Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапелка: «Артыкул за ўдзел у зьліквідаваных арганізацыях — яшчэ адзін інструмэнт для парушэньня свабод у руках дзяржавы»


Павал Сапелка
Павал Сапелка

Беларускія дэпутаты ў двух чытаньнях прынялі папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасьць за ўдзел у зьліквідаваных арганізацыях: палітычных партыях, грамадзкіх і рэлігійных аб’яднаньнях, фондах. Гэтую ініцыятыву пракамэнтаваў юрыст «Вясны» Павал Сапелка.

Павал Сапелка лічыць, што папраўкі патрэбны толькі дзеля далейшага ўзмацненьня ціску на грамадзтва і парушэньня правоў.

«Што такое артыкул 193-1 КК у цяперашніх умовах? Гэта яшчэ адзін інструмэнт у руках дзяржавы для парушэньня правоў і свабод. Няхай там не такое жорсткае пакараньне, як па некаторых „пратэставых“ складах, але і самога факту крыміналізацыі правамерных дзеяньняў дастаткова, каб зьявілася яшчэ адна нагода адвольна затрымліваць, абшукваць і дапытваць сяброў і валянтэраў зьліквідаваных ці незарэгістраваных асацыяцый».

Такім чынам, як адзначае юрыст, выключаны з КК артыкул 193-1 вяртаецца праз два гады — у разгар рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці, ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і іншых НДА.

«Гэта робіць дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў, па сутнасьці, немагчымай і такім чынам абмяжоўвае права на свабоду асацыяцый. Увядзеньне крымінальнай адказнасьці паводле палажэньняў артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу за законную сацыяльную мабілізацыю ў мэтах свабоды асацыяцый і сацыяльнага пратэсту або крытыку палітычнай улады ў выглядзе штрафу ці зьняволеньня несумяшчальнае з дэмакратычным грамадзтвам, у якім людзі маюць права выказваць сваю думку як індывідуальна, так і супольна зь іншымі».

Па словах юрыста, практыка паказвае, што арт. 193-1 хоць і адносіцца да злачынстваў, якія не нясуць вялікай грамадзкай небясьпекі, пакараньнем па ім часта было менавіта пазбаўленьне волі, прычым у справе «Партнэрства» ў 2006 годзе — аж да максымальнага тэрміну.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG