Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на беларускае Міністэрства абароны.
«Працягваецца выкананьне задач па сумесным патруляваньні паветранай прасторы ўздоўж дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь. Беларускія і расейскія авіятары сёньня чарговым разам прадэманстравалі сваё высокае майстэрства і здольнасьць сумесна выконваць пастаўленыя задачы», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Іншых падрабязнасьцяў Міністэрства абароны Беларусі не прывяло. З пачаткам міграцыйнага крызісу расейская авіяцыя ўзмацніла сваю прысутнасьць на беларускіх межах з Эўразьвязам, зрабіла ўжо некалькі вылетаў уздоўж гэтых межаў.
Паводле Міністэрства абароны Беларусі, гэта адбываецца ў рамках баявога дзяжурства па супрацьпаветранай абароне зьмяшанай тактычнай групы шматфункцыянальных зьнішчальнікаў Су-30СМ Беларусі і Расеі.
Раней Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што 25 лістапада выканала палёт зьмяшаная тактычная група Беларусі і Расеі. У ведамстве тады заявілі:
«У сувязі з частымі выпадкамі палётаў розных відаў авіяцыі паблізу дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь і ў інтарэсах прадухіленьня парушэньня мяжы ў паветранай прасторы прынята рашэньне аб нарошчваньні складу дзяжурных сіл Супрацьпаветранай абароны і сумесным патруляваньні дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы авіяцыяй ВПС і войскаў СПА Ўзброеных сіл Беларусі і ВКС Расеі».
Раніцай 12 лістапада пры высадцы дэсанту расейскіх паветрана-дэсантных войскаў на палігоне «Госкі» ў Горадзенскім раёне сышліся ў паветры два парашутысты, купал аднаго з парашутаў закрыўся.
Загінулі двое расейскіх вайскоўцаў, афіцэр і салдат тэрміновай службы. Спачатку інфармацыя зьявілася ў недзяржаўных крыніцах, і толькі ўвечары таго дня Міністэрства абароны Расеі прызнала гібель двух сваіх вайскоўцаў.