Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як малюнкі з-за кратаў падтрымліваюць саміх палітвязьняў. Пагаварылі з валянтэркай праекту «Вольныя паштоўкі»


Палітзьняволенай Стасі Міронцавай крыкнулі з суседняй камэры, што атрымалі паштоўку зь яе малюнкам. Валянтэрка праекту «Вольныя паштоўкі» расказала, як сьвежыя ідэі і падыходы новай ініцыятывы дапамагаюць палітвязьням і іх сем’ям перажыць цяжкія часы.

Каманда праекту пачынала з 10 макетаў паштовак, створаных на падставе малюнкаў палітвязьняў.

«Спачатку гэта была проста крутая ідэя. Першыя малюнкі нам даслала дзяўчына, якая вельмі шмат піша палітвязьням. Потым ідэя паштовак з малюнкамі перарасла ўжо ў праект падтрымкі палітвязьняў — „Вольныя паштоўкі“. Цяпер мы робім ня толькі паштоўкі, але друкуем мэрч-шопэры і цішоткі, ствараем наборы паштовак, памяткі па напісаньні лістоў, праводзім розныя акцыі», — расказвае Дар’я.

Яна прыгадвае, што зусім нядаўна Сьвятлана Ціханоўская прадэманстравала «Вольныя паштоўкі» падчас выступу ў Эўрапарлямэнце. Потым парлямэнтары публікавалі іх у сваіх сацыяльных сетках.

Сьвятлана Ціханоўская з паштоўкай з праекту «Вольныя паштоўкі».
Сьвятлана Ціханоўская з паштоўкай з праекту «Вольныя паштоўкі».

Малюнкі ў асноўным дасылаюць блізкія палітвязьняў, кажа Дар’я.

«Бывае, што дасылаюць проста выпадковыя неабыякавыя людзі. Тады мы просім іх напісаць аўтару малюнка (палітвязьню) і ўдакладніць, ці ня супраць ён/яна, каб стварылі паштоўку на аснове малюнка. Альбо самі ўжо шукаем кантакты сваякоў і атрымліваем дазвол. Малюнкі і цытаты палітвязьняў у паштоўкі ператварае наша цудоўная каманда ілюстратараў».

У «Вольных паштовак» ёсьць тэлеграм-бот.

«Бот стварылі для таго, каб чалавек мог хутка выбраць сабе паштоўку, унесьці данат і адправіць нам свой адрас. Такая опцыя даступная ў боце на трох мовах — расейскай, беларускай, ангельскай. Даслаць у бот малюнкі нельга, але гэта добрая ідэя, таму скажам так: пакуль нельга».

У камандзе, што стварае паштоўкі, працуе 12 чалавек.

«Наша каманда цалкам складаецца з валянтэраў і валянтэрак. Большасьць сяброў каманды — гэта нашы ілюстратары і дызайнэры, акрамя таго, ёсьць людзі, якія дапамагаюць з тэкстамі і вядзеньнем сацыяльных сетак, зборам інфармацыі, некалькі чалавек займаюцца адпраўкамі паштовак і мэрчу па ўсім сьвеце».

Паштоўку можна атрымаць, калі ахвяраваць на сайце фонду BySOL мінімум 5 эўра. Сваякам палітвязьняў паштоўкі адпраўляюць проста так, кажа суразмоўца.

«Мы рэгулярна праводзім дні „Вольных паштовак“, калі адпраўляем іх проста за рэпост усім! Усе сабраныя сродкі накіроўваем ініцыятыве „Письма в клеточку“. Мы, вядома, на сувязі са шматлікімі ініцыятывамі: Politzek.me, фондам „Страна для жизни“, Dissidentby, Задзіночаньне беларускіх студэнтаў...».

Каляндны адвэнт-каляндар салідарнасьці

Напярэдадні сьнежня каманда распрацавала адмысловы адвэнт-каляндар.

«Варта зазіраць у яго штодзень і выконваць заданьне, выказваючы тым самым салідарнасьць з палітвязьнямі, — расказвае валянтэрка „Вольных паштовак“. — Людзі стамляюцца ад звыклых ім спосабаў, і мы мусім шукаць новыя формы падтрымкі, у тым ліку і ў гульнявой форме».

«Блізкія палітвязьняў у нашым мэрчы ходзяць на спатканьні ў калёніі»

За час існаваньня праекту «Вольныя паштоўкі» здаралася шмат цікавых гісторый, кажа Дар’я.

«Найлепшыя зь іх мы атрымліваем ад саміх палітвязьняў, калі да іх далятаюць „Вольныя паштоўкі“. Першая такая гісторыя адбылася, калі Стася Міронцава пачула, як ёй з суседняй камэры крыкнулі, што атрымалі паштоўку зь яе малюнкам: „Можа я табе казала... Пару тыдняў таму дзяўчынка зь нейкай камэры крыкнула, што ёй прыйшла мая паштоўка. Прыкольна“. Потым водгукі, што палітвязьні атрымліваюць паштоўкі са сваімі малюнкамі, пачалі прыходзіць часьцей. Вось ад Ксюшы Сырамалот: „Дзякуй вялікі за паштоўку! Я ведала, што яны ёсьць, але дагэтуль іх ня бачыла, таму была вельмі-вельмі-вельмі рада атрымаць“».

Тады каманда прыдумала новы фармат працы.

«Дасылайце нам малюнак, мы зробім паштоўку, вы адправіце яе назад і пацешыце блізкага вам чалавека. Потым зьявіўся мэрч. Некаторыя блізкія палітвязьняў у нашым мэрчы ходзяць на спатканьні ў калёніі, друкуюць яго для ўсёй сям’і».

Дар’я кажа, што прыйшоў водгук і ад Віктара Бабарыкі: «Чарговы раз парадаваўся за крэатыўнасьць нашых людзей. Калі я правільна зразумеў, то цяпер пачалі друкаваць паштоўкі з малюнкаў „сядзельцаў“. Гэта выдатна! Яшчэ адзін момант, які дэманструе неабходную сувязь і непарыўнасьць сьвятла „ўнутры“ і „звонку“. Шкада, што мне не даходзяць паштоўкі. Я б з задавальненьнем іх зьбіраў. Дарэчы, можна падумаць аб выданьні альбома такіх паштовак, альбо ў будучыні іх сабраць у адну кучу».

«Беларус беларусу беларус»

Дар’я кажа, што яна вельмі любіць сваю працу з паштоўкамі і для яе гэта важна.

«Я люблю „Вольныя паштоўкі“, люблю ідэі, якія нам прыходзяць у галаву, люблю людзей, якія проста так дапамагаюць. Раней не магла падумаць, што буду называць сябе творчым чалавекам, а тут зьявіліся „Вольныя паштоўкі“ — і ўсё моцна зьмянілася! Мне б хацелася, каб людзі, якія гэта прачытаюць, у нейкі дзень прачнуліся з думкай, што ім таксама важна дапамагаць, пайшлі зьбіраць каманду і рабіць! Як мая сяброўка Аня сказала калісьці: „Беларус беларусу беларус“. Вось наш праект якраз пра гэта. Дарэчы, ідэя праекту таксама належала ёй».

Суразмоўца кажа, што камандзе «Вольных паштовак» патрэбная дапамога.

«Нам патрэбныя ідэйныя, ініцыятыўныя і адказныя людзі, якія гатовыя прыйсьці ў нашу цудоўную каманду, узяць адказнасьць за рэалізацыю праекту альбо вядзеньне сацыяльнай сеткі. У нас да гэтага часу няма старонкі на Facebook, тэлеграм-каналу і ўласнага сайта. Мы будзем рады любым ідэям па далейшым разьвіцьці нашага праекту і гатовыя супрацоўнічаць у межах іншых праектаў і кампаній зь іншымі ініцыятывамі».

Пра што пісаць палітвязьням?

«Рэкамэндую пачаць з простай паштоўкі, дзе ня трэба пісаць шмат тэксту, — кажа Дар’я. — Можна скарыстацца сэрвісамі „письмо.бел“, „Письма в клеточку“. Можна адправіць шмат такіх паштовак. Магчыма, вы ў хуткім часе пачняце атрымліваць адказы, і ў вас зьявіцца азарт пісаць лісты ў адказ».

Каманда зрабіла карткі з парадамі на аснове матэрыялаў Яны Ганчаровай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG