Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прэзумпцыя невінаватасьці з далейшай рэабілітацыяй». Ініцыятывы дапамогі палітвязьням пра тое, як варта надаваць гэты статус зьняволеным


Цяпер у Беларусі праваабарончы цэнтар «Вясна» афіцыйна прызнаў палітзьняволенымі 833 асобы. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням, сярод якіх Politzek.me, Dissident.by і «Вызваленьне 2020», ня згодныя з гэтай лічбай.

Прадстаўнікі ініцыятываў — Іна Кавалёнак, Вячаслаў Касінераў, Марына Адамовіч — 26 кастрычніка на онлайн-брыфінгу пад назвай «Яшчэ 200+ палітвязьняў: чаму іх не прызнаюць? Ініцыятывы прапануюць зьмяніць падыход» расказалі, чаму афіцыйная колькасьць палітвязьняў адрозьніваецца ад рэальнай, пра спосабы падтрымкі зьняволеных без такога статусу, а таксама пра заяву, якая накіраваная на зьмену падыходу да прызнаньня палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі.

«Больш за 1000 — столькі людзей сёньня ў зьняволеньні з прычыны сваёй грамадзянскай пазыцыі»

Па словах Іны Кавалёнак (Politzek.me), на сёньня лічба палітзьняволеных, імёны якіх ведае ініцыятыва, складае 1022 чалавекі (на старонцы Dissident.by — 1025. — РС).

«Але яна будзе ўвесь час мяняцца», — сказала Кавалёнак і заклікала ў інфармацыйным публічным полі выкарыстоўваць поўную колькасьць людзей, якія знаходзяцца за кратамі з палітычных матываў.

Марына Адамовіч ад імя сваёй ініцыятывы «Вызваленьне 2020», якая аб’ядноўвае сваякоў палітычных зьняволеных, сказала, што яны пагадзіліся не дзяліць палітзьняволеных на «прызнаных» і «непрызнаных».

«Мы ўпэўненыя, што кожны з гэтых людзей пацярпеў за сваю грамадзянскую пазыцыю», — сказала Адамовіч. — «Для нас важна, каб усе яны карысталіся падтрымкай грамадзтва. Гэта было вельмі важна для іх сваякоў і для саміх людзей, якія апынуліся за кратамі. Многія зь іх больш за год трымаюць сваю пазыцыю і ня здраджваюць сваім перакананьням. Я заклікаю ўсіх, хто нас слухае альбо чытае: калі ласка, падтрымайце людзей, якія пацярпелі за нашу і вашу свабоду, падтрымайце іх блізкіх».

Як, паводле сьпікераў, трэба надаваць статус палітвязьня і чаму ён важны

Прадстаўнікі ініцыятываў падкрэсьлілі, што крытэрыі прызнаньня палітвязьнямі павінны быць дапасаваныя да сёньняшніх умоваў.

«У момант, калі доступу да справядлівага правасудзьдзя цяпер няма, калі гвалт адбываецца на сыстэмным узроўні, мы прапануем прымяняць прынцып прэзумпцыі невінаватасьці ў дачыненьні да прызнаньня палітвязьнем», — сказала Іна Кавалёнак.

Яна адзначыла, што размова ідзе толькі пра бягучую сытуацыю, і ініцыятыва не зьбіраецца распрацоўваць крытэрыі, якія будуць дзейнічаць пастаянна.

«Мы хочам сфакусавацца на тым, што адбываецца цяпер, таму што гэта дасьць людзям доступ да публічнай падтрымкі», — сказала прадстаўніца Politzek.me.

Вячаслаў Касінераў (Dissident.by) падкрэсьліў, што статус палітвязьня ў зьняволенага дапамагае людзям знайсьці яго ў СМІ, на праваабарончых сайтах. А дзякуючы гэтаму, у сваю чаргу, лягчэй пісаць лісты, якія вельмі падтрымліваюць тых, хто за кратамі.

«І нават калі ліст да чалавека ня дойдзе, то дойдзе да адміністрацыі турэмнай установы, і тады будзе зразумела, што за зьняволеным стаіць нейкая сіла і пільная ўвага, і прымяняць катавальныя практыкі не атрымаецца, а калі атрымаецца, то ў абмежаваных маштабах», — сказаў Касінераў. — Таксама зьмяняецца стаўленьне сукамэрнікаў, якія зь вялікай павагай глядзяць, калі табе прыходзіць вялізны пачак лістоў ад незнаёмых людзей, асабліва лісты з-за мяжы. Такім чынам можна памяняць лёс палітвязьня і яго псыхалягічнае здароўе«.

Касінераў падкрэсьліў, што статус палітвязьня дае чалавеку, які ўпершыню сутыкаецца з рэпрэсіямі, разуменьне, што ў выпадку непрадбачаных абставін, якія, напрыклад, могуць здарыцца зь ягонымі сваякамі, ён не застанецца адзін:

«Ёсьць цэлая сусьветная супольнасьць, якая будзе за яго змагацца і спрабаваць аблягчыць яго жыцьцё і стварыць умовы, каб ён не згубіўся за сьценкамі, дзе адзіная мэта — зламаць чалавека і пазбавіць яго палітычных поглядаў, палітычнай волі і волі як такой».

Марына Адамовіч, у сваю чаргу, адзначыла, што людзі, якія прызнаныя палітзьняволенымі, у выпадку зьмены палітычнай сытуацыі будуць вызваленыя ў першую чаргу любой уладай, якая будзе ў Беларусі.

«А адсутнасьць людзей у гэтым сьпісе адсоўвае магчымасьць іх вызваленьня на нявызначаны час», — сказала Адамовіч.

Таксама падчас канфэрэнцыі ўздымалі пытаньне пра важнасьць рэабілітацыі палітзьняволеных пасьля іх вызваленьня.

«Кіруемся прынцыпам: крытыкуеш — прапануй»

Пры гэтым прадстаўнікі ініцыятыў падкрэсьлілі, што яны не супрацьстаяць арганізацыям, якія непасрэдна займаюцца працэсам прызнаньня арыштаваных людзей палітзьняволенымі.

«Мы кіруемся прынцыпам: крытыкуеш — прапануй. Мы прапануем свой варыянт вырашэньня пытаньня і свой падыход. Мы адкрытыя да любых варыянтаў супрацоўніцтва», — сказаў Вячаслаў Касінераў.

Што раней казалі праваабаронцы?

Адносна крытэраў наданьня статусу палітвязьня Свабода раней зьвярталася з пытаньнем да праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча, які цяпер сам за кратамі.

Тады наконт выпадку Паліны Шарэнды-Панасюк — актывісткі, якую вінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў, у тым ліку 364 КК (пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі), і доўга не прызнавалі палітзьняволенай (потым прызналі), — Стэфановіч сказаў наступнае:

«Ва ўсіх справах, якія датычаць гвалту, мы чакаем суду. Ёсьць адно выключэньне — самаабарона. Але гэта можна ацаніць толькі ў судзе. У тым ліку на падставе аналізу паказаньняў абвінавачанага і пацярпелых (...) У нас ёсьць свае падыходы і прынцыпы. У тым ліку яны замацаваныя ў крытэрах прызнаньня палітвязьнямі, якімі мы і кіруемся».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG