Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн: уступленьне Ўкраіны ў NATO залежыць толькі ад Кіева і NATO


Джо Байдэн
Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн правёў перамовы зь лідэрамі «бухарэсцкай дзявяткі» або так званага ўсходняга флянгу NATO, падчас якіх абмеркаваў зь імі сытуацыю на расейска-ўкраінскай мяжы.

Прэзыдэнт ЗША і лідэры Баўгарыі, Чэхіі, Эстоніі, Вугоршчыны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Румыніі і Славаччыны абмеркавалі «дэстабілізуючае нарошчваньне Расеяй вайсковай сілы на межах з Украінай і неабходнасьць адзінай, падрыхтаванай і рашучай пазыцыі NATO адносна калектыўнай абароны саюзьнікаў», — гаворыцца ў заяве Белага домц па выніках перамоваў.

9 сьнежня пасьля тэлефоннай размовы прэзыдэнтаў ЗША і Украіны Джо Байдэна і Ўладзіміра Зяленскага ў Белым доме заявілі, што ўступленьне Украіны ў NATO, супраць якога рэзка пярэчыць Масква — справа, якая тычыцца выключна самой Украіны і NATO.

Аднак, як заявіла на брыфінгу прэс-сакратар Белага дому Джэн Псакі, ёсьць пэўныя патрабаваньні, якім Украіне неабходна будзе адпавядаць па шэрагу пытаньняў, у тым ліку, карупцыі і іншых пунктах. «І відавочна, гэта справа краін-партнэраў NATO і самой NATO як альянсу, вызначаць, як будзе выглядаць далейшы шлях», — сказала прадстаўніца амэрыканскай адміністрацыі.

Раней прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн паведаміў, што плянуе ў пятніцу, 10 сьнежня, аб’явіць аб сустрэчы, у якой прымуць удзел прадстаўнікі Расеі і чатырох краін — саюзьніц ЗША па NATO. Аб якіх менавіта дзяржавах ідзе гаворка, ён не ўдакладніў. Мэта сустрэчы, паводле слоў амэрыканскага прэзыдэнта, абмеркаваць занепакоенасьць Расеі наконт пашырэньня NATO і магчымасьць дасягнуць дамоўленасьцей, якія б дазволілі зьнізіць напружанасьць у рэгіёне.

Як распавёў агенцтву Bloomberg дыплямат з Усходняй Эўропы, улады адной з краін у рэгіёне «разьюшыліся» і патрабуюць растлумачыць, што плянуе прэзыдэнт ЗША.

Некаторыя краіны NATO лічаць гатоўнасьць Байдэна да дыялёгу з Расеяй дыпляматычнай саступкай, піша выданьне. Паводле словаў суразмоўцы агенцтва, у мінулым гэтыя дзяржавы былі пад уплывам СССР, а цяпер суседнічаюць з «агрэсіўнай Расеяй».

Прэм’ер-міністар Эстоніі Кая Калас заявіла, што Расеі нельга дазваляць умешвацца ва ўнутраныя рашэньні NATO. Паводле яе слоў, Масква пад ціскам пагроз і вайсковай сілы хоча «падзяліць Эўропу на сфэры ўплыву».

  • Вашынгтон, яго саюзьнікі па NATO і ўкраінскія ўлады выказваюць трывогу ў сувязі з інфармацыяй аб тым, што Расея засяродзіла паблізу межаў з Украінай дзясяткі тысяч сваіх вайскоўцаў. Масква катэгарычна адмаўляе меркаваньні, што яна рыхтуе ўварваньне ва Ўкраіну.
  • 7 сьнежня падчас відэасаміту прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Ўкраіна стала галоўнай тэмай для абмеркаваньня. Байдэн папярэдзіў Маскву, што ўзброеная эскаляцыя абернецца для Расеі новымі жорсткімі санкцыямі. Пуцін заявіў, што сказаў Байдэну аб недапушчальнасьці для Масквы далейшага пашырэньня NATO на ўсход. У Белым доме адзначылі, што Байдэн падчас размовы не пайшоў на саступкі ў пытаньні аб пашырэньні NATO на ўсход. Пры гэтым у адміністрацыі ЗША ўказалі, што гатовы абмяркоўваць з Масквой тэмы, якія выклікаюць занепакоенасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG