Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бронзавая галава Назарбаева. Чаму два правадыры для аднаго рэжыму — зашмат


Скінуты помнік Назарбаева ў Талдыкаргане. 6 студзеня 2022
Скінуты помнік Назарбаева ў Талдыкаргане. 6 студзеня 2022

На пачатак 2022 году ў Казахстане было 18 помнікаў Нурсултану Назарбаеву.

Цяпер ужо на адзін меней: 5 студзеня адным з самых папулярных фота і відэа ва ўсіх інфармацыйных стужках сьвету сталі кадры, як бронзавага Назарбаева скідаюць з пастамэнту ў горадзе Талдыкарган.

І бронзавая галава яшчэ ўчора ўсёмагутнага правадыра валяецца на ходніку. Ці захаваюцца іншыя статуі, пакуль невядома. Сам «елбасы» (бацька нацыі) усе гэтыя лёсавызначальныя для нацыі дні маўчыць (ці яму не даюць гаварыць). Фармальна пажыцьцёвую, гарантаваную яму Канстытуцыяй пасаду кіраўніка Рады бясьпекі ў яго адабралі. Эра Назарбаева скончылася.

Два мядзьведзі ў адной бярлозе не ўжываюцца

І што цяпер рабіць з праектам новай беларускай Канстытуцыі? І ў Менску, і ў Маскве назіралі за хітрапрыдуманай мудрым і прадбачлівым Нурсултанам Абішавічам схемай транзыту («як нібыта пайсьці і пры гэтым застацца»), як за пуцяводнай зоркай. А цяпер, выяўляецца, што народную мудрасьць усё ж не падманеш: два мядзьведзі ў адной бярлозе не ўжываюцца. І перамагае заўсёды маладзейшы, мацнейшы, з больш хуткай рэакцыяй, вастрэйшым зрокам і мацнейшымі кіпцюрамі.

Зусім магчыма, што адзіным па-сапраўднаму важным і значным вынікам студзеньскіх падзеяў у Казахстане стане менавіта канчатковы сыход Назарбаева. Цяжка ўявіць, што Масква дазволіць паўтарыць у Казахстане ўкраінскі сцэнар, што тут адбудуцца дэмакратычныя пераўтварэньні. Гэта было б жахлівым вынікам і для Пуціна, і для Лукашэнкі, і для іншых аўтарытарных лідэраў былога СССР. Таму мы і бачым цяпер расейскіх і беларускіх дэсантнікаў на вуліцах казахстанскіх гарадоў.

Вось ужо і ў Маскве, і ў Менску, і ў іншых постсавецкіх краінах, дзе аўтакраты жалезнымі абцугамі трымаюцца за ўладу, завялі звыклую пласьцінку: пра тое, што пратэсты інсьпіраваныя і фінансаваныя звонку, што ўсе прычыны ў падкопах і злых намерах Захаду, што без вонкавага ўмяшаньня ўсё было б стабільна і спакойна.

А прычыны — унутры саміх краін, у незьмяняльнасьці (а таму замшэласьці, нягнуткасьці) улады, якая не адчувае зьменаў унутры ўласнага грамадзтва, ня ведае грамадзкіх настрояў і памкненьняў, ігнаруе законы гісторыі, адзінай каштоўнасьцю лічыць уласнае пажыцьцёвае панаваньне.

Алма-Ата. Крывавы сьнежань 1986-га

Назарбаеў — кіраўнік савецкай загартоўкі. Ён належаў да камуністычнай намэнклятуры найвышэйшага ўзроўню яшчэ ў той час, калі Лукашэнка нават і дырэктарам саўгасу ня быў.

Я добра памятаю алмаацінскія пратэсты сьнежня 1986 года. Самы пачатак перабудовы. Ні да мітынгаў, ні да дэманстрацый савецкае грамадзтва яшчэ не прывыкла. І раптам у газэтах, на тэлевізіі — паведамленьні пра «зборышчы хуліганаў», «наркаманаў», «нацыяналістаў» на вуліцах Алма-Аты. Па сутнасьці, гэта быў першы падобны пратэст у 80-я гады. Сутычкі зь міліцыяй, дзясяткі забітых, сотні параненых. У аэрапортах Казахстана прызямляюцца вайсковыя самалёты з дэсантнікамі з Маскоўскай і Ленінградзкай вайсковых акруг (тады яшчэ на гэта ніхто не пытаўся згоды ні ў Масквы, ні ў Менску)... Масавыя арышты, біцьцё ўдзельнікаў, звальненьні, адлічэньні студэнтаў, палітычныя працэсы, сьмяротныя прысуды. Усё амаль так, як адбываецца і будзе адбывацца і зараз.

Тады ўсё пачалося з таго, што малады Гарбачоў на месца казахстанскага аксакала Дзінмухамеда Кунаева, які кіраваў савецкім Казахстанам больш за 20 гадоў, нечакана і неабачліва прызначыў не казаха, а «варага» — расейца Генадзія Колбіна з Ульянаўска, які ніколі раней не працаваў у Казахстане. Мясцовае насельніцтва абурылася. Студэнты (невядома кім арганізаваныя) выйшлі на плошчу з патрабаваньнем: «Кожнаму народу — свой нацыянальны лідэр».

Кажуць, што малады і амбітны Назарбаеў, які ў той час ужо кіраваў урадам Казахстанскай ССР, сам прэтэндаваў на лідэрскую пасаду. Але чамусьці ня быў падтрыманы Кунаевым і Гарбачовым. Ягоная роля ў тых падзеях дагэтуль да канца ня высьветленая, многія архівы не рассакрэчаныя.

Задушэньне пратэстаў было жорсткім. Паводле пазьней апублікаваных ужо ў незалежным Казахстане зьвестак, загінула каля 200 чалавек, затрымалі 8,5 тысячы. Атрымалі траўмы больш за 1 700. Сотням прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны, дваім — сьмяротнае пакараньне.

Як «хуліганы» і «наркаманы» сталі героямі

Праўда, сядзець палітзьняволеным давялося ня так доўга: з прыходам Назарбаева да ўлады (ён вельмі хутка дамогся свайго — ужо ў 1989-м узначаліў тады яшчэ савецкі Казахстан) паступова ўсіх амніставалі і рэабілітавалі. Адметна, што да 10-годзьдзя пратэстаў у Алма-Аце паводле ўказу Назарбаева зьявіўся велічны манумэнт незалежнасьці. На адным зь дзесяці бронзавых рэльефаў, прысьвечаных найважнейшым падзеям у гісторыі Казахстану — менавіта падзеі сьнежня 1986 года, дзе ў якасьці герояў — бяззбройныя студэнты, а супрацьстаяць ім пазнавальныя постаці зь міліцэйскімі шчытамі, дубінкамі і сабакамі....

Яшчэ праз 20 гадоў той самы Нурсултан Назарбаеў адкрые манумэнт «Золак незалежнасьці» памяці ўдзельнікаў студэнцкіх пратэстаў 1986 года. У дзясятках гарадоў Казахстана зьявяцца вуліцы «Жэлтаксан» (сьнежань) — таксама ў гонар падзеяў 1986 года.

Барэльеф, прысьвечаны падзеям сьнежня 1986 году, на манумэнце Незалежнасьці ў Алматы, Казахстан
Барэльеф, прысьвечаны падзеям сьнежня 1986 году, на манумэнце Незалежнасьці ў Алматы, Казахстан

Іронія лёсу ў тым, што цяпер ужо супраць самога Назарбаева, які так грунтоўна і прадбачліва выбудаваў схему свайго пажыцьцёвага валадараньня, выкарысталі даволі падобныя масавыя пратэсты. Ці то арганізаваныя, ці то стыхійныя. Без імёнаў кіраўнікоў і натхняльнікаў. І, здаецца, з адзіным уцямным лёзунгам: «Стары, сыходзь!». Ну дык патрабаваньне ўжо нібыта і выкананае. Ужо і пажыцьцёвую пасаду адабралі, і прыжыцьцёвы помнік скінулі з п’едэстала і разьбілі на кавалкі.

Зусім магчыма, што гэтак жа празь нейкі час сёньняшнія падзеі ў Казахстане назавуць «Золкам дэмакратыі» і гэтаксама ўганаруюць іхных удзельнікаў, што змагаліся з аўтарытарызмам і дыктатурай. І асуджаных «зачыншчыкаў» амністуюць і рэабілітуюць. І манумэнты ўзьвядуць. І вуліцы назавуць у гонар рэвалюцыйнага Студзеня 2022-га (як там гэта будзе па-казаску — здаецца, Кантар)... Але патрэбен час. Жорны гісторыі не спыніць, але мелюць яны часам вельмі і вельмі марудна. А таемнае становіцца яўным, бывае, толькі праз многія дзесяцігодзьдзі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG