Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месца закрытага ўладамі стартап-хабу Imaguru заняла прыватная школа «Інавацыя». Што пра яе вядома


Гімназія «Інавацыя», якая разьмясьцілася на месцы стартап-хабу Imaguru. Фота «Эўрарадыё»

На месцы закрытага ўладамі ў красавіку 2021 году стартап-хабу Imaguru на Фабрыцыюса, 4 у Менску разьмясьцілася прыватная школа. Памяшканьні, якія належаць дзяржхолдынгу «Гарызонт», цяпер арандуе «Гімназія „Інавацыя“», паведамляе «Эўрарадыё».

Алена Мішчанка
Алена Мішчанка

Дырэктарка і сузаснавальніца «Інавацыі» — Алена Мішчанка, кіраўніца Асацыяцыі прыватных установаў адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Як заўважыла выданьне, яе неаднаразова бачылі ў кампаніі Лукашэнкі і чыноўнікаў «найвышэйшага кола» на розных нарадах.

Акрамя таго, Мішчанка пэрыядычна раздае інтэрвію дзяржаўнай прэсе, а дзяржаўнае тэлебачаньне робіць рэпартажы пра яе школу.

Школа Алены Мішчанкі існуе каля 5 гадоў. Яна прадстаўленая як «гімназія зь дзьвюхмоўнай сыстэмай навучаньня на ангельскай і расейскай мовах». Аддзяленьні прыватнай школы ёсьць у Менску і Магілёве. У 2021 годзе 12 месяцаў навучаньня ў «Інавацыі» абышліся б прыкладна ў 5750–6325 даляраў.

Маці Алены — Людміла Мішчанка — доўгі час была дырэктарам Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, а ў 2001 годзе была даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі.

Бізнэс-хаб Imaguru пачаў працу ў 2013 годзе і быў першым у Беларусі клюбам для маладых інавацыйных кампаній. Сваёй мэтай Imaguru заявіў дапамогу маладому інавацыйнаму бізнэсу ў Беларусі. За восем гадоў дзякуючы Imaguru зьявілася больш за 300 стартапаў, якія стварылі больш за 3,5 тысячы працоўных месцаў.

У красавіку 2021 году «Гарызонт» скасаваў дамову арэнды з Imaguru. У хабе перакананыя, што адмова ў працягу арэнднай дамовы зьвязаная толькі з грамадзянскай пазыцыяй — у прыватнасьці, Imaguru далучыўся да страйку 26 красавіка. У сакавіку сілавікі ў масках зладзілі налёт на стартап-хаб, затрымалі шмат людзей.

У ліпені 2021 году стартап-хаб Imaguru адкрыў штаб-кватэру ў Мадрыдзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG