Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы канцлер ФРГ назваў Лукашэнку дыктатарам, заявіў пра «збольшага спынены» прыток мігрантаў


Новы канцлер Нямеччыны Олаф Шольц

Новы канцлер Нямеччыны Олаф Шольц назваў Аляксандра Лукашэнку дыктатарам, у якога няма легітымнай падтрымкі сярод насельніцтва Беларусі.

Шольц напярэдадні правёў нараду з прэм’ер-міністрамі фэдэральных зямель ФРГ. Пра Лукашэнку ён загаварыў у кантэксьце міграцыйнага крызісу.

«Цалкам зразумела, што дыктатар у Беларусі, а інакш яго назваць нельга, ня мае легітымнасьці з боку ўласнага насельніцтва і паспрабаваў з дапамогай уцекачоў учыніць ціск», — прыводзіць словы Шольца агенцтва ТАСС.

Канцлер Нямеччыны таксама адзначыў, што прыток мігрантаў празь Беларусь цяпер «збольшага спынены». Гэта адбылося дзякуючы жорсткай пазыцыі ЭЗ і ФРГ, а таксама працы з краінамі, адкуль адпраўляліся авіярэйсы ў Беларусь. У выніку прыток мігрантаў «пайшоў на зьмяншэньне», адзначыў Шольц.

Кансультацыі ў Эўразьвязе

Міністры ўнутраных спраў дзяржаў Эўразьвязк правялі кансультацыі аб далейшых захадах урэгуляваньня крызісу, зьвязанага зь мігрантамі з Блізкага Ўсходу, дастаўленымі беларускім рэжымам да межаў краіны.

Новая кіраўніца МУС Нямеччыны Нэнсі Фэзэр (Nancy Faeser) назвала «скандальным і бесчалавечным» выкарыстаньне Менскам мігрантаў у якасьці інструмэнту ў канфлікце з Эўрапейскім Зьвязам. Яе цытуе DW.

Паводле спадарыні Фэзэр, Аляксандар Лукашэнка эксплюатуе людзей, якія знаходзяцца ў гаротным становішчы, дзеля дасягненьня ўнутрыпалітычных мэт, заявіла Фэзэр у чацьвер, 9 сьнежня, у Бруселі падчас сваёй першай сустрэчы з калегамі па пасадзе зь іншых дзяржаў ЭЗ.

Разам з тым Эўразьвяз дасягнуў «першых посьпехаў» ва ўрэгуляваньні гэтага канфлікту, лічыць Нэнсі Фэзэр. Яна назвала важным выкананьне прававых стандартаў на межах ЭЗ. Акрамя таго, неабходна забясьпечыць доступ гуманітарных арганізацый і эўрапейскай памежнай службы Frontex да мігрантаў, якія знаходзяцца ў раёне беларуска-польскай мяжы.

Прапанова Эўракамісіі

Міністры ўнутраных спраў дзяржаў ЭЗ праводзяць кансультацыі аб далейшых мерах урэгуляваньня крызісу, які зьвязаны зь мігрантамі з Блізкага Ўсходу, дастаўленымі беларускім рэжымам да межаў краіны. У парадак дня ўнесена прапанова Эўракамісіі часова абмежаваць правы мігрантаў у Польшчы, Літве і Латвіі. Яна прадугледжвае, што на працягу наступных шасьці месяцаў іншаземцам могуць дазволіць падаваць прашэньне аб прытулку толькі ў пэўных месцах. Камісар ЭЗ па ўнутраных справах Ілва Ёхансан заявіла, што ва ўмовах узьніклага крызісу такія захады не парушаюць асноўных правоў і свабод у ЭЗ.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG