазначае Аліна. Але затрымкі ўсё роўна здараюцца. Апошні ліст ад мужа быў датаваны 27 кастрычніка, а да яе прыйшоў ужо ў лістападзе. «Вельмі хачу, каб перапынкі былі карацейшымі», – марыць жонка зьняволенага праваабаронцы.

Сямёра вясноўцаў цяпер знаходзяцца ў зьняволеньні. Гэта старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, ягоны намесьнік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзь Лабковіч, каардынатарка валянтэраў Марфа Рабкова, актывісты з Гомлі Леанід Судаленка і Тацяна Ласіца ды валянтэр Андрэй Чапюк. Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала зьняволеных вясноўцаў палітвязьнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG