Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія самалёты нанесьлі авіяўдар па аб’ектах праціўнікаў Асада ў сырыйскай правінцыі Ідліб


Часовае жытло уцекачоў з Ідліба
Часовае жытло уцекачоў з Ідліба

Расейскія вайскоўцы атакавалі падкантрольную сырыйскай апазыцыі правінцыю. Цяпер у Ідлібе няма водазабесьпячэньня.

Вайсковыя самалёты Расеі скінулі бомбы на некалькі гарадоў і воданапорную вежу, якая забясьпечвае вадой горад Ідліб, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на відавочцаў.

Пакуль ні расейскія, ні сырыйскія вайскоўцы не пракамэнтавалі паведамленьняў аб авіяўдары. Інфармацыі аб пацярпелых няма.

У выніку бамбаваньня перапынена водазабесьпячэньне Ідліба, паведамілі прадстаўнікі гарадзкой адміністрацыі. Таксама пацярпелі жывёлагадоўчыя і птушкагадоўчыя фэрмы недалёка ад памежнага пераходу Баб-аль-Хава на мяжы з Турэччынай.

Высокапастаўлены прадстаўнік ААН пацьвердзіў, што водная станцыя была «моцна пашкоджана» ў выніку авіяўдару, такія атакі пагоршылі гуманітарнае становішча мільёнаў перамешчаных сырыйцаў. Прадстаўнік апазыцыйнай адміністрацыі Абу Хазэм Ідлібі заявіў, што «расейцы засяроджваюць увагу на інфраструктуры і эканамічных актывах, каб павялічыць пакуты людзей».

Сэрыя рэйдаў пасьля паўночы суботы закранула імправізаваныя лягеры, у якіх зьмяшчаюцца тысячы перамешчаных сем’яў недалёка ад Джыср-эль-Шукхура, на захад ад Ідліба. Двое дзяцей і жанчына загінулі, яшчэ 10 мірных жыхароў параненыя, паведаміла служба грамадзянскай абароны.

Паводле зьвестак ААН, у выніку грамадзянскай вайны ў Сырыі, якая пачалася ў 2011 годзе, загінулі ня менш як 350 тысяч чалавек. Каля двух гадоў таму Расея і Сырыя ў асобе Асада заключылі пагадненьне з Турэччынай, што падтрымлівае апазыцыю, аб спыненьні баёў. Аднак апошнім часам турэцкія сілы ў Сырыі пачалі ўзмацняцца, а Расея аднавіла авіяўдары, што можа прывесьці да новай фазы вайны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG