Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва зьняло абвінавачаньні ў карупцыі зь першага прэзыдэнта Кіргізстану


Аскар Акаеў па па вяртаньні ў Кыргызстан
Аскар Акаеў па па вяртаньні ў Кыргызстан

Сьледзтва ў справе зьняло абвінавачаньні ў карупцыі зь першага прэзыдэнта Кіргізстану Аскара Акаева. Палітыка дапытвалі ў сувязі з крымінальнай справай аб найбуйнейшым у Цэнтральнай Азіі радовішчы золата Кумтор. Ён прылятаў на допыты ў Бішкек, але вярнуўся ў Маскву.

Пра тое, што ў сьледчых няма прэтэнзіяў да Акаева, паведамляе кіргіская служба Радыё Свабода — Радыё Аззатык. «У ходзе расьсьледаваньня пацьвердзілася, што ён ня браў ні тыйына (кіргіская разьменная грашовая адзінка. — РС) з Кумтору», — цытуе радыёстанцыя паплечніка былога прэзыдэнта Бекбалота Талгарбекава.

Аскар Акаеў узначальваў Кіргізстан з 1991 па 2005 год. Ён быў адхілены ад улады пасьля масавых выступаў апазыцыі, названых тады «рэвалюцыяй тульпанаў». Ад 2005 году экс-прэзыдэнт жыве ў Расеі. 77-гадовы палітык двойчы прыяжджаў на допыт у Бішкек. Упершыню — у жніўні. Тады ён упершыню вярнуўся на радзіму пасьля ўцёкаў.

Дагэтуль ён знаходзіўся ў вышуку на запыт Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бясьпекі Кіргізстану. Сьцьвярджалася, што ён і былыя прэм’ер-міністры Турсунбек Чынгышаў і Апас Джумагулаў прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці па факце карупцыі пры заключэньні пагадненьня аб распрацоўваньні Кумтору ў 1992 годзе і ўнясеньні ў дакумэнт зьменаў у 1994-м.

У ходзе допытаў высьветлілася, што кампанія-распрацоўнік Кумтору магла недаплаціць за ліцэнзію. «Аскар Акаеў папрасіў прабачэньня ў народу за тое, што ня вывучыў гэты момант», — заявіў Талгарбекаў. У ГНКБ сытуацыю пакуль не камэнтавалі.

У ліпені 2021 году прагучалі абвінавачаньні ў карупцыі пры распрацаваньні залатога радовішча Кумтор і на адрас наступнага пасьля Акаева прэзыдэнта краіны — Курманбека Бакіева. Ён быў зрынуты ў 2010 годзе і ўцёк у Беларусь, дзе атрымаў палітычны прытулак. Абвясьцілі яго міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і міжнародны вышук праз Інтэрпол. У 2013-м Вайсковы суд Кіргізстану прызнаў Курманбека Бакіева вінаватым у злоўжываньні службовым становішчам, а ў 2014-м — і ў арганізацыі замаху на жыцьцё брытанскага бізнэсоўца Шона Дэйлі, і завочна засудзіў на 25 гадоў пазбаўленьня волі. Ён дагэтуль жыве ў Беларусі, у інтэрвію Свабодзе расказваў, што яму і сямʼі вылучылі 15 сотак у Драздах, дзе ён пабудаваў дом.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG