Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паехаў безь сям’і, бо ў аднаго надзея на вяртаньне мацнейшая». Звольнены ў Беларусі доктар апавядае пра жыцьцё і працу ў Кіеве


Рустам Айзатулін
Рустам Айзатулін

Доктар Рустам Айзатулін, зь якім не працягнулі кантакт у РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі пасьля 12 гадоў працы, ужо паўтара месяца працуе ў прыватнай клініцы Кіева. Пераехаў адзін, безь сям’і, бо ня хоча «спальваць за сабой усе масты», а спадзяецца вярнуцца на радзіму.

Звольнілі з РНПЦ траўматалёгіі за пасты ў фэйсбуку

У сьнежні 2020 году з унікальным адмыслоўцам, які 12 гадоў адпрацаваў у беларускім РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі і на дабрачыннай аснове кансультаваў дзетак з нэўрацяглічнымі ды іншымі рэдкімі захворваньнямі, проста не працягнулі кантракт — фактычна за сьмелыя пасты ў фэйсбуку і актыўную пазыцыю.

«Мяне выклікалі ў міністэрства на размову і вынесьлі папярэджаньне за пасты ў фэйсбуку. Ніякіх затрыманьняў у мяне падчас акцый ніколі не было. Толькі пасты ў фэйсбуку.

Мне сказалі, што фінансаваньне Міністэрства аховы здароўя на наступны год скарачаецца, супрацоўнікаў хапае, таму проста не працягваюць кантракт. Ніякіх размоў, тлумачэньняў не было», — расказваў тады Айзатулін.

Калегі з РНПЦ сабралі больш за сотню подпісаў у яго падтрымку, але кіраўніцтва гэта праігнаравала.

Праз тры месяцы пасьля звальненьня Рустам убачыў, што ў РНПЦ маецца вакансія ў кансультацыйным аддзяленьні, дзе заўсёды бракуе спэцыялістаў. Аднак яго туды не ўзялі, хоць у вакансіі было пазначана патрабаваньне: досьвед працы, ня меншы за адзін год.

Прыняць Айзатуліна на працу не пабаяўся толькі цяпер ужо былы галоўны доктар Менскай гарадзкой дзіцячай лякарні Максім Ачарэтні. Але ў канцы красавіка 2021 году звольнілі і Ачарэтняга. Рустам Айзатулін у той жа дзень сышоў на знак салідарнасьці. Летам Максім Ачарэтні паехаў працаваць у Адэсу. А Рустам Айзатулін у Менску ўладкаваўся спэцыялістам у адаптыўным фітнэсе.

«Лепш уяўныя, туманныя пэрспэктывы дзесьці, чым панылы, шэры беспэрспэктыўняк тут»

На пачатку кастрычніка доктар Айзатулін паехаў на сталую працу ў Кіеў. Цяпер ужо па спэцыяльнасьці.

«Гэта прыватная клініка. Я раней ведаў дырэктара гэтай клінікі, ён родам зь Беларусі, даўно выехаў ва Ўкраіну, але пэрыядычна прыяжджае ў Беларусь да бацькоў і сваякоў. Летам мы сустрэліся, пілі гарбату. Я на той час ужо працаваў, але ня доктарам. Ён распытваў, як тут становішча. А потым прапанаваў мне паехаць у Кіеў: маўляў, што табе губляць. Сапраўды, страчваць ужо не было чаго: усё скочвалася ўніз на нахіленай, дактароў звальнялі, пацыенты зьяжджалі за мяжу, бо атрымаць адэкватную мэдычную дапамогу ў Беларусі не маглі», — успамінае Рустам.

Прыняць такое рашэньне было няпроста. Жонка Рустама таксама мэдык, дзеці вучацца ў школе. Сям’я засталася ў Менску.

«Мы сьвядома прымалі такое рашэньне, бо калі зьяжджаць усёй сям’ёй, гэта азначае спальваць усе масты. Мне спальваць за сабой масты абсалютна ня хочацца. Таму было вырашана, што я паеду адзін.

Я б не сказаў, што гэта вымушаная эміграцыя пад ціскам. Лепш уяўныя, туманныя пэрспэктывы дзесьці, чым панылы, шэры беспэрспэктыўняк і ідыятызм тут. Таму што пакуль ніякай сьветлай будучыні, якую апісваюць у дзяржаўных СМІ і ў тэлевізары, і не прадбачыцца.

Лягчэй пераехаць аднаму і потым вярнуцца аднаму, чым пераехаць з табарам, абрасьці рэчамі, а потым думаць, а ці варта вяртацца. Таму ў аднаго надзея на вяртаньне мацнейшая. Я ўзяў і паехаў — на свой страх і рызыку. Ёсьць варыянт паехаць яшчэ далей, чым Украіна. Але ўсё адно лягчэй гэта рабіць аднаму», — разважае Рустам.

«Працы хапае. Але адмысловай, улюбёнай працы, да якой я прызвычаіўся ў Беларусі, пакуль бракуе»

Пачынаць усё з нуля на новым месцы таксама няпроста. Нават крутому прафэсіяналу і добраму спэцыялісту.

«Пакуль не магу пахваліцца, што на працы ўсё добра. Пацыентаў па маім траўматалягічна-артапэдычным профілі няшмат, таму што трэба напрацаваць кліенцкую базу, а гэта ня так хутка. Нібыта і спадабаўся аднаму пацыенту, спадабаўся другому, той расказаў трэцяму, але ня так гэта ўсё хутка.

Таму даводзіцца „дабіраць“ тэрапэўтычнымі візытамі, езьдзіць на агляды перад проціковіднымі вакцынацыямі. Працы хапае, але такой адмысловай, улюбёнай працы, да якой я прызвычаіўся ў Беларусі, пакуль бракуе. І любімых пацыентаў таксама яшчэ няма. І любімых дзетак няма, да якіх можна прыкіпець, весьці іх, назіраць, як яны гадуюцца», — шчыра прызнаецца Рустам Айзатулін.

У Беларусі доктар Айзатулін шчыльна супрацоўнічаў з дабрачыннымі арганізацыямі «Геном», «РАНА», «Я РЕТТкая», кансультаваў неданошаных немаўлят, дзяцей з рэдкімі генэтычнымі і нэўрацяглічнымі захворваньнямі па ўсёй краіне. Кажа, што і ў Кіеў яму пацыенты шлюць свае мэдычныя заключэньні, вынікі абсьледаваньняў, аналізаў, просяць пракансультаваць віртуальна.

«Ніколі нікому не адмаўляю, заўсёды кансультую. Натуральна, гэта не жывая кансультацыя, калі ты бачыш пацыента. Але празь бюракратыю, немагчымасьць атрымаць жыцьцёва неабходныя прэпараты, якімі лечаць ва ўсім сьвеце, нават тыя пацыенты, што яшчэ засталіся ў Беларусі, імкнуцца кудысьці выехаць, бо тут усё складана. Са сьпінальнай цяглічнай дыстрафіяй едуць у Польшчу, зь міядыстрафіяй — у Расею ці яшчэ далей», — кажа Айзатулін.

І прызнаецца, што працягвае сачыць за лёсам сваіх былых пацыентаў, цяпер раскіданых па ўсім сьвеце.

Калі браць эмацыйны аспэкт, таксама дастаткова складана адаптавацца на новым месцы. Хаця ў Кіеве цяпер вельмі шмат беларусаў з самых розных сфэраў.

«Быццам бы і гуляеш па цудоўным горадзе, кантактуеш зь сябрамі, калегамі, якія таксама прыехалі, быццам і прыемна. Але даводзіцца вяртацца дадому, а там нікога няма. Так што пакуль складана, я яшчэ не прывык да такой самоты, хоць самоту і люблю», — прызнаецца доктар.

«Калі стане прасьцей легалізавацца, яшчэ больш мэдыкаў паедуць ва Ўкраіну»

Цягам апошняга году зь Беларусі ва Ўкраіну пераехала даволі шмат мэдыкаў. Дакладнай статыстыкі няма, бо ўладкоўваюцца яны ў асноўным у прыватныя мэдычныя цэнтры. Гэта крыху прасьцей, чым у дзяржаўныя мэдустановы. Але бюракратыі і складанасьцяў хапае. Таму цяпер ва Ўкраіне абмяркоўваецца законапраект аб легалізацыі беларускіх мэдыкаў.

«У дзяржклініках амаль ніхто з прыежджых беларусаў не працуе. Бо працэс легалізацыі складаны. Украіна не была гатовая да такога наплыву менавіта мэдыкаў. Тут былі гатовы да рэлякацыі айцішнікаў, малога і сярэдняга бізнэсу. А зь легалізацыяй мэдыкаў тут вельмі цяжка, шмат бюракратыі. У адным месцы дакумэнты трэба зарэгістраваць, у другім перакласьці, у міністэрствах адукацыі і здароўя зацьвердзіць.

Часам атрымліваецца замкнутае кола: бязь віду на жыхарства гэта ня робіцца, а ВНЖ не атрымаеш без дазволу на працу. Часьцяком гэтая бюракратыя падштурхоўвае мэдыкаў ехаць далей у Эўропу. Таму цяпер рыхтуецца законапраект аб спрашчэньні легалізацыі альбо даваньні квотаў для мэдыкаў, як гэта зрабілі для айцішнікаў. Калі ўкраінскія „нардэпы“ гэта зацьвердзяць і стане прасьцей легалізавацца, яшчэ больш мэдыкаў паедуць ва Ўкраіну», — лічыць Рустам Айзатулін.

Параўнаць, якая сыстэма аховы лепшая — беларуская ці ўкраінская — пакуль цяжка, кажа доктар, бо ён толькі паўтара месяца працуе. Са станоўчага — пацыент сам можа выбраць мэдустанову, клініку, дзе хоча лячыцца, рабіць апэрацыю, сам выбірае доктара.

«А паколькі тут многае „завязана“ на страхоўцы, мэдустановам гэта выгадна. Каб пацыентаў не прапусьціць, кожны спэцыялізуецца на сваёй „фішцы“. Хтосьці добра робіць апэрацыі на адным сэгмэнце канцавіны, хтосьці на іншым, хтосьці спэцыялізуецца на сьпіне, хтосьці лечыць дзетак. Пацыенту лёгка выбраць сабе клініку і прыехаць на апэрацыю зь любой часткі Ўкраіны. Ня трэба даведак, накіраваньняў, дазволаў на шпіталізацыю, ня трэба выслухоўваць, што „вы не адносіцеся да нашага раёну абслугоўваньня“.

Сыстэма зацьверджаньня пратаколаў лячэньня больш простая. Калі ёсьць эўрапейскія пратаколы, ня трэба іх перарабляць, перакройваць пад сябе, пісаць праграмы, рабіць клінічныя выпрабаваньні, расьцягваць на гады. Калі ў Эўропе яны зацьверджаныя і прайшлі клінічныя выпрабаваньні, то хутка ўкараняюцца ў практыку. У гэтым пляне лёгка. Ня тое, што ў нас», — зазначае беларускі лекар.

«Я ўсё ж такі спадзяюся на тое, што змагу вярнуцца дадому»

Кіеў Айзатуліну падабаецца — вялікі, разнастайны горад. У параўнаньні зь ім Менск — ціхі, спакойны, разьмераны, мяркуе Рустам. Па выходных ён вывучае новыя мясьціны і сваімі ўражаньнямі і цікавымі фатаздымкамі дзеліцца ў фэйсбуку.

«Тут усё сьпяшаюцца, бягуць, усе на эмоцыях, хуткасьці. Гістарычны цэнтар Кіева вельмі прыгожы, шмат знакавых месцаў. Я для сябе вырашыў, што самыя шыкоўныя кварталы, адметныя мясьціны я заўсёды пасьпею наведаць. А спачатку хачу паглядзець адваротны бок горада: падваротні, двары, графіці — пакуль пагода стаіць. Цікава», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад новага гораду Рустам.

І дадае:

«Я ўсё ж такі спадзяюся на тое, што змагу вярнуцца дадому і працаваць. Не азіраючыся па баках, не баючыся сказаць лішняе, а працаваць напоўніцу, як я магу, як я хачу. І рабіць любімую справу, атрымліваць задавальненьне ад працы, вольна дыхаць, перасоўвацца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG