Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хопіць чакаць канца пандэміі». Гутарка зь біёлягам, аўтаркай кнігі «Вірус, які зламаў плянэту»


Чарга на вакцынацыю ў Прышціне, Косава

Пандэмія COVID-19, якая доўжыцца ўжо больш за два гады, нават ня думае згасаць: сьвет ахоплівае чарговая хваля заражэньняў, на гэты раз выкліканых новым штамам каранавірусу «Омікрон». Хоць некаторыя назіраньні і дазваляюць асьцярожна спадзявацца, што гэты штам прывядзе да меншай колькасці шпіталізацый і сьмерцяў, чым яго папярэднікі.

Пра тое, наколькі пасьпяхова прайшла глябальная кампанія вакцынацыі, пра аптымальныя стратэгіі тэставаньня і эфэктыўныя абмежаваньні, а таксама аб прагнозах на будучыню аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Сяргей Дабрынін пагутарыў зь біёлягам, аўтаркай кнігі «Вірус, які зламаў плянэту» Ірынай Якуценкай.

Ірына Якуценка
Ірына Якуценка

— 2021-ы відавочна стаў годам вакцынацыі ад COVID-19. Як вы лічыце, ці гэтая кампанія, на якую ўскладалася столькі надзей у пачатку пандэміі, прайшла пасьпяхова?

— Глябальна практычна нідзе, за рэдкім выключэньнем, не дасягнуты неабходны ўзровень вакцынацыі. Часткова гэта звязана зь нежаданьнем многіх людзей вакцынавацца, а часткова з тым, што прыйшлі новыя штамы вірусу і цяпер трэба вакцынаваць больш людзей, чым меркавалася першапачаткова, звыш 80-85 працэнтаў насельніцтва, што нават сярод краін — лідэраў у вакцынацыі слаба дасяжна...

Гэты год паказаў, што праблема з вакцынацыяй не ў мэдычнай сыстэме, а ў людзях, у іх даверы, у недахопе мэдычнай і біялягічнай адукацыі. Сярэднявечнае стаўленьне да прышчэпак у XXI стагодзьдзі, вядома, зьдзіўляе. Сацыёлягі ўжо прапанавалі шмат тлумачэньняў — цела як апошняя мяжа супраціву і гэтак далей, але так ці інакш вынік гэтага супраціву — мільёны людзей, якія памерлі нашмат раней, чым меліся.

— Па дынаміцы прышчэпачнай кампаніі было відаць, што ў многіх краінах яна пачалася вельмі бадзёра, але затым рэзка запаволілася і нават амаль спынілася. Гэта значыць, людзі, у прынцыпе гатовыя прышчапляцца, скончыліся, а астатніх пераканаць практычна немагчыма. І што рабіць? Асабліва калі зараз давядзецца ўсіх прышчапляць нанова ад новага штаму?

— Ну «немагчыма пераканаць» — гэта не зусім так. Так, ёсьць ядро прынцыповых праціўнікаў вакцынацыі, але іх насамрэч няшмат. Яны былі заўсёды, былі і да цяперашняй пандэміі, проста дзякуючы інтэрнэту, сацсеткам атрымалі цяпер беспрэцэдэнтную магчымасьць распаўсюдзіць свой уплыў на тых, хто вагаецца. Тых, хто вагаецца, можна і трэба пераконваць, а часта і заахвочваць вакцынавацца.

Чарга на вакцынацыю ў Вялікай Брытаніі
Чарга на вакцынацыю ў Вялікай Брытаніі

— Вы згадалі, што доля вакцынаваных павінна скласьці, магчыма, больш за 80 адсоткаў. Але з практыкі распаўсюджваньня штаму «Дэльта» мы ведаем, што нават гэты ўзровень, які быў дасягнуты ў некаторых краінах, недастатковы для таго, каб спыніць эпідэмію. А супраць штаму «Омікрон» існыя вакцыны даюць нашмат слабейшую абарону.

— З досьведу «Дэльты», аб якой ужо досыць дадзеных назьбіралася, можна ўсё ж сьцьвярджаць, што пры лічбе за 80% пачынае праяўляцца калектыўны імунітэт.

— 80 — гэта ўключна з тымі, хто перахварэў?

— 80 адсоткаў — гэта агульны ўзровень калектыўнага імунітэту, так. Але зь перахварэлымі складаная гісторыя, ім усё адно рэкамэндуецца вакцынавацца. Таму што не ва ўсіх перахварэлых фармуецца дастатковы і ўстойлівы імунітэт, роскід вельмі вялікі. Хтосьці хварэў бессымптомна, хтосьці ў лёгкай форме, хтосьці хварэў з сымптомамі і цяжка, але ў сілу асаблівасьцяў імунітэту таму і захварэў цяжка, што ў яго ня вельмі добра фармуецца імунны адказ.

Вакцынацыя — гэта стандартная доза віруснага антыгену, стандартная і вельмі вялікая. Тут, вядома, таксама ёсьць індывідуальны роскід, але ён значна меншы. Мы ведаем пэўна, што людзі, якія атрымалі поўны курс вакцынацыі, атрымлівалі добрую абарону ад усіх штамаў да штаму «Омікрон». Таму статыстычна больш надзейна, калі калектыўны імунітэт будзе дасягнуты збольшага за кошт вакцынацыі, а не за кошт натуральнай сустрэчы зь вірусам. Тым больш што ад хваробы можна памерці, і ў выпадку папярэдніх штамаў гэтая імавернасьць зусім не маленькая, яна складае ў сярэднім каля 1%, а ў некаторых групах нават больш за 50%. Небясьпечныя ўскладненьні ад вакцын вельмі рэдкія.

— Я ўсё ж вярнуся крыху назад. Ёсьць краіны, дзе сумарная колькасьць вакцынаваных і перахварэлых складае нават ня 80, а каля 90 працэнтаў. Але эпідэмія там працягвалася нават да зьяўленьня «Омікрону». Для многіх людзей гэта значыць, што калектыўны імунітэт — міт, што калі вакцыны не дапамагаюць цалкам перамагчы хваробу і вярнуцца да ранейшага жыцьця, дык які ад іх толк.

— Такім людзям час пераставаць паводзіць сябе, як быццам ім восем гадоў. Што значыць «не дапамагае»? Давайце вызначымся ў тэрмінах. Нішто не дае стоадсоткавай абароны. Пры гэтым існуе вялікая колькасьць падлікаў, колькі жыцьцяў выратавала вакцынацыя, асабліва ў групах рызыкі. Вядома, абарона, якую дае вакцына, спадае з часам, інакш у нас замест крыві была б сьмятана, поўная антыцелаў. Пры гэтым у вакцынаваных выпрацоўваецца Т-клеткавы імунны адказ, які больш устойлівы да мутацый.

Прышчэпленыя вельмі рэдка захворваюць цяжка, таму што ў іх хутка пачынаюць выпрацоўвацца антыцелы пасьля сустрэчы зь вірусам. Верагодней за ўсё, менавіта праз гэтую імунную памяць мы пакуль назіраем параўнальна нізкую патагеннасьць «Омікрону», гэта значыць ня вірус слабы, а добры Т-клеткавы імунітэт у папуляцыі. Вядома, вакцынацыя нам вельмі дапамагае, яна абараняе і прадухіляе ня толькі сьмерці, але і цяжкае працяканьне хваробы, разгружае лякарні і пэрсанал.

— Гэта значыць, сама па сабе вакцынацыя пандэміі ня спыніць? Бо былі спадзяваньні, што, як толькі зьявяцца вакцыны, пройдзе некалькі месяцаў — і ўсё, сьвет пазбаўлены ковіду.

— Папраўдзе, ніводзін добры экспэрт ніколі не гаварыў, што вось, мы зараз нешта зробім — і пераможам пандэмію. Экспэрты, якія маюць справу зь вірусамі, у курсе пра мутацыі, пра эвалюцыю, разумеюць, што, вядома ж, у нас ня будзе хутка дасягнута патрэбнага ўзроўню вакцынацыі.

Адзіны абсалютна дакладны эфэктыўны спосаб прадухіліць ці спыніць канкрэтна гэтую пандэмію быў вядомы з самага пачатку: увесь сьвет засадзіць на месяц ці на паўтара на татальны і цьвёрды карантын, каб не было ніякіх ланцужкоў перадач вірусу. Так канчаюцца выбухі Эболы: вірус зьяўляецца, забівае значную частку жыхароў вёскі, але гэтая вёска ізаляваная, кантактаў зь іншымі людзьмі мала, на гэтым выбух канчаецца. Але ў нашай сытуацыі ў маштабах усяго сьвету такое, вядома ж, немагчыма.

А чаму многія спадзяваліся на такую ж цудадзейную сілу вакцынацыі... Мне складана сказаць, адкуль узялося такое ўяўленьне, асабліва ў дачыненьні да рэсьпіраторнага вірусу, які лёгка перадаецца, і вялізнага адсотка антывакцынатараў. Вакцынацыя ня вырашыць праблемы вось так адразу і канчаткова, асабліва ўлічваючы нізкія тэмпы, але яна выратуе мільёны жыцьцяў; магчыма, дзясяткі мільёнаў. Але гэта раптам стала недастатковым аргумэнтам.

— Вы кажаце, адкуль узялося такое ўяўленьне? Ну напрыклад, многія чулі, як прышчэпкі фактычна зьнішчылі воспу. Але важней ня гэта, а поп-культура. У кіно, як правіла, як толькі зьяўляецца вакцына — тут і эпідэміі канец. Як у фільме «Заражэньне» 2011 году, які на пачатку гэтай пандэміі многія называлі прарочым.

— Што да воспы, гэта зусім іншы вірус, зь іншай біялёгіяй, у якога няма натуральнага рэзэрвуару. Тое, што атрымалася з воспай, не абавязкова павінна атрымацца зь іншымі вірусамі. А што да кіно... Вы, дарэчы ведаеце, што фільм «Заражэньне» не прарочы, а ў некаторым сэнсе наадварот? Ён быў зьняты пасьля эпідэміі SARS, атыповай пнэўманіі, таксама выкліканай каранавірусам. Калі б той варыянт каранавірусу пры ягонай 10-працэнтнай сьмяротнасьці аказаўся такім жа заразным, як цяперашні, думаю, значна менш людзей адмаўляліся б ад нашэньня масак і вакцынацыі.

Наогул дзіўна, што, маючы досьвед SARS і MERS, мы трэці раз уляпаліся ў тую ж гісторыю. Насамрэч адзін зь нямногіх плюсаў цяперашняй пандэміі ў тым, што, хоць людзі, нават ведаючы небясьпечны патэнцыял каранавірусаў, шмат гадоў не ўдзялялі ім належнай увагі, усё ж за няпоўныя два гады пандэміі было зроблена адразу некалькі вакцын, якія працуюць з той ці іншай ступеньню эфэктыўнасьці. З мэдыцынай у нас усё больш-менш някепска, і гэта добрая навіна, а вось з даверам людзей і ўзроўнем адукацыі — ня вельмі.

— Каб скончыць з тэмай вакцынацыі, апошняе пытаньне: сёньня мільёны людзей вакцынаваныя, прычым многія дастаткова даўно. Што можна сказаць напэўна аб небясьпечных пабочных эфэктах?

— Мы ведаем, што не бывае абсалютна бясьпечных прэпаратаў. Любы эфэктыўны прэпарат мае пабочныя эфэкты. Тое ж самае тычыцца вакцын, але вакцыны — гэта, мабыць, адзін з самых бясьпечных прэпаратаў, якія ў нас ёсьць. Нават парацэтамол больш небясьпечны. Калі чалавеку даць у адрыве ад кантэксту сьпіс магчымых пабочных эфектаў ад парацэтамолу, ён ніколі ня будзе гэтую таблетку прымаць. Але ўсе ж прымаюць, прычым часам у колькасьцях, блізкіх да сьмяротных дозаў.

Дык вось, вакцыны значна бясьпечнейшыя за большасьць іншых прэпаратаў, але ў прышчэпак ёсьць некалькі асаблівасьцяў. Па-першае, іх даюць здаровым, гэта значыць чалавек не адчувае адразу відавочнай карысьці ў выглядзе паляпшэньня самаадчуваньня. Па-другое, гэта, як правіла, укол, а ўколаў баяцца. Па-трэцяе, іх даюць вельмі масава. А значыць, нават вельмі рэдкія эфэкты праяўляюцца. Калі пабочны эфэкт можа быць у аднаго чалавека на мільён, а прышчапілі тры мільярды, мы ўсё роўна ўбачым сотні людзей з гэтай «пабочкай».

У выпадку з вакцынамі ад ковіду непрыемныя пабочныя эфэкты бываюць, але іх частата якраз каля адзінак выпадкаў на мільён. Асобныя тыпы вакцын для пэўных груп людзей дэманстравалі больш частую «пабочку», але яе хутка адлавілі і выправілі рэкамэндацыі. Напрыклад, быў трамбоз, які спалучаўся з тромбацытапэніяй у адэнавірусных вакцын ад «АстраЗэнэкі» і ад «Джонсану». Вельмі цікавае пытаньне, дарэчы, чаму гэтага не зарэгістравана ў «Спутника», заснаванага на тым жа прынцыпе; але, каб на яго адказаць, зьвестак не хапае.

Гэта рэдкі пабочны эфэкт аўтаімуннай прыроды, гэта хутка зразумелі дзякуючы немцам, якія падобны сындром вывучалі, і, як толькі ўсё стала ясна, скарэктавалі рэкамэндацыі. Эфэкт праяўляўся ў першую чаргу ў маладых жанчын дзетароднага ўзросту, гэта значыць, мабыць, там эстрагены нейкім чынам задзейнічаныя.

Пасьля зьмены рэкамэндацый ужо шмат месяцаў ніводнага выпадку не рэгіструецца. Яшчэ можна ўспомніць аб вельмі рэдкіх, менавіта парадку адзінак на мільён вакцынаваных, аўтаімунных рэакцыях кшталту сындрому Гіена — Барэ. Яны злучаны зь нейкімі індывідуальнымі асаблівасьцямі работы імунітэту. Нашыя гены, якія адказваюць за імунітэт, вельмі складана пабудаваныя, іх вельмі шмат, яны ў кожнага чалавека індывідуальныя, і вось вельмі рэдка, але сустракаецца няўдалае спалучэньне, якое прыводзіць да такіх эфэктаў. Яшчэ адны пабочныя эфэкты, якія ўжо адлавілі і скарэктавалі, сустракаліся пасля «Мадэрны» ў падлеткаў — міякардыты і пэрыкардыты, у абсалютнай большасьці выпадкаў не небясьпечныя. Гэта запаленьне сардэчнай цягліцы і насэрцоўя, якое здараецца і пасьля звычайных вірусных інфэкцый, напрыклад грыпу, і, як правіла, праходзіць непрыкметна. З сур’ёзнага, мусіць, гэта ўсё. Улічваючы, што мільярды людзей ужо атрымалі гэтыя вакцыны, калі чалавек сумленна ацэньвае лічбы, а не знаходзіцца ў палоне забабонаў, зусім відавочна, што гэта вельмі рэдкія гісторыі.

— Пяройдзем у выніках году да наступнай тэмы — тэставаньня. Цяпер, на фоне распаўсюджваньня «Омікрону», гэта зноў становіцца важным пытаньнем — каго, у якіх сытуацыях, як часта тэставаць, і калі неабходны ПЦР-тэст, а калі дастаткова антыгеннага. Тут удалося намацаць аптымальную стратэгію?

— Так, эфэктыўныя стратэгіі наагул ужо даўно вядомыя, і яны не абавязкова ўключаюць ПЦР. Схема такая, што, калі людзям неабходна рэгулярна хадзіць у офіс, у школу, гэта значыць зьбірацца вялікімі групамі, то праблему раньняга выяўленьня і перапыненьня ланцужкоў заражэньня вырашаюць антыген-тэсты, якія праводзяцца рэгулярна, два-тры разы на тыдзень.

Нямецкі досьвед паказвае, што трох разоў на тыдзень больш чым дастаткова, каб «лавіць» абсалютную большасьць заражэньняў, таму што гэты тэст выяўляе тых, хто заразны проста цяпер. У каранавірусу ёсьць акно заразнасьці, яно для штамаў да «Омікрону» доўжыцца ад двух дзён да пачатку сымптомаў да пятага-шостага дня хваробы. Многія міжнародныя рэкамэндацыі пашыраюць яго да восьмага дня, але гэта зь вельмі вялікім запасам. Увесь гэты пэрыяд пакрываецца антыген-тэстам, а галоўнае — той пэрыяд, калі, як правіла, і заражаюць іншых: незадоўга да і адразу пасьля зьяўленьня сымптомаў.

Натуральна, такое рэгулярнае тэставаньне ў калектывах значна больш эфэктыўнае, калі мы выкарыстоўваем дадатковыя захады, напрыклад пазьбягаем мяшаньня групаў, выкарыстоўваем, дзе магчыма, маскі, праветрываем. Дарэчы, праветрываньне, якога ў Расеі па традыцыі вельмі баяцца (гэта ж «скразьняк»!), дае вельмі добрыя вынікі і ў халодных эўрапейскіх краінах яго робяць рэгулярна. Але без вакцынацыі ўсіх гэтых захадаў усё роўна недастаткова, каб спыніць пандэмію.

— Вакцынаваных таксама трэба тэставаць?

— Як мінімум у пэўных сытуацыях: скажам, перад візытам у дом пажылых або перад вялікім зборышчам, так. Вакцынаваныя могуць заразіць іншых, і, чым больш заразны штам, тым вышэйшая імавернасьць. Асабліва гэта датычыцца «Омікрону», супраць заражэньня якім цяперашнія вакцыны працуюць нашмат горш, чым супраць заражэньня іншымі штамамі. З «Дэльтай» гэта таксама магчыма, але два фактары зьніжаюць небясьпеку: вакцынаваныя радзей падчапляюць вірус, а імавернасьць, што ён можа размножыцца ў верхніх дыхальных шляхах да канцэнтрацыі, неабходнай для заражэньня, меншая. Акно максымальнай заразнасьці для вакцынаваных таксама нашмат карацейшае. І ўсе гэтыя невялікія магчымасьці перамнажаюцца і ў выніку атрымліваецца значна ніжэйшая імавернасьць.

І тым ня менш тэставаньне павінна быць для ўсіх; магчыма, для вакцынаваных яго можна рабіць радзей. Падыход яшчэ залежыць ад долі вакцынаваных у папуляцыі: чым яна вышэйшая, тым менш трэба абмежаваньняў для ўсіх. А калі сытуацыя, як у Расеі, дык трэба больш актыўнае тэставаньне. Дарэчы, нам пашанцавала, што ў нас у прынцыпе зьявіліся танныя антыген-тэсты — з ПЦР чыста тэхнічна такія рэгулярныя масавыя тэставаньні арганізаваць было б немагчыма. Цяпер яны патрэбны ў асноўным, каб пацьвярджаць дыягназ.

— Вы сказалі, што аптымальныя стратэгіі збольшага ясныя, але проста цяпер мы бачым, што, імкнучыся затармазіць распаўсюд «Омікрону», розныя краіны ўводзяць зусім розныя захады. Дзесьці поўны локдаўн, дзесьці вольны ўезд для ўсіх прышчэпленых, дзесьці карантын, дзесьці ПЦР-тэст, а дзесьці антыген. Патрабаваньні да нашэньня масак таксама ўсюды розныя. Гэта значыць, за фактычна два гады пандэміі выпрацаваць прыдатную для ўсіх стратэгію не ўдалося?

— Мы ня можам гаварыць толькі пра эпідэміялёгію, мы павінны ўлічваць эканоміку, сацыяльныя фактары. Досьвед Кітаю паказаў, што калі на працягу нават ня вельмі доўгага часу, але ў вельмі жорсткім рэжыме ўсё абмежаваць, усё зачыніць, можна цалкам здушыць эпідэмію. У іх і цяпер ёсьць успышкі, але там адразу ізалююць увесь раён, тэстуюць мільёны людзей, выяўляюць усе ланцужкі, саджаюць усіх на карантын — і задушваюць успышку. Плюс у Кітаі вельмі высокі працэнт вакцынацыі. Гэта вельмі эфэктыўная стратэгія, якая фактычна нідзе, акрамя Кітаю, немагчымая.

У цэлым ёсьць адно глябальнае агульнае правіла для бясьпечнага існаваньня ў эпідэміі — хуткая вакцынацыя. Пачынаць яе мэтазгодна з найбольш уразьлівых груп, таму што менавіта яны трапляюць у лякарні і паміраюць у першую чаргу, і далей распаўсюджваецца на астатніх. Яшчэ, вядома, маскі і рэсьпіратары. Калі ёсьць вялікая колькасьць людзей, статус вакцынацыі якіх невядомы, то маскі неабходныя. Плюс сыстэма тэставаньня.

— Коратка пра маскі: цяпер ужо няма ніякіх сумневаў, што яны карысныя?

— Вядома ж. Строгія эпідэміялягічныя дадзеныя вельмі складана сабраць, але тым ня менш ёсьць шмат прац, у якіх апісаны асобныя мадэльныя сытуацыі. Маскі — гэта проста бар’ерная абарона, якая зьніжае вірусную нагрузку. А імавернасьць захворваньня і разьвіцьця цяжкіх сымптомаў вырастае тым мацней, чым вышэйшая вірусная нагрузка.

— Наколькі добра мы навучыліся лячыць ковід? Я маю на ўвазе і мэдычныя пратаколы, і лекі.

— Вядома, навучыліся нашмат лепш, чым умелі год таму. Пратаколы ўвесь час удакладняюцца: дазаваньне, групы пацыентаў, для якіх гэты прэпарат дае эфэкт, таймінг. Зусім нядаўна зьявіліся некалькі прэпаратаў, якія прымаюць у першыя дні пасьля заражэньня і якія дазваляюць істотна зьменшыць рызыкі цяжкага працяканьня хваробы. Да аднаго зь іх, малнупіравіру, ёсьць шмат пытаньняў, таму што, па-першае, ягоная эфэктыўнасьць параўнальна нізкая, а па-другое, гэта мутаген, які можа, тэарэтычна, прыводзіць да розных нядобрых пабочных эфэктаў як для чалавека, так і для вірусу.

Другі лек, пад назвай пакславід, інгібітар віруснай пратэазы, выглядае добрым прэпаратам, у яго вельмі добрыя вынікі клінічных дасьледаваньняў; акрамя таго, ён павінен быць устойлівы да мутацый, а значыць, можа працаваць і супраць «Омікрону» і штамаў, якія могуць зьявіцца пасьля яго. А вось абсалютная большасьць монакланальных антыцелаў, якія таксама даюцца на раньніх стадыях, на жаль, не працуюць супраць «Омікрону». Але, відавочна, зьявяцца новыя монакланальныя антыцелы, эфэктыўныя супраць яго. У цэлым сёньня шанцы памерці ад ковіду, калі ты трапляеш у лякарню, істотна ніжэйшыя, чым калі ты трапляў у лякарню ў першую хвалю пандэміі.

— У цэлым ёсьць адчуваньне, што чалавецтва паступова перастройваецца і прыстасоўваецца да пандэміі — не псыхалягічна, але эканамічна, лягістычна, з пункту гледжаньня мэдыцыны?

— І так, і не. Часта, разважаючы пра лячэньне, пра лякарні, людзі разважаюць аб ложках, але, наогул кажучы, абмежавальны фактар - гэта ня ложак, а лекар. Таму што ня ложак цябе лечыць, а доктар, нянечка, мэдбрат, якія цябе аглядаюць, мыюць, пераварочваюць, устаўляюць якія-небудзь трубкі. І вось зь лекарамі ў сьвеце вялізная праблема. Мэдработнікі выгараюць, бо яны ў жудасных умовах працуюць ужо два гады. Нехта хварэе, нехта памірае, нехта проста звальняецца.

У хвалю «Дэльты» нават у пасьпяховай Нямеччыне, якая добра прайшла ўсе астатнія хвалі, у некаторых рэгіёнах сытуацыя была блізкая да трыяжу, калі лекары выбіраюць, каго лячыць, а каго не. Пацыентаў верталётамі вазілі ў суседнія землі, Францыя прапаноўвала дапамогу, хаця быццам у выніку справіліся сваімі сіламі. Наконт «Омікрону» пакуль ёсьць усё ж асьцярожны аптымізм. Бо ў сьвеце цяпер шмат людзей маюць антыцелы і Т-клеткі пасьля вакцынацыі альбо пасьля хваробы.

«Омікрон» дэманструе меншую сьмяротнасьць, чым іншыя штамы, таму што ў такіх людзей, відаць, ёсьць абарона ад цяжкага працяканьня хваробы. Статыстыка недастатковая, але асьцярожна можна сказаць, што працэнт людзей, якія трапяць у лякарні і памруць ад «Омікрону», будзе ніжэйшы, чым ад іншых штамаў. Але гэта не азначае, што, як некаторыя гавораць, можна расслабіцца, пандэмія скончылася. Усё роўна многія рызыкуюць памерці: пажылыя, людзі з хранічнымі захворваньнямі. Тым больш што «Омікрон» заразьнейшы за папярэднія штамы, а значыць, выніковая колькасьць ахвяраў усё роўна можа аказацца вельмі значнай. Ну і хто сказаў, што «Омікрон» апошні? Чаму ня можа ўзьнікнуць штам «пі», які будзе заражаць усіх пагалоўна ды яшчэ і мець высокую патагеннасьць?

— У любым выпадку давядзецца зрабіць бустэрную прышчэпку?

— Так, тым, хто яшчэ не зрабіў.

— Яна дапаможа?

— Так. Наконт гэтага ўжо было праведзена некалькі пераканаўчых дасьледаваньняў. І галоўнае, трэба разумець, што бустэр — гэта ня толькі індывідуальная абарона для вас, але і вы, прышчапляючыся, дапамагаеце не дапусьціць хуткага распаўсюджваньня новага штаму, вы страхуеце сябе ад таго, што ў вас зноў пачнуць зачыняцца школы на дыстанцыйнае навучаньне, крамы; што будуць уводзіць новыя локдаўны. Вакцынуючыся, мы становімся бар’ерамі на шляху пашырэньня вірусу.

— А да вясны амаль усе вытворцы абяцаюць зрабіць варыянты вакцын, эфэктыўных супраць «Омікрону».

— Так, вытворцы гавораць пра сакавік-красавік, але яшчэ некаторы час мае сэнс накінуць на затрымкі, праблемы, тэставаньне і гэтак далей.

— Але фактычна наступны год будзе паўторам мінулага году, проста зь іншым «галоўным» штамам, атрымліваецца?

— Немагчыма цяпер сказаць. Была «Дэльта» — і мы разважалі, як усё будзе далей, а потым у адзін дзень у нас зьявіліся навіны пра «Омікрон», а на наступны дзень САЗ ужо сабрала экстраную нараду. Няма ніякай гарантыі, што заўтра адкуль-небудзь ня прыйдзе паведамленьне пра які-небудзь яшчэ новы штам. Таму бессэнсоўна нешта ў гэтым сэнсе прадказваць.

— Я зразумеў, што вы ня хочаце рабіць прагнозаў, але што вам гаворыць інтуіцыя: калі скончыцца гэтая пандэмія?

— Ведаеце, у многіх біёлягаў у параўнаньні зь небіёлягамі мае месца іншы склад мысьленьня. Ім камфортна жыць без прагнозу на будучыню. Вірусы і людзі — гэта жывыя (або квазіжывыя) сыстэмы, ва ўзаемадзеяньне якіх мы да таго ж актыўна ўмешваемся, ды яшчэ ёсьць усякія некантраляваныя фактары, якія могуць прыводзіць да новых мутацый. Магчымы мільён розных сцэнараў, і мне нармальна жыць у стане, калі я ня ведаю, што будзе далей. Я дакладна ведаю, што трэба рабіць, і гэта не памяняецца ў залежнасьці ад таго, якія новыя штамы зьявяцца ці ня зьявяцца.

Ёсьць абсалютна дакладная стратэгія, правераная з 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя, для таго, каб памяншаць небясьпеку і колькасьць ахвяраў ад вірусаў. Гэта вакцынацыя і абмежаваньне кантактаў, калі ў нас недастатковая вакцынацыя, а яна пакуль у нас недастатковая. Гэта ў любым выпадку правільная стратэгія, якая дазваляе зьменшыць колькасьць ахвяраў. А што там будзе далей... які сэнс гадаць?

Некаторыя экспэрты прадказвалі канец гэтай пандэміі ў лютым 2020 году, іншыя экспэрты гаварылі, што ўсё скончыцца ўлетку, таму што ўлетку вірус нібыта не распаўсюджваецца. Мне здаецца, усім было б карысна перастроіць склад думак і не спрабаваць жыць надзеяй, што вось-вось усё скончыцца, і перастаць слухаць прагна любы прагноз, які абяцае нейкі пэўны тэрмін заканчэньня пандэміі. Гэта можа быць гісторыя вельмі надоўга — каранавірус зусім дакладна стане эндэмічным, але колькі часу пройдзе, пакуль усталюецца новая раўнавага, і якой яна будзе, сёньня сказаць немагчыма.

Важна ня строіць прагнозы, а засвоіць, што трэба рабіць, каб мінімізаваць свае рызыкі ў гэтую пандэмію і суіснаваць з гэтым вірусам, забясьпечыць сабе максымальна хуткі і бясьпечны пераход да новай нармальнасьці. Так, яна будзе адрозьнівацца ад нармальнасьці 2019 году, таму што з намі вірус, але яна будзе цалкам сабе нармальнасьцю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG