Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы нязручныя для ўлады». Інтэрвію з праваабаронцамі Драздоўскім і Граблеўскім, якія зьехалі зь Беларусі. ВІДЭА


Алег Граблеўскі і Сяргей Драздоўскі
Алег Граблеўскі і Сяргей Драздоўскі

Больш за два тыдні праваабаронцы Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі з Офісу правоў людзей з інваліднасьцю знаходзяцца ў Нямеччыне. Яны расказалі Свабодзе пра хатні арышт, Валадарку і выезд зь Беларусі. Гэта першае інтэрвію Алега Граблеўскага на волі.

Супрацоўнікаў Офіса па правах людзей з інваліднасьцю — дырэктара Сяргея Драздоўскага і юрыста Алега Граблеўскага — затрымалі 3 лютага 2021 года. Іх абвінавацілі ў махлярстве. Сяргея пасадзілі пад хатні арышт бяз права камунікацыі (у яго першая група інваліднасьці, і ён перасоўваецца на інвалідным вазку), а Алега зьмясьцілі ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Іх прызналі палітвязьнямі.

31 ліпеня 2021 года пасьля паўгадавога зьняволеньня абодвум зьмянілі меру стрыманьня — іх вызвалілі пад асабістае даручальніцтва.

У кастрычніку 2021 года на АНТ выйшаў сюжэт. У ім распавядалі, што нібыта былы старэйшы дарадца па правах чалавека Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Амэр Фішар выкарыстаў грошы, якія выдаткавалі на падтрымку людзей з інваліднасьцю і ахвяраў хатняга гвалту, для фінансаваньня пратэстаў. Менавіта па гэтай справе, паводле АНТ, затрымалі Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага.

Іх абвінавацілі ў махлярстве, учыненым арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209).

Дырэктар Офіса правоў людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі
Дырэктар Офіса правоў людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі

Паводле вэрсіі ведамства, атрыманыя імі сродкі з ААН выдаткоўваліся на адвакатаў для абароны 23 грамадзян, «якія не зьяўляюцца ні асобамі з абмежаванымі магчымасьцямі, ні ахвярамі хатняга гвалту».

У схеме нібыта бралі ўдзел дырэктар Офісу ў правах людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі і юрыст арганізацыі Алег Граблеўскі. Раней міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей западозрыў Прадстаўніцтва ААН у «нямэтавым выкарыстаньні фінансавых сродкаў, якія прызначаліся для аказаньня юрыдычнай дапамогі асобам з інваліднасьцю або ахвярам хатняга гвалту».

«Да нас прыйшлі з ператрусам і сказалі: „Вы іх бароніце. Яны ходзяць па вуліцах, адчуваючы, што яны абароненыя“. На пытаньне, чаму нельга забясьпечваць права на канстытуцыйную дапамогу ў ДФР адказалі: „Так, гэта канстытуцыйна, але супярэчыць інтарэсам дзяржавы“», — кажа Алег Граблеўскі.

Юрыст Офіса правоў людзей з інваліднасьцю Алег Граблеўскі
Юрыст Офіса правоў людзей з інваліднасьцю Алег Граблеўскі

Пра хатні арышт

«Хатні арышт для мяне — гэта крах усіх плянаў, — кажа Сяргей Драздоўскі. — Абрынулася ўся праца арганізацыі, акрамя адной галіны. Алег Граблеўскі апынуўся ў турме. Наша калега была вымушаная зьехаць з краіны. Вядома, я займаў сябе, але хатні арышт — гэта не адпачынак, калі хтосьці так думае».

Самым складаным падчас хатняга арышту для Сяргея Драздоўскага была забарона на камунікацыю.

«Які б я ні быў інтравэрт, але зносіны з людзьмі — гэта тое, што робіць нас людзьмі, — кажа ён. — Забарона на камунікацыю — гэта нешта падобнае да адзіночнага зьняволеньня. Ва ўсім сьвеце гэта ўспрымаецца як дадатковая мера катаваньня. Я мусіў быць сваім турэмшчыкам, што жахліва».

Сяргей Драздоўскі
Сяргей Драздоўскі

Дырэктар Офіса правоў людзей з інваліднасьцю — чалавек з асаблівымі патрэбамі, таму яму была патрэбна дапамога падчас хатняга арышту.

«У мяне няма сацыяльнага работніка. Беларуская сыстэма не прадугледжвае яго. Таму я атрымаў дазвол сьледчага, каб сям'я мяне наведвала, дапамагала мне. І я павінен быў сачыць за тым, каб не сказаў нічога лішняга, што магло б нашкодзіць», — кажа Драздоўскі.

Мужчыне дазвалялі хадзіць на шпацыр штодня з 11 да 12 гадзін у межах 200 мэтраў ад свайго пакоя — у двор інтэрнату. На ўваходзе ў будынак стаялі камэры назіраньня.

Сяргей Драздоўскі
Сяргей Драздоўскі

Пра Валадарку

Алега Граблеўскага зьмясьцілі ў СІЗА-1 у Менску.

«На допыце ў ДФР сьледчы сказаў: «Нам трэба было проста да вас зайсьці пад любой акалічнасьцю», — кажа Граблеўскі.

Праваабаронца сядзеў у адной камэры з блогерам Шэрым катом, Пятром Слуцкім з «Прэс-клюбу», Сяргеем Пацукевічам, які цяпер адбывае свой тэрмін, блогерам Ліннікам (яго прывезьлі моцна зьбітым ў камэру, па словах Граблеўскага).

«Цяжка сказаць, што гэта было нешта незвычайнае, бо я ўжо 20 гадоў у прафэсіі, зьвязанай з правамі чалавека, — кажа Алег Граблеўскі. — І тое, што адбывалася са мною, хутчэй было дасьледаваньнем. Я змог на ўласныя вочы пабачыць тое, пра што мне расказвалі кліенты. Для мяне гэта быў цікавы, карысны досьвед. Не самы карысны з пункту гледжаньня сытуацыі, але з прафэсійнага пункту гледжаньня — так».

«Гэтая прэмія была ня нам, а беларускім праваабаронцам»

У лістападзе 2021-га праваабаронцаў Граблеўскага і Драздоўскага ўганаравалі Front Line Defenders.

«Front Line Defenders — арганізацыя, зь якой мы ўжо доўгія гады супрацоўнічаем. Калі мы апынуліся пад арыштам, нашыя калегі зьвярнуліся ў Front Line Defenders і прапанавалі нашыя кандыдатуры. Я не лічу сябе ці майго калегу Алега Граблеўскага самымі годнымі. Цяпер у турме сядзяць людзі, якія не менш, а магчыма, і больш прысьвяцілі свайго жыцьця праваабарончай дзейнасьці. І гэтая прэмія была хутчэй ня нам, а беларускім праваабаронцам. Мы аказаліся дэлегатамі на гэтай прэміі», — кажа Сяргей Драздоўскі.

Цяпер праваабаронцы ў Нямеччыне атрымліваюць палітычны прытулак і жывуць у цэнтры для ўцекачоў. Спачатку яны выехалі зь Беларусі ва Ўкраіну, а там зьвярнуліся ў нямецкую амбасаду.

«Выезд у краіны ў нашым выпадку — гэта вельмі вялікі стрэс. Штодня калі я прачынаюся, мне патрэбная сэкунда, каб сказаць сабе, дзе я знаходжуся, што я ня дома, а ў іншай краіне, каб зразумець, што ты ня можаш паразмаўляць з маці, сястрой. Зносіны са мной могуць успрымацца ўладамі, быццам яны дапамагаюць мне як злачынцу. Сям'я ўспрымаецца як саўдзельнікі злачынцы ў Беларусі. Аднак у эміграцыі мы не спыняемся і працягваем праваабарончую дзейнасьць», — кажа Сяргей Драздоўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG