Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помста «сталінскімі» прысудамі. Дыскусія аналітыкаў


Палітвязьняў Ігара Лосіка, Дзьмітрыя Папова, Арцёма Сакава, Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і Ўладзімера Цыгановіча асудзілі ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3, 14 сьнежня 2021 г.

Чаму Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку, Міколу Статкевічу і іншым удзельнікам іх справы далі такія вялікія тэрміны зьняволеньня? Чаму гэтыя тэрміны розныя, але і даволі блізкія? Ці магчымая лібэралізацыя цяперашняга рэжыму? Ці імаверны санкцыйны адказ на сёньняшнія прысуды?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч і палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі.

Класкоўскі

  • Цяпер заўважным праціўнікам рэжыму маленькіх тэрмінаў не даюць.
  • Калі Бабарыку далі 14 гадоў, назіральнікам было зразумела, што Ціханоўскаму менш не дадуць.
  • Падчас леташняй выбарчай кампаніі менавіта Ціханоўскі і Бабарыка прыцягнулі да сябе ўвагу.
Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
  • Яны выглядалі ў роўнай ступені небясьпечнымі для рэжыму.
  • Тое, што яму далі 18 гадоў, — гэта ў пэўнай ступені ацэнка маштабу асобы, маштабу палітыка.
  • Адносна Ціханоўскага дадаўся матыў асабістай помсты.
  • Ён летась стаў асабістым ворагам правадыра рэжыму, найперш праз сваю стылістыку.
  • Гэта і помста за фэнамэнальны посьпех ягонай жонкі, якую летась зарэгістравалі «дзеля прыколу», маўляў, якую небясьпеку ўяўляе хатняя гаспадыня?
  • Улады пачулі смак гэтых расправаў.
  • Калі Ціханоўскаму далі 18 гадоў, то і іншым чальцам гэтай групы трэба было даваць сувымерныя тэрміны, бо інакш момант асабістай помсты быў бы яшчэ больш відавочны.
  • Нават калі пачнецца ўмоўнае «адкручваньне гаек», відавочна, што пачнуць не зь Ціханоўскага і не са Статкевіча.
  • Статкевіча і падчас мінулай «ходкі» вызвалілі апошнім.
  • У межах патэнцыйнага палітычнага гандлю чым большыя тэрміны, тым даражэйшы палітычны «тавар».
  • Міністар Макей ужо прапаноўваў палякам вызваленьне пэўных палітычных вязьняў у абмен на пэўныя саступкі з польскага боку.

Карбалевіч

  • Такі жорсткі прысуд Ціханоўскаму і яго паплечнікам — гэта ў пэўнай ступені адказ на апошні пакет санкцыяў.
  • Гэта сыгнал Захаду — чым больш вы будзеце на нас ціснуць, тым большы будзе маштаб рэпрэсіяў.
  • Жорсткі прысуд Ігару Лосіку — адказ на амэрыканскія санкцыі, як і прызнаньне інфармацыйных плятформаў Радыё Свабода экстрэмісцкімі.
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Палітычныя рэпрэсіі — гэта таксама контрасанкцыі.
  • Статкевіча наагул невядома за што арыштавалі, ён нават не пасьпеў паўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.
  • У гэты працэс аб’ядналі розных людзей, некаторыя зь іх, магчыма, не былі знаёмыя паміж сабой.
  • Прысуд Ціханоўскаму і іншым фігурантам справы — гэта і спроба напужаць, і спроба прадухіліць новыя пратэсты напярэдадні рэфэрэндуму і падчас яго, і папярэджаньне на гады наперад.
  • Гэта і сродак ціску на Захад.
  • Цяперашні рэжым апынуўся ў ізаляцыі як унутры краіны, гэтак і на міжнароднай арэне.
  • І каб у такой сытуацыі ўтрымацца, рэжыму трэба ўвесь час чыніць масавыя рэпрэсіі.
  • Гэта падобна да сытуацыі, у якую трапілі бальшавікі пасьля захопу ўлады ў 1917 годзе.
  • Большасьць насельніцтва Расеі і зьнешні сьвет былі супраць іх.
  • Каб выжыць, ім трэба было разьвязаць няспынны тэрор.

Што было раней

Сёньня ў СІЗА-3 у Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:

  • Журналісту Радыё Свабода Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму,
  • Апэратару Арцёму Сакаву — 16 гадоў узмоцненага рэжыму,
  • Палітыку Міколу Статкевічу — 14 гадоў асаблівага рэжыму,
  • Мадэратару сацыяльных сетак Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў узмоцненага рэжыму,
  • Блогеру Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў узмоцненага рэжыму,
  • Блогеру Ўладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў узмоцненага рэжыму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG