Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Баюся, што дачка забудзе мой твар». Што Ціханоўскі, Лосік, Статкевіч, Цыгановіч пісалі з турмы


Дар'я Лосік трымае ліст з-за кратаў ад мужа, архіўнае фота
Дар'я Лосік трымае ліст з-за кратаў ад мужа, архіўнае фота

Палітвязьням Ігару Лосіку, Дзьмітрыю Папову, Арцёму Сакаву, Міколу Статкевічу, Сяргею Ціханоўскаму і Ўладзімеру Цыгановічу ў будынку гомельскага СІЗА-3 прысудзілі ад 15 да 18 гадоў зьняволеньня. Свабода паглядзела, пра што яны пісалі з-за кратаў за апошнія паўтара года.

Ігар Лосік: «Адчуваю сябе як вязень у Асьвенціме»

Ігару Лосіку 29 гадоў. Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга», фрылансэр Радыё Свабода. Жыў зь сям’ёй у горадзе Баранавічы. Ёсьць малая дачка Паўлінка. Атрымаў 15 гадоў калёніі.

«Пішыце часьцей. Вы адзіная крыніца інфармацыі для мяне тут. Тут сапраўды ня цукар, але я стараюся трымацца» (15 ліпеня 2020 году).

Ігар Лосік
Ігар Лосік

«Я ў шоку ад таго, што ў вас там адбываецца на волі. Нават ня ведаю, чаго і чакаць. Відаць, людзі паверылі ў свае сілы?» (29 ліпеня 2020 году).

«Час, канечне, цягнецца невыносна... Дачцэ ўсяго паўтара года, і больш за ўсё я баюся, што яна забудзе мой твар» (28 ліпеня 2020 году).

«Час на волі лёсавызначальны, шмат гарачых падзеяў і новых надзеяў... Трымайцеся, спадзяюся, гэта ненадоўга» (28 ліпеня 2020 году).

«Я так зразумеў, у Баранавічах быў пікет? Ведаю пра Бангалор і 63 тысячы. Я афігеў» (5 жніўня 2020 году).

«Я атрымліваў лісты і паштоўкі ад цэлых менскіх двароў і вуліц, дзе расьпісваліся дзясяткі чалавек. Гэта ваў!» (13 кастрычніка 2020 году.)

Малюнак Ігара Лосіка
Малюнак Ігара Лосіка

«У камэры пусьцілі ацяпленьне, стала горача. Лётае мыш па начах і не дае спаць. Атрымліваю ад Дашы фоткі Паўлінкі, сьлёзы льюцца самі па сабе. Яна вельмі вырасла» (25 кастрычніка 2020 году).

«Пастаянна думаю пра ўсю гэтую несправядлівасьць, калі ўжо чатыры месяцы абсалютна ні за што адарваны ад сям’і. І ўсім зразумела, што я нічога не рабіў і не зьбіраўся рабіць. Нейкі цырк і сюр» (25 кастрычніка 2020 году).

«Ужо пяты месяц... Без дачкі, бяз Дашы... Галава забітая думкамі, што ніколі іх не пабачу ці не дацярплю. Можа, так восень уплывае, усё халадае, пахмурна, сонца няма, сьвежага паветра няма... Так хочацца простай справядлівасьці! І пабачыць вас усіх!» (29 кастрычніка 2020 году).

«Прэс не качаю, спортам не займаюся. Ты ж ведаеш, у якой я камэры сядзеў. Там не было месца нават хадзіць. Дый жаданьня займацца няма. Сонца ня бачыш» (10 лістапада 2020 году).

«Нішто зараз не пераб’е ад думак пра Паўлінку і Дашу. За гэтымі думкамі 24/7 безь перапынкаў, ад гэтага зносіць дах» (10 лістапада 2020 году).

«Сэрца баліць за трагедыю з Раманам. Карацей, адзін нэгатыў. Куды ўсё коціцца?» (24 лістапада 2020 году).

«Часам уяўляю тую хвіліну, калі ўсе нарэшце пабачымся, бо вельмі па ўсіх сумую, як аддзячыць, ня ведаю. Думаю, і сьлёз не застанецца ад эмоцыяў, ад радасьці» (9 сьнежня 2020 году).

«Маральна кепска ад усяго, што адбываецца. Ператрусы, тэрміны. Два гады журналісткам увогуле ні за што. Таму я ілюзій ніякіх ня маю. Відаць, убачу дачку, толькі калі яна ў школу пойдзе і ўжо мяне забудзе» (18 сьнежня 2020 году).

«Велізарная падтрымка. Пішуць нават з Бразыліі. Наша возьме!» (5 студзеня 2021 году).

«Я вырашыў спыніць галадоўку. Мяне ўзрушыла неверагодная хваля салідарнасьці... У мяне ніколі не было жаданьня неяк вылучацца, я не хацеў публічнасьці. Я хацеў проста спакойна жыць і гадаваць сваю дачку. Але мяне вымусілі пайсьці на гэтую крайнюю меру, — перадаў Ігар Лосік 25 студзеня 2021 году, калі спыніў галадоўку, якую трымаў 42 дні. — За зімой абавязкова надыходзіць вясна, ноч зьмяняецца сьвітаньнем. Гістарычныя працэсы яшчэ нікому не ўдалося адмяніць або спыніць ніякімі дэкрэтамі, арыштамі або расстрэламі».

«Што ў мяне новага? Я нарэшце пахудзеў :). Хутчэй бы вясна, усё будзе добра» (3 лютага 2020 году).

«Даведаўся, як будзе [праходзіць] суд і дзе будуць праводзіць. Не чакаў, што так спужаюцца і ажно ў СІЗА будуць судзіць, як нейкіх забойцаў і маньякаў» (15 чэрвеня 2021 году).

«Ужо пісаць нават нічога ня хочацца, нічога абсалютна камэнтаваць... Неўзабаве роўна год з майго арышту, і Паўлінцы два гады з паловай» (15 чэрвеня 2021 году).

Дар’я Лосік пра ліст мужа ад 29 чэрвеня 2021 году: «Ігар ня верыць, што нешта зьменіцца ў лепшы бок. Ня мае апэтыту. Незадаволены тым, што суд закрыты і ніхто ня можа ведаць, што там адбываецца, пабачыць усё тое беззаконьне. Прасіў пацалаваць дачку за яго».

«Тут, акрамя году незаконнага зьняволеньня і закрытага „суду“, вырашылі дабіць яшчэ зьнявагай чалавечай годнасьці. Бясконцыя разьдзяваньні, прысяданьні ў голым выглядзе, суправаджэньне ў кайданках у позе „ластаўка“, як быццам я нейкі асабліва небясьпечны злачынец. Раз ці два на тыдзень у камэры ператрусы з трыбушэньнем усіх рэчаў. Адчуваю сябе як вязень у Асьвенціме, толькі што залатых каронак не выдзіраюць» (4 ліпеня 2021 году).

«Маразм як быў, так і працягваецца. Прычым такіх маштабаў, што я нават у шоку ад таго, што адбываецца. Нічога агульнага з законам няма, нават на 1%. Калі б суд быў адкрыты, то ўсё гэта развалілася б у першы дзень» (29 ліпеня 2021 году).

Сяргей Ціханоўскі: «Ёсьць тыя, хто сумняваецца, што мяне падставілі?»

Сяргею Ціханоўскаму 43 гады. Блогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни», муж Сьвятланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 29 траўня 2020 году на пікеце ў Горадні. Атрымаў 18 гадоў калёніі.

Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі

Фірмовы малюнак Сяргея Ціханоўскага з турмы — контур ягонай рукі. Многім ён пісаў толькі кароткія лёзунгі: «Верым, можам, пераможам!», «Жыве Беларусь!».

«Правільна, што верыш у мой фарт. Ну каму яшчэ так пашанцуе, каб зь Менску ў родны Гомель на суд адправілі? Альбо каб у кайданках не вазілі два разы на дзень на суд і ў „стаканах“ у судзе не стаялі? Мне суд проста ў СІЗА перанесьлі! Выйшаў з камэры ў 10:00, а не ў 6:00 — і адразу на паседжаньне. І на абед да сябе ў камэру. Крута ж! Шкада, што закрыты суд зрабілі. Але гэта таму, што няма чаго народу паказаць. А так бы адкрылі — і БТ дзяжурыла тут» (20 чэрвеня 2021 году).

Ліст ад Сяргея Ціханоўскага з турмы
Ліст ад Сяргея Ціханоўскага з турмы

«Мусіць, народ ужо праўду ведае. Альбо ёсьць тыя, хто сумняваецца, што мяне падставілі?» (20 чэрвеня 2021 году).

«Прагулкі ў нас штодзень, па гадзіне. Нас ня крыўдзяць. Усё паводле статуту. А ў іншых месцах хлопцаў білі. Слухаем тры гомельскія радыё тут, так што замаўляйце віншаваньні :) І ў „Гомельскай праўдзе“ — віншаваньні з днём нараджэньня :)» (7 ліпеня 2021 году).

«Кажуць, што на волі ўжо лічаць, што Бабарыка людзей падняў. Прапаганда ўсё перакручвае» (7 ліпеня 2021 году).

«Я атрымаў толькі адзін ліст без канцоўкі. Цэнзура, будзьце людзьмі! Дзе аркушы?!» (7 ліпеня 2021 году).

«У мяне ўсё норм. Даю паказаньні. Веру ў лепшае!» (8 ліпеня 2021 году).

«Піша ў кожным лісьце: „Беражы сябе“, просіць моцна не перажываць», — казала маці Сяргея Соф’я Ціханоўская 13 ліпеня 2021 году.

«Я нагадаў беларусам пра справядлівасьць, правы чалавека, годнасьць. Але галоўнае — я паказаў ім надзею. Пра надзею было напісана і на вашай паштоўцы. Веру ў перамены да лепшага ў Беларусі!» (жнівень 2021 году).

«Мне дадуць, як і банкіру, нямала. А ў газэтах мяне дагэтуль аблайваюць. Ніяк не забудуць. Так вось абылганы і сяджу. Настрой у нас ва ўсіх пазытыўны. Бадзёрыя духам. Верым у перамены да лепшага» (жнівень 2021 году).

«Як нас ні схілялі напісаць на памілаваньне — ніхто пра гэта нават ня думаў. Віны за намі няма ніякай — гэта ж усе разумеюць. Я думаў, што б я змог зьмяніць, калі б вярнуся назад. Дык ведаеш — нічога. Можа, толькі відэазварот запісаў бы» (21 жніўня 2021 году).

Мікалай Статкевіч: «Такі народ даможацца свайго»

Мікалаю Статкевічу 65 гадоў. Палітык, лідэр партыі «Народная грамада». Кандыдат на пасаду прэзыдэнта ў 2010 годзе. Дагэтуль адседзеў у турмах 8 гадоў. Апошні раз яго затрымалі 31 траўня 2020 году. Атрымаў 14 гадоў калёніі.

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

«Зараз годнасьць і сьмеласьць выяўляюць ужо многія дзясяткі тысяч грамадзян нашай краіны. З захапленьнем і гонарам за беларусаў назіраю за тым, што адбываецца. Такі народ даможацца свайго. Беларусь будзе вольнай» (19 кастрычніка 2020 году).

«Зноў забілі патрыёта (пра сьмерць Рамана Бандарэнкі. — РС). Забілі за стужкі старадаўніх беларускіх колераў. Кроў патрыётаў асьвячае наш шлях да волі. Мы ўсё роўна пройдзем гэты шлях. І ўлада, якая перажыла саму сябе, ня здолее гэтаму перашкодзіць. Але аплачаную крывёю свабоду мы болей нікому не аддамо» (19 лістапада 2020 году).

«Рэпрэсіі рэжыму паскараюць ягоную згубу. Бо крытычная колькасьць незадаволеных даўно нашмат перасягнута, а ў беларусаў выявілася салідарнасьць. Таму рэпрэсіі толькі штурхаюць да пратэстаў зараз і прывядуць да крымінальных спраў супраць катаў потым. Зараз самы цёмны час, але хутка ўжо паверне на вясну. Вясну свабоды» (19 сьнежня 2020 году).

Ліст Міколы Статкевіча з турмы
Ліст Міколы Статкевіча з турмы

«Як пішуць самыя ўпартыя карэспандэнты, мае адказы сталі да іх даходзіць. Мой асабісты рэкорд — перад травеньскімі сьвятамі атрымаў каляднае віншаваньне ад Анастасіі зь Фінляндыі, адпраўленае напрыканцы лістапада. Амаль паўгода ішло» (11 траўня 2021 году).

«Мікалай піша, што не прысутнічае больш у залі суду. Ён прыйшоў да высновы, што справа сфальсыфікаваная цалкам. На яго думку, гэта злачынства, і ўдзельнічаць у ім ён не зьбіраецца. Адмовіўся знаёміцца з матэрыяламі», — пераказала жонка Статкевіча Марына Адамовіч ягоны ліст 21 ліпеня 2021 году.

Статкевічу перадалі ліст ад Юрыя Васкрасенскага. Ён напісаў жонцы, што ня лічыць вартым адказваць на такія прапановы.

«Мікола толькі пасьмяяўся з прапановы наконт памілаваньня. Там была цытата: „Помните: вас дома ждут родные и близкие“. „Мне гэта нагадала ўлёткі, якія скідалі з самалёта тыпу „рама““, — пажартаваў Мікола», — расказала Марына Адамовіч.

«Наконт „зачысткі“ трэцяга сэктару — яе пэрыядычна абяцалі як адказ на санкцыі, яшчэ „самы патрыятычны міністар“ пагражаў ёю па беларускім радыё. Нібыта ён ёсьць (трэці сэктар. — РС). Хоць летась у раёнах і дварах ён зьявіўся. Калі рэжым вырашыў прыбраць са свайго фасаду дэкаратыўнае аздабленьне, то да адмены санкцый гэта не прывядзе, хутчэй наадварот», — напісаў Статкевіч у ліпені 2021 году.

«Калі дэманстратыўна, груба і масава парушаць правілы цывілізаванага сьвету, то самае меншае, што можа зрабіць сьвет, — адмовіцца ад любых кантактаў. Я не лічу гэта санкцыямі — хутчэй, рэалізацыяй біблейскага запавету: пазьбягай злога» (жнівень 2021 году).

Арцём Сакаў. «Памятаць я буду ўсё і заўсёды»

Арцёму Сакаву 27 гадоў. Відэаапэратар Сяргея Ціханоўскага, сябар ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 31 траўня 2020 году пасьля пікету Ціханоўскай у Горадні. Атрымаў 16 гадоў калёніі.

Арцём Сакаў
Арцём Сакаў

Маці Арцём Сакаў пісаў, што ў камэры гуляе ў шашкі, шахматы, даміно і нарды, малюе. Захацеў зьняць фільм. На здароўе ня скардзіўся. Нават ва ўмовах цеснай камэры і сьпёкі займаўся фізычнымі практыкаваньнямі.

«У мяне ўсё нармальна, „узничаю“. Сьпёка і тут адчуваецца, людзі марынуюцца ў такіх умовах, а ўмовы — доўбанага саўку (IT-краіна). Усяму патрэбны свой час» (10 ліпеня 2021 году).

«„Суд“? :-) Я наагул не разумею — што гэта... Нічога няма, таму ён і закрыты. Я не запісваю, нічога не пішу. Але памятаць я буду ўсё і заўсёды! Але вось гэта ўсё трэба будзе паказваць. І чым больш мне пакажуць, тым лепш будзе (цікавей) глядзець. Я тут сёе-тое зразумеў. Чалавек часам паказвае свае страхі на іншых» (ліпень 2021 году).

Ліст Арцёма Сакава з турмы
Ліст Арцёма Сакава з турмы

«Лета, восень, зіма, вясна... Калі-небудзь я раскажу ў падрабязнасьцях... Гэта ўжо даўно напісана ў кнігах. На жаль ці на шчасьце, я ўпершыню ня быў чытачом. Чытаць ёсьць што. Праўда, у адпачынку бібліятэкар. Тэлевізар нельга. Як бы можна, але нельга. „Таварышы“ (сукамэрнікі. — РС) — нармальна, агульную мову з усімі магу знайсьці. Галоўнае — усё пераводзіць на гумар. Убачымся па-любому! Свабода непазьбежная, як і краты для некаторых. Добрага настрою, вышэй нос!» — пісаў на волю Арцём Сакаў.

Уладзімер Цыгановіч: «Пераабувацца ня мае сэнсу»

Уладзімеру Цыгановічу 41 год. Блогер, аўтар Youtube-канала MozgOn. Яго затрымалі 9 чэрвеня 2021 году. Атрымаў 15 гадоў калёніі.

Уладзімер Цыгановіч
Уладзімер Цыгановіч

У дзень пачатку суду, 24 чэрвеня, Уладзімер напісаў жонцы, што ў закрытым судзе бачыць «свае бонусы».

«Няма неабходнасьці ў такую сьпёку некуды ехаць. Усё на месцы. Сёньня ў мяне ўсё хутка скончылася. Дарэчы, вуліца Кніжная на мапе 1910 году называлася вуліцай Турэмнай», — падзяліўся палітзьняволены.

«Думаю, што адвакаты будуць мной ня вельмі задаволеныя, але ты павінна разумець, што ў мяне выбар просты — як у мультфільме „Полкан и Шавка“ (савецкі мультфільм 1949 году, дзе апавядаецца пра здраду і баязьлівасьць сабакі Шаўкі. — РС). Мой выбар ты ведаеш. Пераабувацца пасьля ўсяго, што было за гэты год, ня мае сэнсу», — казаў блогер.

«Бліжэйшыя два тыдні ў мяне пост, „дыета“. Ня буду есьці мяса, сала, малочных прадуктаў, і, спадзяюся, сыдуць лішнія два кіляграмы. Другі бонус, што ня так будзе хацецца спаць на судах», — пісаў жонцы Ўладзімер.

У сувязі са сьпёкай у турме яму прыйшлі ідэі наконт адзеньня, калекцыю ён хацеў назваць «Сьлімак-рулетка»: каб рукавы кашулі ці нагавіцаў самі закасваліся. Прыдумляў адзеньне на сьпёку, дзе тканіна будзе толькі ззаду, а сьпераду — шлейкі, якія фіксуюць форму.

Іншая ідэя Цыгановіча — пра шакаляд: ён прыдумаў цукеркі ў форме белых і чорных шахматных фігур, а ўпакоўку для іх — у форме шахматнай дошкі.

«Можна рэальна згуляць у такія шахматы, праўда, адзін раз», — дадаў блогер.

«Вось у мяне суды ўжо месяц ідуць, абарона ёсьць. Нядаўна прыйшла думка, што ад сытуацыі, што склалася ў краіне, з усімі „прыгодамі“, выйгралі адвакаты. Попыт на іх паслугі вырас. Як кажуць у народзе, каму война, а каму карова дойна» (жнівень 2021 году).

«Я ня стаў дрэсіраваным, што, магчыма, ставіцца за галоўную мэту. Глядзі, як атрымалася. Першае — школы. Іх было шмат, таму ў іх не атрымалася „загасіць“ мяне. Другое — інстытут. Паездка ў ЗША, плюс з трэцяга курсу — на завочнае. Зноў не атрымалася паўнавартасна ўзьдзейнічаць. Трэцяе — войска. Не праходзіў службу. Чацьвёртае — раньні шлюб, крэдыт, дзеці — зноў не спрацавала. Пятае — наёмная праца, дзяржаўная служба — зноў міма. Таму я для іх, маіх „апекуноў“, чужы, неяк так» (жнівень 2021 году).

Дзьмітры Папоў: «Я больш за год чакаў, што „Расея сваіх не пакідае“»

Дзьмітрыю Папову 29 гадоў. Грамадзянін Расеі, раней жыў у Пецярбургу і працаваў бармэнам. Прыехаў у Беларусь у 2019 годзе. Мадэраваў сацыяльныя сеткі «Страна для жизни». Яго затрымалі 4 чэрвеня 2020 году. Перад затрыманьнем ён хаваўся ў лесе. Атрымаў 16 гадоў калёніі.

Дзьмітры Папоў
Дзьмітры Папоў

«Ты павінна разумець, што ўрэшце ўся гэтая гісторыя скончыцца, і нашмат раней, чым цяпер можа здавацца. Запомні 2 галоўныя рэчы:

1) Прысуд, які абвесьцяць, нічога ня будзе значыць! Ня буду я столькі сядзець, колькі абвесьціць судзьдзя. Хай нават 20 гадоў абвяшчаюць! Ні ў якім разе не ўспрымай прысуд усур’ёз!

2) Тое, што са мной цяпер адбываецца, тыя нягоды, якія мне даводзіцца перажываць, у рэшце рэшт канвэртуюцца ў магчымасьці. Відавочна, што я выйду ўжо ня тым самым Дзімам Паповым узору 2019 году. Яны самі адчынілі перада мной усе дзьверы да бязьмежных магчымасьцяў, і трэба быць поўным ідыётам, каб не скарыстацца шанцам», — пісаў Дзьмітры сваёй сястры Юліі.

Дзьмітры за кратамі ўжо плянаваў будучыню пасьля турмы. Пісаў, што хацеў бы перадусім паехаць у Чылі і Каліфорнію. Тлумачыў, што па тэлевізары ў камэры амаль штодня паказваюць фільм «Арол і рэшка», якім ён і натхніўся на падарожжа.

«Хочацца нарэшце жыць, а не існаваць», — пісаў Дзьмітры.

«Самае галоўнае, што я ў выніку ўсяго гэтага сюру прыдбаў, — гэта людзі. Цудоўныя, самыя добрыя людзі! Якія пішуць, перажываюць, падтрымліваюць! І іх проста нерэальна шмат! За ніякія грошы гэтага ніколі ня купіш. Зь іх падтрымкай можна перажыць любое пекла!»

У турме Папоў хацеў адмовіцца ад расейскага грамадзянства.

«Я больш за год чакаў, што „Расея сваіх не пакідае“, як неаднаразова казаў Пуцін. Аказалася, што гэта зусім ня так. На сваіх у Расеі выбіральная сьлепата. Уступаецца яна толькі за тых, дапамога якім можа прынесьці палітычныя балы кіраўніцтву Расеі. За простых сьмяротных, як я, які не адменіць санкцыі, ня купіць лішні танкер нафты, ніхто не заступіцца. Тым ня менш менавіта Расею я называў сваёй радзімай» (чэрвень 2021 году).

«Я адмаўляюся разумець, чаму за цэлы год консульства пацікавіліся маёй пэрсонай аднойчы. Я адмаўляюся разумець, чаму той дыялёг праходзіў пасьля катаваньняў мяне ў прысутнасьці супрацоўніка КДБ. Я адмаўляюся прымаць такое цынічнае стаўленьне расейскай дзяржавы да сваіх грамадзян. Я не хачу мець пашпарт такой краіны, якая гатовая ахвяраваць сваімі грамадзянамі ў інтарэсах іншай краіны. Для мяне гэта подлая і жорсткая здрада. Быць грамадзянінам краіны-здрадніцы я не хачу і ня буду» (чэрвень 2021 году).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG