Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад госьпісаў да абаронцаў балотаў. Гэтыя арганізацыі дапамагалі людзям, але ўлады іх ліквідуюць


Зьліквідаваны горадзенскі дзіцячы госьпіс. Архіўнае фота

Агулам у Беларусі ўлады ліквідавалі пад 300 грамадзкіх арганізацый розных напрамкаў.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году беларускія ўлады пачалі наступ на грамадзкі сэктар, ліквідаваныя каля 300 недзяржаўных арганізацый. Многія зь іх працавалі ў тых галінах, дзе ўлада не давала рады, і толькі ад гэтых арганізацый людзі маглі атрымаць дапамогу. Вось некаторыя зь іх.

Госьпісы

Улады Беларусі сьпярша ліквідавалі дзіцячы госьпіс у Горадні. Ягоная кіраўніца Вольга Вялічка была вымушаная зьехаць ад палітычнага перасьледу ў Польшчу. Госьпіс існаваў на ахвяраваньні людзей, аднак яшчэ да ліквідацыі ўлады ня раз накіроўвалі ў госьпіс праверкі.

На кіраўніцу госьпісу Вольгу Вялічку завялі адразу дзьве крымінальныя справы, але нейкі час госьпіс яшчэ існаваў. Чым улады зьбіраюцца замяніць дапамогу цяжка хворым дзецям — незразумела.

Цяпер віцебскія ўлады вырашылі ліквідаваць мясцовы госьпіс. 12 студзеня гэтае пытаньне пачаў разглядаць Віцебскі абласны суд. Госьпіс існуе з 2000 году, яго заснавалі лекары Сяргей і Тацяна Ларык, якія самі страцілі дзіця.

Офіс па правах людзей з інваліднасьцю

Арганізацыя займалася прававой ды іншай дапамогай людзям з інваліднасьцю. Яе ліквідаваў Мін’юст у ліпені 2021 году.

Яшчэ 3 лютага затрымалі двух супрацоўнікаў Офіса па правах людзей з інваліднасьцю — дырэктара Сяргея Драздоўскага і юрыста Алега Граблеўскага. Іх абвінавацілі ў махлярстве. Сяргея пасадзілі пад хатні арышт бяз права камунікацыі (у яго першая група інваліднасьці, і ён перасоўваецца на інвалідным вазку), а Алега зьмясьцілі ў СІЗА № 1 на Валадарскага.

У сьнежні 2021 году Сяргею Драздоўскаму ўдалося пакінуць Беларусь, цяпер ён у Нямеччыне, офіс працягвае працаваць з-за мяжы. Пакінуў Беларусь і Алег Граблеўскі

Мэдыяплятформа «Имена»

Мэдыяплятформа «Имена» — унікальны для Беларусі праект, які зьбіраў дапамогу для розных катэгорый грамадзян. Праз мэдыяплятформу аказвалася дапамога патранажнай службе рэгіёнаў «Чырвонага крыжа», пошукава-ратавальнаму атраду «Анёл», дапамога бяздомным, дзецям-сіротам ды іншым ініцыятывам і праектам. За час дзейнасьці мэдыяпраекту было сабрана каля 3 мільёнаў даляраў дапамогі.

Пасьля таго як Менгарвыканкам пастанавіў ліквідаваць «Имена», яны ня могуць нікому дапамагаць. Іх стваральнікі спрабуюць дамагчыся адмены рашэньня праз суд, але пакуль безвынікова. Многія праекты, якім дапамагалі «Имена», часткова ці цалкам засталіся безь фінансаваньня, дзяржава нічым не змагла замяніць гэтую дапамогу.

Установы дадатковай адукацыі

Пад пагром грамадзкіх арганізацый у Беларусі трапілі некалькі асяродкаў, якія займаліся дадатковай адукацыяй, у тым ліку для дарослых.

Сярод іх Установа дадатковай адукацыі дарослых «Адукацыя Фэст», Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асьветы, Цэнтар разьвіцьця правайдэраў дадатковай адукацыі.

Усе іх Мінʼюст ліквідаваў у ліпені 2021 году.

Экалягічныя арганізацыі

Рэпрэсіі закранулі амаль усе экалягічныя аб’яднаньні ў Беларусі.

«Багна» — арганізацыя, якая займалася аховай водна-балотных угодзьдзяў, біяразнастайнасьці і прыродных экасыстэм, ліквідаваная ў лістападзе 2021 году.

«Экадом» — адна з найстарэйшых экалягічных арганізацый у Беларусі, створана ў 1996 годзе. Арганізацыя займалася абаронай правоў у галіне экалёгіі, адукацыйнымі праектамі, праводзіла антыядзерную кампанію. Ліквідаваў яе суд у жніўні 2021 году.

У ліпені 2021 году ўлады пачалі працэс ліквідацыі «Цэнтру экалягічных рашэньняў», які займаўся адукацыяй і асьветай у галіне экалёгіі, тэмамі разьдзельнага збору сьмецьця, настойвалі на абмежаваньні выкарыстаньня плястыкавага посуду.

Агулам улады Беларусі ліквідавалі каля 300 недзяржаўных арганізацый. Большасьць сфэр, дзе тыя працавалі, цяпер не занятая нікім, а людзі, якім яны дапамагалі, засталіся без падтрымкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG