Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Знак за год напісаў 6181 ліст, Бабарыка заклікаў ня страчваць надзею, Вінаградава перавялі ў СІЗА


Палітвязень Максім Знак за кратамі падчас суду. Менск, 4 жніўня 2021 году

У Беларусі па стане на 7 студзеня 2022 году праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 965 чалавек.

Максім Знак зь няволі напісаў 6181 ліст, атрымаў — каля 5000

Палітзьняволены Максім Знак напісаў сяброўцы ліст пра тое, як ён правёў 2021 год.

«Наогул не магу сказаць, што 2021 год прайшоў (а ён раптоўна прайшоў) так, як я плянаваў. Роўна год (і 362 дні 21 гады) адсядзець у невялікім пакойчыку не ўваходзіла ў пляны. Я хацеў падарожнічаць — але крыху падарожнічаў у канцы года. Затое адразу — у культурную сталіцу».

Знак адзначыў, што ў жыцьці можна знайсьці шмат апраўданьняў сваёй бязьдзейнасьці або наадварот адсутнасьці магчымасьці штосьці зрабіць. Аднак палітвязень адзначыў, што, нават будучы за кратамі, некаторыя некаторыя задуманыя рэчы яму ўдалося рэалізаваць.

«У 2021 я напісаў 6181 ліст. Часам (даволі часта) велічынёй з паштоўку, але заўсёды — розныя. Гэта крыху больш за 17 лістоў у дзень. Хоць важней, вядома, тыя лісты, што я атрымаў — думаю каля 5000. І ў кожным — толькі добрае, за што я вельмі ўсім удзячны», — напісаў Знак.

Палітвязень прызнаўся, што ягоныя вынікі ў спорце «маглі быць і лепей»:

«Я так і не развучыў позу дрэва, не заняўся ёгай і застаўся дрэвам па жыцьці. Затое з 06.03 дзякуючы падачы міжвольнай сяброўкі, кожны дзень стаяў у планцы па 5+ хвілін. Выявіў, што лягчэй не становіцца, і пасьля 3-й хвіліны церпіш, а яшчэ, што калі сябе не шкада, то можна і больш за 20 хвілін прастаяць.

Пазнаёміўся з творчасьцю выдуманага (думаю я) гуру Пола Уэйда і яго «вялікай шасьцёркай». Навучыўся адціскацца на адной руцэ з бутэлькай (для падтрымкі другой рукі), уверх нагамі, прэс у вісе (нездарма аддаваў за лісты звычайнага прэса 200-300 у дзень), неда-масток (перабіраў рукамі па сьценцы ўніз, потым уверх) і неда -пісталецік (страхоўка рукі аб бутэльку 1.5). Магчыма, нешта ўжо развучыўся, але як зьявіцца магчымасьць, пляную прадоўжыць. Пакуль нельга.

Максім Знак напісаў таксама, што прачытаў шмат кніг.

«Па датам не ўлічваў, але за год недзе паміж 200-300. Дадаў у актыў і 700 старонак напісанага мной рамана „Лэпсер“ (70% напісана ў 2021) і напісаных 100 апавяданьняў „The Cameron“ (думаю недзе 60 у 2021). Вершы зважваць не будзем, але некалькі дзясяткаў знойдзецца. У гэтым сэнсе гэты год можна лічыць плённым».

Таксама палітвязень распавёў у лісьце, што за час знаходжаньня ў зьняволеньні, пазнаёміўся са шматлікімі людзьмі «выдатнымі, і добрымі, і цікавымі і шмат чаму ў іх навучыўся».

«Ох, шмат усяго было, а яшчэ болей будзе! Дзякуючы тым, хто дасылаў клясныя паштоўкі, я без стомы гуляў у паштовачны пасьянс і часам выйграваў задушаны камплімэнт ад паштовачнага атрымальніка. Вось так.
Дні былі шэрыя і аднолькавыя, а год атрымаўся цікавы. Але лепшае наперадзе. З Новым Годам!», — напісаў Максім Знак.

Максім Знак — адвакат, сябар Каардынацыйнай рады, паэт, музыка, спартовец, трыятляніст. У закрытым рэжыме яго асудзілі на 10 гадоў калёніі за тое, што нібыта «заклікаў нашкодзіць нацыянальнай бясьпецы Беларусі», «хацеў захапіць уладу ў краіне», а таксама быццам бы «стварыў экстрэмісцкае фармаваньне».

Бабарыка даслаў беларускамоўны ліст, у якім заклікаў не губляць надзею

Прэтэндэнт на выбарах прэзыдэнта 2020 году Віктар Бабарыка, асуджаны на 14 гадоў зьняволеньня, даслаў з калёніі ў Наваполацку слухачцы Эўрарадыё беларускамоўны ліст.

«Страціць надзею і веру можна толькі тады, калі ты страціш самога сябе, — напісаў Бабарыка. — Аднак спадзяюся, што вы ўсе працягваеце рухацца наперад і не ўпадаеце ў адчай».

Раней палітзьняволены экс-банкір пісаў што жыве ў калёніі «як у стужцы «Дзень сурка».

«Толькі герой гэтага кіно меў магчымасьць разьвівацца, а ў гэтым месцы з інтэлектуальным разьвіцьцём вядзецца барацьба», — дадаў ён.

Віктара Бабарыку затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня 2020 году.
Яго прызналі вінаватым паводле трох эканамічных артыкулаў Крымінальнага кодэксу і асудзілі на 14 гадоў калёніі. Ён адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі, працуе ў пякарні.

Паўла Вінаградава перавялі зь Бярэзінскага ІЧУ ў жодзінскае СІЗА

Пра этапаваньне палітзьняволенага блогера паведаміла ягоная жонка Сьвятлана Вінаградава ў фэйсбуку.

Грамадзкага актывіста зь Бярэзані Паўла Вінаградава затрымалі 22 сьнежня 2021 года. Паводле інфармацыі сваякоў палітзьняволенага, на яго завялі тры крымінальныя справы.

  • паводле арт. 130 КК (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці);
  • арт. 367 КК (Паклёп на прэзыдэнта);
  • арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG