Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На турмы больш, чым на культуру. Як у 2022 зьменяцца дзяржаўныя выдаткі на міліцыю, спэцслужбы, спорт, мэдыцыну


Беларускі рубель, ілюстрацыйная выява

Беларусь сёлета зноў будзе жыць з дэфіцытам. Разьбіраемся, каму колькі грошай зьбіраюцца выдзеліць у бюджэце на 2022 год.

Бюджэт на 2021 год беларускія ўлады прымалі з дэфіцытам каля 4 мільярдаў рублёў. Год у выніку скончыўся зь меншымі стратамі, аднак бюджэт на 2022 год ізноў дэфіцытны. Перавышэньне выдаткаў над прыбыткамі заплянаванае ў 3 мільярды.

«На наступны год мы таксама заклалі невялікі дэфіцыт, — расказваў напрыканцы 2021 году кіраўнік ураду Раман Галоўчанка. — Але гэта не азначае, што некаму ня хопіць грошай: ёсьць неразьмеркаваныя рэшткі мінулых гадоў, якімі дэфіцыт будзе закрывацца, калі спатрэбіцца».

Параўноўваем, як зьмяніліся выдаткі на сілавікоў, дзяржаўныя СМІ, мэдыцыну і іншыя сфэры ў бюджэце на 2022 год. Лічбы за мінулы год можна паглядзець тут.

Мэдыцына: +200 мільёнаў

У бюджэце на 2022 год на фінансаваньне дзейнасьці Міністэрства аховы здароўя заплянавана выдаткаваць 1 мільярд 764 мільёны рублёў. У бюджэце на мінулы год было на 200 мільёнаў менш — 1 мільярд 569 мільёнаў.

Асноўныя выдаткі — непасрэдна ахова здароўя. На яе Мінздароўя плянуе выдаткаваць 1 мільярд 600 мільёнаў. Асобна прапісаныя выдаткі на дасьледаваньні ў галіне аховы здароўя. Сёлета на іх выдзеляць 25 мільёнаў (у 2021 годзе было 19).

Культура: +13 мільёнаў

Бюджэт Мінкульту ў 2022 годзе складзе крыху больш за 173 мільёны рублёў. Год таму было 157. Асобна ў законе аб гадавым бюджэце прапісаныя выдаткі на кінэматаграфію. Яны за год амаль не зьмяніліся і складаюць крыху больш за 11 мільёнаў рублёў на год.

Адукацыя: +114 мільёнаў

Выдаткі Міністэрства адукацыі ў 2022 годзе таксама вырастуць. Заплянавана патраціць 899 мільёнаў рублёў (у мінулым годзе было 785). Непасрэдна на адукацыю выдаткуюць амаль усю суму — 859 мільёнаў. Большая частка пойдзе на вышэйшую і пасьлядыплёмную адукацыю (514 мільёнаў). Сярэднія школы спажывуць 45 мільёнаў, сярэднія спэцыяльныя ўстановы — 90.

Мінінфарм: —6 мільёнаў

Выдаткі на дзейнасьць Міністэрства інфармацыі ў 2022 годзе прадугледжаныя ў памеры крыху большым за 23 мільёны рублёў. І гэта на шэсьць мільёнаў менш, чым у 2022 годзе.

Але гэта ня ўсе сродкі, якія заплянавана выдаткаваць на дзейнасьць дзяржСМІ. Напрыклад, выдаткі на фінансаваньне Белтэлерадыёкампаніі ў бюджэце прапісаныя асобна. Сёлета яны складуць амаль 115 мільёнаў рублёў. У мінулым годзе было столькі ж. Выдаткі на дзейнасьць тэлерадыёкампаніі «Мір» нават вырастуць прыкладна на 500 тысяч — з 8 да 8,5 мільёна. БелТА таксама фінансуецца асобна, яго бюджэт на 2022 год складае 1,6 мільёна рублёў.

Спорт: +18 мільёнаў

У бюджэце на 2021 год выдаткі Міністэрства спорту і турызму былі заплянаваныя ў памеры 226 мільёнаў рублёў. Сёлета — амаль 255. Амаль на 75 мільёнаў рублёў больш, чым на культуру.

КДБ: +26 мільёнаў

Гадавы бюджэт Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ў параўнаньні з 2021 годам вырас на 26 мільёнаў рублёў і агулам складзе амаль 237 мільёнаў. Памер выдаткаў на гэтую спэцслужбу сувымерны з тым, колькі ўрад Беларусі траціць на спорт, і значна пераўзыходзіць гадавыя выдаткі на разьвіцьцё культуры.

Міліцыя: +134 мільёны (+23 мільёны на СК і +20 мільёнаў на ўнутраныя войскі)

Гэта адзін з самых вялікіх радкоў выдаткаў у дзяржаўным бюджэце, у тым ліку паводле росту. У леташнім законе аб бюджэце на дзейнасьць МУС выдзялялася звыш мільярда рублёў. Сёлета ўжо 1 мільярд 136 мільёнаў.

Пры гэтым выдаткі на дзейнасьць Сьледчага камітэту прапісаныя асобна, і яны таксама вырасьлі на 23 мільёны рублёў — з 165 да 188 мільёнаў.

Унутраныя войскі таксама фінансуюцца асобна. У 2022 годзе на іх утрыманьне заплянавана выдзеліць больш за 195 мільёнаў рублёў. Гэта на 20 мільёнаў больш, чым у мінулым годзе.

Турмы: +28 мільёнаў

Яшчэ больш, чым у Сьледчага камітэту, павялічацца выдаткі на ўтрыманьне калёній, турмаў і іншых месцаў пазбаўленьня волі. Як і ў выпадку СК, выдаткі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў у гадавым бюджэце прапісаныя асобна. Сёлета яны заплянаваныя ў памеры 274 мільёнаў рублёў. Гэта на 28 мільёнаў больш, чым у мінулым годзе.

Мінабароны: +374 мільёны

Адзін з самых вялікіх радкоў павелічэньня выдаткаў. Бюджэт на 2021 год прадугледжваў фінансаваньне Мінабароны ў памеры 1 мільярд 626 мільёнаў рублёў. Сёлета будзе амаль два мільярды. Гэта на 374 мільёны больш, чым у мінулым годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG