Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя прозьвішчы 15 беларусаў, якія ваявалі ў складзе ПВК «Вагнэр»


Найміты ПВК «Вагнэр» у Сірыі. Архіўнае фота.

Украінскі цэнтар «Миротворець» абнародаваў прозьвішчы 4 тысячаў вайскоўцаў ПВК «Вагнэр», у тым ліку 15 беларусаў

Украінскі цэнтар «Миротворець» абнародаваў прозьвішчы 4 тысячаў вайскоўцаў расейскай прыватнай кампаніі «Вагнэр», сярод якіх выяўленыя і 15 грамадзян Беларусі.

«Мы ідэнтыфікавалі 4 тысячы асобаў, яшчэ дзьве тысячы прозьвішчаў застаюцца ў працы», — паведаміў Свабодзе кіраўнік цэнтру «Миротворець» Раман Зайцаў.

Наймаладзейшаму беларускаму «вагнэраўцу» 30 гадоў, а найстарэйшаму — 54 гады. Трое з 15 грамадзян Беларусі могуць мець дадаткова і расейскае грамадзянства.

Некаторыя зь пералічаных у сьпісе беларусаў маюць свае старонкі ў сацыяльных сетках. У аднаго зь іх пазначана, што ён жыве ў Пецярбургу і вучыўся ў акадэміі МУС Беларусі.

Раней у базу «Миротворець» трапілі:

  • дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ірына Даўгала,
  • старшыня праўленьня Беларускага саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў,
  • вядоўца тэлеканалу СТВ Юлія Арцюх,
  • дырэктар Цэнтру вывучэньня пэрспэктыў інтэграцыі краін ЭАЭС Дзьмітры Белякоў,
  • вядоўца тэлеканалу СТБ Рыгор Азаронак,
  • Аляксандар Лукашэнка,
  • а таксама ў базу цэнтру ўключаныя зьвесткі пра 117 беларускіх грамадзян, якія ваявалі за «ЛНР» і «ДНР».

Што такое ПВК «Вагнэр»

Прыватная вайсковая кампанія «Вагнэр» або група Вагнэра — нефармальная вайсковая арганізацыя, якая не ўваходзіць у склад рэгулярных узброеных сілаў Расеі і ня мае юрыдычнага статусу. Раней СМІ сьцьвярджалі, што ў яе складзе ваявалі да 2 500 вайскоўцаў. Яны ўдзельнічалі ў апэрацыях на ўсходзе Ўкраіны і ў Сырыі. Дзейнасьць гэтай кампаніі зьвязваюць з расейскім бізнэсоўцам Яўгенам Прыгожыным.

Афіцыйныя асобы ў Расеі адмаўляюць існаваньне ПВК «Вагнэр». У Крамлі толькі прызнаюць, што расейцы могуць прыватным чынам удзельнічаць у ваенных дзеяньнях за мяжой.

Летась 29 ліпеня ў санаторыі пад Менскам затрымалі 33-х расейскіх удзельнікаў ПВК «Вагнэр». Улады Беларусі заявілі, што падазраюць іх у падрыхтоўцы беспарадкаў напярэдадні выбараў. Украіна прасіла выдаць вагнэраўцаў ёй, бо яны бралі ўдзел у баявых дзеяньнях у Данбасе. Але праз два тыдні затрыманых вярнулі ў Расею.

13 сьнежня Эўрапейскі зьвяз увёў санкцыі ў дачыненьні да 8 асобаў, зьвязаных з ПВК «Вагнэр». У 2018 годзе санкцыі супраць бізнэсоўцаў, зьвязаных з ПВК «Вагнэр» увялі ЗША.

Што такое цэнтар «Миротворець»

Цэнтар «Миротворець» стварыла ў 2014 годзе група ўкраінскіх навукоўцаў, юрыстаў, журналістаў, выкладчыкаў, вайскоўцаў і спэцыялістаў у вывучэньні прыкметаў злачынстваў супраць нацыянальнай бясьпекі, міру, бясьпекі чалавецтва і міжнароднага правапарадку.

Цэнтар мае статус недзяржаўнай арганізацыі. За шэсьць гадоў дзейнасьці цэнтар сабраў больш як 200 тысяч прозьвішчаў грамадзян розных краін, дзейнасьць якіх, паводле стваральнікаў сайту, мае прыкметы злачынстваў. Умоўна ўсіх іх можна падзяліць на пяць групаў:

  • Расейскія вайскоўцы, якіх абвінавачваюць у забойствах украінскіх грамадзян. У базе ёсьць іхныя фатаздымкі, дакумэнты, зьвесткі пра разьмяшчэньне вайсковых частак.
  • Тэрарысты, баевікі, найміты, удзельнікі незаконных узброеных фармаваньняў і прыватных арміяў, падкантрольных Расеі.
  • Парушальнікі дзяржаўнае мяжы Ўкраіны (тыя, хто наведваў анэксаваны Расеяй Крым праз расейскую тэрыторыю).
  • Украінскія вайскоўцы, якія парушылі прысягу Ўкраіне і перайшлі на бок Расеі і кантраляваных ёю незаконных узброеных фармаваньняў.
  • Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і грамадзкіх арганізацый, якія, паводле стваральнікаў сайту, удзельнічаюць у інфармацыйнай вайне, якую арганізавала Расея супраць Украіны, апраўдваюць агрэсію і ваенныя злачынствы Расеі і яе грамадзян.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG