Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А што, калі і праўда заўтра вайна?


Украінскі вайсковец у Луганскай вобласьці, паблізу ад акупаванай Расеяй тэрыторыі. Сьнежань 2021
Украінскі вайсковец у Луганскай вобласьці, паблізу ад акупаванай Расеяй тэрыторыі. Сьнежань 2021

Здаецца, ніколі за апошнія паўстагодзьдзя пра магчымасьць вайны ў Беларусі яе кіраўнікі не гаварылі так будзённа, так часта і так звыкла — нібы пра ўборку зернебабовых ці падрыхтоўку да чарговых перавыбараў.

Вось і на пачатку сьнежня, адказваючы на пытаньне пра тое, ці адбудзецца ў лютым рэфэрэндум, Аляксандар Лукашэнка агаварыўся: адбудзецца, «калі не пачнецца вайна».

Сьцісла:

  • Лукашэнка пасьля 9-га жніўня 2020 года пастаянна нагадвае пра магчымасьць вайны, нібыта рыхтуючы грамадзкую думку да яе непазьбежнасьці.
  • У сёньняшняй Беларусі ня толькі не да законаў, але і не да міру;
  • Для Лукашэнкі нават лякальны ўзброены канфлікт з кімсьці з суседзяў – апраўданьне ўсяго, што ён нарабіў на працягу апошніх двух гадоў (на вайну можна сьпісаць усё).
  • Войны рэдка сканчаюцца так, як разьлічваюць палітыкі, якія іх разьвязалі.

«На паўднёвым фронце — абстрэлы Чарнігава і Гомля, на заходнім — пазыцыйныя баі каля Ліды...» — сёньня гэта ўжо не гучыць, як трызьненьне хворай фантазіі.

Пра магчымасьць вайны, у якую можа быць уцягнутая Беларусь, Лукашэнка пасьля 9-га жніўня 2020 году нагадвае пастаянна і пры кожнай зручнай нагодзе, нібыта рыхтуючы грамадзкую думку да непазьбежнасьці. З таго дня, як 16 жніўня на мітынгу ў цэнтры Менску ён пачаў палохаць «натаўскімі танкамі, якія бразгаюць гусеніцамі ля нашых варот», гэты матыў гучыць амаль у кожным публічным выступе. Вось толькі самыя апошнія:

  • «Беларусь не застанецца ўбаку, калі Захад разьвяжа вайну ў Данбасе ці на мяжы з Расеяй» (29 лістапада).
  • «Вы ж разумееце, што калі мы разьвяжам тут вайну ў Беларусі, будзе ўцягнута NATO і будзе ўцягнутая Расея. Гэта ядзерная вайна» (20 лістапада).
  • «У нас вайна будзе іншая. У нас лясіста-балотная мясцовасьць. І калі супраць нас будзе наземная апэрацыя, нам трэба ўмець ваяваць на зямлі. Ракетамі нас могуць накрыць, але наземную апэрацыю ніколі не правядуць у Беларусі — мы да гэтага гатовыя» (16 лістапада).

Колькі разоў ён згадаў пра вайну за апошнія паўтара года, і не палічыш. Як часта за гэты час прапаноўваў сваім палітычным апанэнтам сесьці за стол перамоваў, дамовіцца, прыйсьці да нейкага кампрамісу — і не ўспомніш.

  • І вось ужо дзяржсакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч абрынуўся з крытыкай на ўкраінцаў за тое, што пасьля заяваў Лукашэнкі тыя пачалі сьцягваць войскі да сваёй паўночнай мяжы: «Гэта можа прывесьці да лякальнага канфлікту» (заява ад 8 сьнежня).

Краіна, дзе ня толькі не да законаў, але і не да міру

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна, некалькі гадоў таму, Беларусь была ў атачэньні калі не сяброў, то міралюбівых і неканфліктных суседзяў. Многія зайздросьцілі: ні з адной з суседніх дзяржаў няма тэрытарыяльных ці іншых прэтэнзіяў, ніякіх падстаў для канфліктаў. І вось сёньня: чатыры з пяці суседзяў — практычна ворагі; іхнае кіраўніцтва, паводле азначэньня Лукашэнкі, «мярзотнікі»; усе, апроч Расеі, адгароджваюцца ад Беларусі высокімі сьценамі і сьцягваюць да мяжы зь непрадказальнай суседкай свае войскі.

Прынята лічыць, што вяршыня мілітарызму, гонкі ўзбраеньняў і ваеннага супрацьстаяньня — гэта эпоха «халоднай вайны». І сапраўды, тады Савецкі Саюз напружваўся з апошніх сілаў, каб перагнаць ва ўзбраеньнях краіны Захаду. Але адначасова і ў грамадзтве, і сярод палітыкаў панаваў страх вайны, адчуваньне небясьпекі і непрыняцьце яе. Савецкая прапаганда штодня гаварыла не пра непазьбежнасьць вайны, а пра «барацьбу за мір». І «непахісны барацьбіт за мір ва ўсім сьвеце» дарагі таварыш Леанід Ільліч Брэжнеў і блізка не дазваляў сабе мілітарысцкіх заяў, падобных да лукашэнкавых. Магчыма, таму, што сам перажыў ваеннае пекла і да таго, як надзець маршальскі мундзір, не адзін год сядзеў у акопах, бачыў сьмерць блізкіх і на ўласнай скуры адчуў, якую цану заплаціў за тую вайну просты савецкі чалавек.

І хоць падчас «халоднай вайны» многія іранізавалі: «Калі так часта гавораць пра мір, справа ідзе да вайны», усё ж нейкія магутныя засьцерагальнікі тады існавалі. І галоўны зь іх, відавочна — жывая памяць пра вайну. Носьбітамі якой было пакаленьне Васіля Быкава і Алеся Адамовіча.

Тады палітыкі няспынна кляліся ў «міралюбівай вонкавай палітыцы». Часта крывадушнічалі, праўда. І ўсё ж вялікай вайны не дапусьцілі. Цяпер няма і той крывадушнасьці. Ці часта мы чуем пра «міралюбівую вонкавую палітыку» Лукашэнкі ці Пуціна? Пра гэта не гавораць нават яны самі. А і сказалі б, прагучала б зь іхных вуснаў недарэчна і фальшыва.

У сёньняшнім беларускім урадзе, апранутым пераважна ў мундзіры з генэральскімі пагонамі, няма нікога, хто перажыў тую вайну. Ім падабаецца прымаць пампэзныя парады пад гукі духавых аркестраў, бразгацець бліскучымі мэдалямі на расшытых пазумэнтам кіцелях.

Яны дружна галасуюць за любую ідэю галоўнакамандуючага. Няспынныя вайсковыя манэўры на межах; расейскія вайсковыя базы ў Беларусі; магчымасьць разьмяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі; увядзеньне пасадаў ваенрукоў у школах... Усе — за.

Можа, яны думаюць, што гэта ня іхныя дзеці, а нейкія іншыя людзі апрануць на іхны загад вайсковую ўніформу і возьмуць у рукі зброю, каб паміраць за гэты рэжым?

Многія лічаць, што Лукашэнка блефуе, што гэта проста яшчэ адзін сродак шантажу Захаду. Спрабаваў шантажаваць мігрантамі, палохаў здачай незалежнасьці, загнаў у турмы апазыцыю і іншадумцаў. Цяпер вось націскае на яшчэ адзін болевы пункт Захаду. Маўляў, ня хочаце вайны — прымайце мяне такім, які я ёсьць... А папраўдзе ні пра якую вайну ён нібыта і ня думае.

А мне ў гэтай сувязі чамусьці згадваецца 1990 год і ваенныя авантуры тагачаснага ірацкага дыктатара Садама Хусэйна. Тады таксама многія лічылі, што ён проста шантажуе суседзяў пагрозай вайны. А ён узяў і акупаваў суседні Кувэйт.

Вайна ўсё сьпіша

Маленькая пераможная вайна — блакітная мара любога дыктатара. Грамадзтва перад вонкавай пагрозай згуртоўваецца вакол правадыра. Усё былое забываецца і даруецца, як другараднае і неістотнае. Зь пераможцам будуць лічыцца, што б ён ні вычвараў ва ўласнай краіне. Вайна ўсё сьпіша. Паглядзіце дакумэнтальныя кадры жніўня 1914 году — як шчасьлівы, апантаны прагай помсты народ вітае свайго імпэратара ў Пецярбурзе. Усе перакананыя, што вайна будзе кароткай і пераможнай, што Расея адпомсьціць за пакрыўджаную Сэрбію. Патрыятычны чад ахапіў усё грамадзтва. Расейскі цар упэўнены, што гэта ён будзе заяжджаць на белым кані ў захоплены нарэшце Расеяй Канстанцінопаль, прымаць грандыёзны парад у маршальскім мундзіры. Але вайна для Мікалая Раманава і для ягонай сям’і ў выніку скончылася не бравурнымі маршамі і ваеннай славай, а пакутніцкай сьмерцю ў сутарэньнях Іпацьеўскага дома ў Екацярынбургу. З адначасовай трагічнай гібельлю ўсёй ягонай імпэрыі.

І Садам Хусэйн, дарэчы, нядоўга цешыўся мундзірам фэльдмаршала і перамогай над суседняй краінай, якую ён ператварыў у сваю правінцыю. Кувэйт у яго вельмі хутка адабралі, а сам ён празь нейкі час закончыў жыцьцё на шыбеніцы.

Беларусь ня здольная самастойна весьці вайну ні з трыма суседнімі краінамі NATO, ні з Украінай. Так што любы ўзброены канфлікт (калі толькі ён пачнецца) будзе суправаджацца воклічам зь Менску: «Ну, хто на нас з Пуціным?» І тут ужо пытаньне да Пуціна: ці памятае ён урокі гісторыі, тое, як спроба заступіцца ў 1914 годзе за маленькую Сэрбію скончылася крахам Расейскай імпэрыі.

Для Лукашэнкі нават лякальны ўзброены канфлікт з кімсьці з суседзяў — апраўданьне ўсяго, што ён нарабіў за апошнія два гады (на вайну можна сьпісаць усё). Непатрэбнымі стануць ні маніпуляцыі з Канстытуцыяй, ні выбары, ні апраўданьне перад народам за эканамічныя правалы і шалёныя палітычныя рэпрэсіі.

Іншая справа, што войны рэдка сканчаюцца так, як разьлічваюць палітыкі, якія іх разьвязалі. Можна толькі здагадвацца, як людзі ў Беларусі адрэагуюць на тое, што іхных мужоў і бацькоў пачнуць забіраць на рэальную вайну і што пачнуць прыходзіць труны аднекуль з Данбасу. І якая будучыня ў гэтым выпадку можа чакаць самога Лукашэнку. Гэтая бомба, якую ён хоча падсунуць іншым, можа ўзарвацца ў ягоных уласных руках.

«Кожны, хто хоць раз зазірнуў у шкляныя вочы салдата, які памірае на полі бою, добра падумае, перш чым пачынаць вайну», — гэтыя словы належаць Ота фон Бісмарку. «Жалезны канцлер» знаўся на войнах.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG