Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнт Бакіеў прапаноўвае правесьці суд над ім у Беларусі з онлайн-трансьляцыяй


Курманбек Бакіеў. 2 сакавіка 2017 году.

Зрынуты 7 красавіка 2010 году другі прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў, які амаль 10 гадоў жыве ў Беларусі, пракамэнтаваў Свабодзе ініцыятыву Генэральнай пракуратуры экстрадаваць яго ў Бішкек.

Былы прэзыдэнт прапанануе правесьці суд над ім у Беларусі, калі «ёсьць такі юрыдычны мэханізм».

Раней Генпракуратура Кіргізстану ў заяве нагадала, што ў раней заведзеных крымінальных справах Курманбека Бакіева, яго блізкіх сваякоў, у тым ліку сына Максіма Бакіева і набліжаных да яго асобаў, судамі завочна вынесеныя абвінаваўчыя прысуды. Усе фігуранты асуджаныя на розныя тэрміны пазбаўленьня волі, і, паводле пракуратуры, цяпер ідзе праца для прымусовага вяртаньня Бакіевых у краіну.

Камэнтуючы заяву Генэральнай пракуратуры, Курманбек Бакіеў прапанаваў перастаць займацца «папулісцкай рыторыкай» і «навесьці парадак унутры сваёй сыстэмы правасудзьдзя».

Бакіеў згадвае пра суд у Лёндане, на які ён і ягоныя блізкія прыйшлі, «не хаваючыся»:

«Я, пачынаючы з красавіка 2010 году, гаварыў аб правядзеньні незалежнага расьсьледаваньня пад эгідай ААН ці каго заўгодна, але нікому гэта было ня трэба і цалкам зразумела, чаму... Я б яшчэ раз прапанаваў ім адкінуць у бок папулісцкую рыторыку і прызнаць, напрыклад, юрысдыкцыю міжнароднага крымінальнага суду, Гааскага трыбуналу або Эўрапейскага суду ў правах чалавека, я б быў першым або адным зь першых, хто б іх туды паклікаў», — заяўляе Курманбек Бакіеў.

Былы прэзыдэнт Кіргізстану кажа пра тое, што «калі ёсьць юрыдычны мэханізм правесьці ў Беларусі сапраўдны адкрыты з жывой трансьляцыяй праз інтэрнэт незалежны суд, дзе ва ўсіх будуць роўныя правы, доступ да ўсіх законных сродкаў, ня будзе ціску на сьведак, адвакатаў, то я б сам папрасіўся паўдзельнічаць у гэтым судзе ў якасьці падсуднага ва ўсіх іхных сфабрыкаваных справах, і калі незалежны суд прызнае мяне вінаватым, я сам пайду ў турму, нават намаганьняў ім ніякіх ня трэба будзе прыкладаць. Яны могуць мае словы выкарыстоўваць як афіцыйнае запрашэньне ў любы з судоў».

Раней былы прэзыдэнт Кіргізстану, які амаль 10 гадоў жыве ў Беларусі, зьвярнуўся да грамадзянаў сваёй краіны і папрасіў у народу прабачэньня. У адказ Генпракуратура падрыхтавала прэс-рэліз, у якім пералічыла злачынствы, за якія экс-прэзыдэнт завочна асуджаны на 30 гадоў пазбаўленьня волі.

  • Курманбек Бакіеў стаў другім у гісторыі Кыргызстана зрынутым прэзыдэнтам. Яго папярэдніка Аскара Акаева зрынулі з пасады ў 2005 годзе. Акаеў цяпер жыве ў Расеі, а Бакіеў атрымаў палітычнае прыстанішча ў Беларусі. Бакіеў завочна прызнаны вінаватым у саўдзеле ў арганізацыі масавага забойства 7 красавіку 2010 году. У 2016 годзе суд у Кіргізстане зьмяніў яму ранейшы прысуд (пажыцьцёвае пазбаўленьне волі) на 30-гадовы турэмны тэрмін. Кіргізстан дамагаецца ад Беларусі выдачы Бакіева на працягу апошніх 10 гадоў, беларускі бок адмаўляе ў выдачы з прычыны пагрозы палітычнага перасьледу на радзіме.
  • Пасьля рэвалюцыі 2010 года прэзыдэнтам стаў Альмазьбек Атамбаеў, які ў 2017 годзе добраахвотна пакінуў пасаду пасьля заканчэньня тэрміну. Затым у Атамбаева сапсаваліся адносіны зь пераемнікам Сааранбаем Жээнбекавым. Цяпер ён знаходзіцца пад арыштам праз абвінавачаньне ў карупцыйных злачынствах.
  • Чаму затрымалі былога прэзыдэнта Кіргізстану?

    Трэцяга прэзыдэнта Кіргізстану Алмазьбека Атамбаева затрымалі 8 жніўня ў выніку 2-дзённай спэцапэрацыі. Прыхільнікі былога прэзыдэнта супраціўляліся спэцназаўцам. У выніку сутычак пацярпелі больш 80 чалавек, адзін з байцоў спэцназу загінуў.

    • У 2017 годзе пасьля сыходу Атамбаева ў адстаўку на некалькіх бліжэйшых паплечнікаў Атамбаева былі заведзены крымінальныя справы, у асноўным па абвінавачваньнях у карупцыі. Атамбаеў пасьля гэтага адкрыта перайшоў у апазыцыю да цяперашняй улады.
    • У чэрвені 2019 году Атамбаева пазбавілі недатыкальнасьці і статусу экс-прэзыдэнта. Генпракуратура падазрае яго ў карупцыі і ўжо тройчы выклікала былога прэзыдэнта на допыт у якасьці сьведкі. Але Атамбаеў на допыты не зьяўляўся, лічачы, што яго пазбавілі недатыкальнасьці незаконна.

    Што стала зь іншымі прэзыдэнтамі Кіргізстану?

    • Другі прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў уцёк з краіны ў Беларусь падчас пратэстаў 2010 году.
    • Першы прэзыдэнт Аскар Акаеў у 2005 годзе склаў зь сябе паўнамоцтвы ў выніку «цюльпанавай рэвалюцыі». Пры дапамозе спэцслужбаў Акаеву ўдалося выехаць з тэрыторыі Кіргізстану. Каля 14 гадоў ён жыве ў Расеі, займаецца навуковай дзейнасьцю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG