Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ліквідавалі яшчэ адну няўрадавую арганізацыю — Фонд разьвіцьця Берасцейскай крэпасьці


Берасьцейская крэпасьць. 2019 год

Прэтэнзіі да фонду мелі фармальны характар.

Фонд разьвіцьця Берасцейскай крэпасьці паведаміў у Фэйсбуку пра сваю ліквідацыю.

8 сьнежня адбылося судовае паседжаньне, ініцыяванае галоўным упраўленьнем юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкама на падставе праведзенай праверкі. У выніку абласны суд ухваліў рашэньне ліквідаваць Фонд разьвіцьця Берасцейскай крэпасьці.

Прэтэнзіі да фонду мелі фармальны характар, праверка знайшла некаторыя памылкі ў справаводзтве.

«На судзе мы часткова пагадзіліся з вынікамі праверкі, але не пагадзіліся з пазовам і з высновамі аб неабходнасьці ліквідацыі Фонда. На наш погляд, выяўленыя парушэньні не зьяўляюцца падставай для закрыцьця, бо не прывялі да ўшчамленьня чыіх альбо правоў і не паўплывалі ні на вынікі нашай працы, ні на дасягненьне мэтаў Фонду»,— заявіла дырэктарка Фонду Аліна Дзеравянка.

Фонд быў створаны ў верасьні 2013 году з мэтай аб’ядноўваць намаганьні беларускіх і міжнародных экспэртаў у галіне вывучэньня спадчыны гораду і крэпасьці, праводзіць архіўныя дасьледаваньні, садзейнічаць захаваньню спадчыны. Фонд падрыхтаваў дзьве кнігі пра гісторыю крэпасьці і распрацаваў маршруты, якімі актыўна карыстаюцца турысты.

За апошнія гады Фонд рэалізаваў больш за 20 праектаў:

  • два тамы Атласу крэпасьці Брэст-Літоўск,
  • база даных «Спадчына Берасьцейскай крэпасьці»,
  • новы трансгранічны маршрут з мабільным дадаткам «VeloFort» па фартах крэпасьці, 1000 ідэй для 1000-гадоў. Брэста,
  • турыстычны гід «From Brest with love» і іншыя.

Улады Беларусі ў 2021 годзе закрылі сотні няўрадавых арганізацыяў. Лукашэнка прызнаў, што гэта робіцца на яго загад. 16 сьнежня на нарадзе аб супрацьдзеяньні санкцыям ён зноў выказаўся аб працы няўрадавых арганізацый і фондаў.

«Яшчэ раз паўтараю: здраднікам дараваць нельга. Тым, хто спрабаваў перакуліць краіну і здаць яе „туды“, ніякага прабачэньня ня будзе. Мы іх бачым і выяўляем дзясяткамі, а то і сотнямі, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. — Тыя арганізацыі, якія фінансаваліся з-за мяжы і арганізоўвалі пераварот і мяцеж, мы ўсе ліквідавалі. Як бы ні было цяжка, мы ж ведалі, якія будуць наступствы. І яны сёньня завылі: „Аднавіце назад!“ Яны ніколі не будуць адноўленыя», цытуе Лукашэнку БелТА.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG