Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як стыгма і «зачыстка» недзяржаўных арганізацый спрыяюць распаўсюду ВІЧ у Беларусі


Аднойчы я прыйшла на рутынны прыём да гінэкалягіні і папрасіла даць мне накіраваньне на аналізы на ВІЧ, сыфіліс і гепатыт. Яна зьмянілася ў твары, спытала, навошта мне гэта, і далей паводзілася дужа перадузята.

«Я здаю аналізы раз на год, каб сачыць за сваім здароўем» відавочна не было для яе аргумэнтам. Супакоілася яна толькі тады, калі на пытаньне пра сямейнае становішча я адказала, што ня замужам. «Ясна, таму і здаяце», — цяпер для доктаркі ўсё было зразумела.

Тэма ВІЧ дагэтуль застаецца табу ў грамадзтве, і тэматычныя стэрэатыпы нікуды не зьнікаюць. Я дагэтуль рэгулярна сутыкаюся з ідэяй, што ВІЧ — гэта хвароба нарказалежных і геяў. І да груп рызыкі традыцыйна адносяць людзей, якія ўнутрывенна ўжываюць наркотыкі, займаюцца сэксам зь людзьмі свайго полу ці займаюцца сэксам за грошы. Замужніх жанчын, у якіх толькі адзін палавы партнэр, да груп рызыкі адносіць не прынята, і дарма. Калі жанчына лічыць, што наяўнасьць аднаго палавога партнэра яе абараняе, яна зь меншай імавернасьцю будзе рэгулярна правярацца. Адпаведна, калі яна ў свайго партнэра не адзіная, і ён яе заразіць ВІЧ, яна пра гэта доўга не даведаецца.

Статыстыка заражэньня ВІЧ па ўсім сьвеце вельмі неаднародная і можа трактавацца па-рознаму. Але ў ААН ёсьць, напрыклад, вось такія зьвесткі: у Эўропе многія жанчыны (54%) даведваюцца, што ў іх ВІЧ, ужо на позьняй стадыі хваробы, калі імунная сыстэма пачынае адмаўляць. І ў 92% выпадкаў яны заражаюцца ў выніку гетэрасэксуальных сувязяў. Як шмат сярод іх жанчын, уцягнутых у прастытуцыю? Як шмат замужніх? Які адсотак мае толькі аднаго палавога партнэра? Адказы на гэтыя пытаньні дапамаглі б скласьці больш дэталёвую карціну цяперашняй эпідэміялягічнай сытуацыі.

У Беларусі 60,7% людзей са станоўчым ВІЧ-статусам — мужчыны, 39,3% — жанчыны. У першыя пяць месяцаў 2021 году сярод інфікаваных 83,1% людзей заразіліся палавым шляхам і 14,8% — праз кроў. А сярод тых, у каго ў гэты пэрыяд дыягнаставалі ВІЧ, 41,3% былі людзі працоўных спэцыяльнасьцяў і службоўцы, 36,2% ня мелі пэўнай працы, а 7,4% былі пасьля вызваленьня з-за кратаў.

Чым больш у адкрытым доступе будзе інфармацыі пра тое, што ВІЧ заражаюцца самыя розныя людзі з усіх сацыяльных слаёў, тым менш будзе новых заражэньняў і тым раней тыя, хто ўсё ж інфікаваўся, будуць даведвацца пра свой статус і зьвяртацца па дапамогу. Сёньня небясьпека ад ВІЧ можа быць не нашмат горшаю, чым ад цукровага дыябэту.

Але пакуль СНІД працягваюць лічыць «бруднай» хваробай, у нас няшмат шанцаў палепшыць эпідэміялягічную сытуацыю. І пакуль гэтая тэма будзе заставацца табу, у інфікаваных людзей будзе менш шансаў пражыць доўгае паўнавартаснае жыцьцё. А своечасовая антырэтравірусная тэрапія акурат дазваляе гэта зрабіць.

У Беларусі, што праўда, праблема ня толькі ў стэрэатыпах. Улетку 2021 пасьля 20 гадоў працы была ліквідавана асацыяцыя «БелСеть антиСПИД», якая аб’ядноўвала недзяржаўныя арганізацыі, што працавалі ў гэтай сфэры. Зачышчаючы прастору ад іншадумства, улады ігнаруюць той факт, што фактычна зачышчаюць яе і ад саміх людзей. І ня ўсе зьяжджаюць. Некаторыя проста паміраюць, бо Лукашэнка так і ня здолеў прыняць той факт, што выбары ён прайграў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG