«Калі людзі хочуць жыць і працаваць, то, думаю, пытаньне вырашальнае», — сказала яна падчас наведваньня лягістычнага цэнтру ў Брузгах, нагадаўшы, што Беларусь прыняла ўкраінцаў і сотням ужо дала грамадзянства.
Але, па яе словах, людзі чакаюць і спадзяюцца, што іх забяруць зь мяжы, таму не жадаюць пакуль пераяжджаць у іншыя месцы.
Пры гэтым, як перадае БелТА, чыноўніца абурылася, што эўрапейскія дзяржавы не жадаюць забіраць мігрантаў. Хоць павінны адкрыць для іх гуманітарны калідор, бо пакуль толькі беларускі бок нясе выдаткі.
«Ніяк не магу зразумець кіраўнікоў краін, якія дапусьцілі такое. Ім сёньня трэба зрабіць гуманітарны калідор і прапусьціць гэтых людзей. Бо толькі нашая краіна робіць усё для іх: забясьпечвае харчаваньнем, стварае неабходныя ўмовы, дапамагае тым, хто гэтага хоча, вярнуцца дадому», — пералічыла Натальля Качанава.
У чым Эўразьвяз і Польшча вінавацяць Лукашэнку?
Апоўдні 16 лістапада мігранты пачалі штурм мяжы ў Кузьніцы, польскіх паліцыянтаў і памежнікаў сталі закідваць камянямі і шумавымі гранатамі, спрабавалі вырваць слупы з агароджы, намагаліся зьбіць калючы дрот бервяном. Польскія паліцыянты адказалі вадамётамі і пакуль адбіваюць атакі.
Польшча абвінавачвае ўлады Беларусі ў наўмыснай арганізацыі каналу для перапраўкі мігрантаў у Эўразьвяз. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прапановай забараніць палёты ў небе краінаў ЭЗ для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Беларусь.
Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётр Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня.
У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер.