Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск рассварыўся з эколягамі ў ААН. Чым пагражае выхад з Орхускай канвэнцыі і што гэта такое


Паўднёвы Захад, Менск. Дым з ЦЭЦ-4

Кіраўнік Міністэрства прыроды Андрэй Худык пагражае пачаць працэдуру выхаду з Орхускай канвэнцыі, калі да 1 студзеня 2022 году ня будзе адмененае рашэньне ў дачыненьні да Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў лісьце, які міністар накіраваў выканаўчаму сакратару камісіі ААН.

  • Орхуская канвэнцыя — канвэнцыя Эўрапейскай Эканамічнай Камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў і доступе да правасудзьдзя ў пытаньнях, што тычацца навакольнага асяродзьдзя». Яе мэта — абарона права чалавека на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе для яго здароўя і дабрабыту, на ўдзел грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў, датычных гэтай тэмы.

У Беларусі прасоўваньнем палажэньняў Орхускай канвэнцыі доўгі час займалася арганізацыя «Экадом». Арганізацыя дамагалася выкананьня палажэньняў канвэнцыі ў тым ліку пры будаўніцтве АЭС у Астраўцы. Аднак 31 жніўня ўлады ліквідавалі яе, як і сотні іншых недзяржаўных арганізацыяў. Гэта першы выпадак, калі ліквідавалі аднаго з камунікатаў з Камітэтам па выкананьні Канвэнцыі.

У кастрычніку ўдзельнікі Орхускай канвэнцыі прызналі ліквідацыю беларускай экалягічнай арганізацыі «Экадом» перасьледам з боку дзяржавы. Было прынята рашэньне прыпыніць для Беларусі правы і прывілеі зь 1 лютага 2022 году, калі да 1 сьнежня ўлады ня зробяць крокаў дзеля аднаўленьня рэгістрацыі аб’яднаньня. За такое рашэньне прагаласавалі 27 краінаў.

Што будзе азначаць для Беларусі прыпыненьне яе правоў і прывілеяў па канвэнцыі?

«Пакуль можна сказаць, чаго Беларусь ня будзе пазбаўленая: Беларусь ня будзе пазбаўленая магчымасьці ўдзельнічаць у сустрэчах бакоў і галасаваць на іх. А ўсяго астатняга можа быць пазбаўленая. Гэта, з аднаго боку, іміджавыя рэчы: у бюро канвэнцыі штогод мяняецца старшыня, Беларусь ня зможа быць старшынёй у бюро. Магчыма, гэта паўплывае на атрыманьне міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Зь іншага боку, здаецца, зараз у любым выпадку міжнародная тэхнічная дапамога будзе спыненая, так што гэта нічога не дадае», — кажа сябра праўленьня арганізацыі і партыі «Зялёныя» Ірына Сухій.

Аднак кіраўнік Мінпрыроды Худык патрабуе адмены рашэньня, якое ён лічыць «палітызаваным», бо тое ёсьць «сплянаванай заходнімі краінамі акцыі на дэманізацыю Беларусі ў міжнародных арганізацыях». Усё гэта, паводле чыноўніка, ставіць пад сумнеў мэтазгоднасьць удзелу Беларусі ў Орхускай канвэнцыі. Пры гэтым краіна «гатовая захаваць сваё членства», калі «перадузятае рашэньне» адменяць да канца году.

У «Экадоме» такі ўльтыматум структуры ААН лічаць «неабдуманым і недальнабачным», заявіла сузаснавальніца арганізацыі Ірына Сухій.

«Рашэньне, якое выклікала абурэньне Андрэя Худыка, патрабуе спыніць перасьлед экалягічных арганізацый і актывістаў у Беларусі. Арганізацыі, паводле выказваньня Лукашэнкі, „былі выразаныя“, а многія актывісты, прайшоўшы праз турмы і перасьлед, вымушаныя зьехаць за мяжу», — нагадала Ірына Сухій.

  • Орхуская канвэнцыя аб удзеле грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступе да правасудзьдзя ў пытаньнях, якія тычацца навакольнага асяродзьдзя, існуе ад 1998 году. Яе бакамі зьяўляюцца практычна ўсе эўрапейскія краіны, уключна зь Беларусьсю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG