Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар юстыцыі пра закрыцьцё НДА: «Пад эгідай добрых спраў падрывалі асновы дзяржавы»


Сяргей Хаменка.

Міністар юстыцыі Беларусі Сяргей Хаменка заявіў, што некаторыя недзяржаўныя арганізацыі «пераступілі чырвоную рысу».

«Ёсьць так званая чырвоная рыса, якую пераступаць нельга. І адным з асноўных фактараў зьяўляецца тое, што, заявіўшы сваю дзейнасьць у рамках нейкага спэктру паслуг або кірункаў разьвіцьця (клапаціцца пра коцікаў, выхоўваць спартоўцаў і гэтак далей), менавіта ў гэтым „калідоры“ і павінна рухацца нэкамэрцыйная структура. А на справе аказалася зусім ня так. Тыя структуры, якія павінны былі займацца коцікамі і сабачкамі, скаціліся зусім на іншае», — заявіў чыноўнік у эфіры тэлеканалу СТБ.

«Менавіта маскаваліся. Пад эгідай добрых спраў рабілі справы, якія падрывалі асновы нашай дзяржавы. Таму вынік такі»,— сказаў міністар.

Раней Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію карэспандэнту BBC Стыву Розэнбэргу падобным чынам пракамэнтаваў ліквідацыю недзяржаўных арганізацый, якія займаліся абаронай жывёлаў. Паводле яго, недзяржаўныя і некамэрцыйныя структуры, якія дапамагалі людзям, «пальцам не кранулі». Ліквідавалі толькі тыя, хто карыстаўся замежнай дапамогай і «граміў тут».

«Тое, што вы называеце: жывёлы там... Ну гучыць на карцінку. А вы гляньце, чым яны займаліся! Для мяне гэта, дарэчы, навіна, але я ўпэўнены, што гэта была шыльда, што яны баранілі жывёлаў, а грошы атрымлівалі на сваё існаваньне і на рэвалюцыі тут. Не на рэвалюцыі — на мяцяжы. Таму не прыкрывайцеся гэтымі словамі. Жывёлаў вы тут падтрымлівалі».

Тады Лукашэнка паабяцаў «выразаць усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі».

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG