Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыгоннае права для мэдыкаў. Дактары — пра 10 гадоў адпрацоўкі, што патрабуе Лукашэнка


6 лістапада. Аршанскі шпіталь. Справа - міністар Дзьмітрый Піневіч і Аляксандар Лукашэнка.
6 лістапада. Аршанскі шпіталь. Справа - міністар Дзьмітрый Піневіч і Аляксандар Лукашэнка.

Анколяг Надзея Пятроўская, алерголяг і імуноляг Ганна Барушка абмяркоўваюць патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі, каб беларускія лекары адпрацоўвалі 10 гадоў пасьля атрыманьня адукацыі.

Мэдыкі разважаюць, ці магчыма праз такія захады стрымаць ад’езд лекараў зь Беларусі, і фармулююць галоўныя праблемы беларускай мэдычнай сыстэмы.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Кандыдат мэдычных навук, анколяг Надзея Пятроўская працуе паводле спэцыяльнасьці ў Чэскім Крумлаве. Надзея загадвала аддзяленьнем РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, увосень звольнілася на знак пратэсту, калі ў РПНЦ насуперак волі пэрсаналу зьмянілі кіраўніцтва. За ўдзел у акцыях пратэсту яе каралі штрафам і арыштамі.

Імуноляг і алерголяг Ганна Барушка цяпер працуе ва Ўкраіне. Раней выкладала ў Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. У сакавіку была затрыманая і асуджаная на 15 сутак, расказала незалежным СМІ пра жахлівыя ўмовы ў турмах у Жодзіне і на Акрэсьціна ў Менску.


Сьцісла

  • У выніку палітыкі гвалту адток кадраў стаў крытычным. Нягледзячы на нястачу мэдыкаў, пандэмію і цяжкую чацьвёртую хвалю, працягваюцца звальненьні па «чорных сьпісах» Мінздароўя.
  • Ковід стаў выпрабаваньнем на трываласьць, на здольнасьць адаптавацца да зьменаў. Гэта краш-тэст для ўсёй сыстэмы. А ў нас было ажно два краш-тэсты — ковід і палітычныя ды сацыяльныя землятрусы.
  • Доктар вучыцца ў мэдычным унівэрсытэце 6 гадоў і адзін год інтэрнатуры. Пасьля ён павінен будзе адпрацоўваць 10 гадоў. Гэта 17 гадоў. Рэкрутаў у войска забіралі на 25 гадоў.
  • Што такое 1800 звышурочных гадзін? Гэта азначае, што кожны дзень доктар павінен працаваць 11 гадзін штодня без выходных і бязь сьвятаў.
  • За год пасьля звальненьня дырэктара і прызначэньня некампэтэнтнага, але ляяльнага да ўлады чалавека з цэнтру дзіцячай анкалёгіі сышлі 16 лекараў.

«Крызіс мэнэджмэнту», калі шэраг памылак кіраваньня прыводзіць да некантраляванага каскаду наступстваў"

— Аляксандар Лукашэнка 6 лістапада загадаў міністру аховы здароўя Дзьмітрыю Піневічу ўнесьці прапановы, каб лекары былі абавязаныя адпрацаваць 10 гадоў пасьля атрыманьня адукацыі, як платнай, так і бясплатнай. Пра які крызіс у мэдычнай сыстэме найперш сьведчыць гэтае патрабаваньне?

Надзея Пятроўская
Надзея Пятроўская

Надзея Пятроўская: Я б назвала гэта «крызісам мэнэджмэнту», калі шэраг памылак кіраваньня прыводзіць да некантраляванага каскаду наступстваў і пагаршэньня і без таго цяжкай сытуацыі. Яшчэ да леташніх палітычных падзеяў, падчас першай хвалі ковіду, грэблівае стаўленьне чыноўніц Качанавай і Богдан выклікала прыступы гневу ў мэдыкаў, а пратэст мэдыкаў 7 лістапада летась стаў для нас пунктам невяртаньня. Нам далі зразумець, што мы таксама, як усе беларусы, будзем сядзець на Акрэсьціна і ў Жодзіне, пойдзем пад суд і на суткі, а потым атрымаем тэрміны, нас будуць звальняць і выціскаць з краіны, на нас будуць ціснуць і нас будуць запалохваць.

У выніку палітыкі гвалту адток кадраў стаў крытычным. Аказалася, што ні дактарамі з абласных і раённых цэнтраў, якіх зьбіраліся запрасіць і даць жыльлё, ні выпускнікамі мэдычных ВНУ, якімі абяцалі ўкамплектаваць мэдустановы, вырашыць праблему кадравага дэфіцыту немагчыма, таму што лекараў няма і ў абласьцях, і на раёнах, а інтэрнаў трэба яшчэ вучыць.

«Гэта як каскад памылак»

Ганна Барушка
Ганна Барушка

Ганна Барушка: У Беларусі няма такой спэцыяльнасьці, як мэнэджар у сфэры аховы здароўя. Не існуе такіх цалкам падрыхтаваных спэцыялістаў, таму ў выніку памылак, якія робяцца пад ціскам сёньняшняй палітычнай сытуацыі, сыстэма становіцца нестабільнай і ўразьлівай.

Калі прызначаеш лекі, ёсьць такі панятак, як каскад прызначэньняў — адзін мэдыкамэнт выклікае пабочныя рэакцыі, далей на непажаданую рэакцыю прызначаеш іншы мэдыкамэнт, які таксама выклікае непажаданую рэакцыю. Гэта як каскад памылак. З усімі тымі захадамі, што цяпер робяцца, у нас проста няма спэцыялістаў, якія б маглі вывесьці сытуацыю з крызісу. Бо цяпер усё, што робіцца, вядзе да краху.

— Ці магчыма, што цяпер міністар Піневіч кіўне галавой, маўляў, зробім, але да справы ня дойдзе?

Ганна Барушка: Я вельмі мала ведаю ўнутраныя мэханізмы, як адбываецца працэс прыняцьця рашэньняў у Міністэрстве аховы здароўя. Гэта больш мэнэджарская справа. Абурае мэдыкаў неадэкватнасьць. Я ня ведаю ніводнага калегі, які б пазытыўна ставіўся да такіх заяваў. Гэта тое, што адкідае нашу прафэсію ня ў тысяча дзевяцьсот які-небудзь год, а да рабаўладальніцкага ладу.

«Праблема — суцэльны крызіс ва ўсім, у колькасьці кадраў, у якасьці кадраў»

— Вы абедзьве былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі праз палітычны перасьлед. Многіх лекараў звальняюць за ўдзел у пратэстах ці проста за тое, што не за таго кандыдата аддалі свой подпіс, як было ў выпадку з Максімам Ачарэтнім. Многія вашы калегі яшчэ ў Беларусі, але пра адʼезд думаюць. Як бы вы сфармулявалі тры самыя галоўныя праблемы для беларускай мэдыцыны цяпер?

Надзея Пятроўская: Кадравы дэфіцыт. Нягледзячы на нястачу мэдыкаў, пандэмію і цяжкую чацьвертую хвалю, працягваюцца звальненьні па «чорных сьпісах» Мінздароўя. Гэта немагчыма асэнсаваць. Другая праблема — хлусьня, статыстыка, у якую ня верыць само Міністэрства аховы здароўя. Крэдыт даверу да органаў улады ў народу вычарпаны. Як вынік — правальная вакцынацыя і нізкі ўзровень разуменьня людзьмі небясьпекі пандэміі. Гэта і супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, якія выклікаюць зьдзіўленьне. Прызначаецца масачны рэжым, скасоўваецца масачны рэжым. Хаатычныя дзеяньні, пазбаўленыя ўнутранай лёгікі.

Ганна Барушка: Магчымасьці разьвіцьця ў беларускай мэдыцыне былі вельмі абмежаваныя і падчас больш стабільнай сытуацыі, а цяпер гаварыць ці марыць пра нейкае разьвіцьцё проста немагчыма. Лекары, якія хацелі разьвівацца, самі сабе спансавалі паездкі на канфэрэнцыі. Калі я была ў асьпірантуры і за свой кошт паехала на канфэрэнцыю, каб хаця б пабачыць, што такое эўрапейская мэдыцына, эўрапейскія калегі ў маёй галіне, адміністрацыя назвала гэта «навуковым турызмам».

Вучыш мовы за свой кошт, езьдзіш за свой кошт... Зараз разьвіцьця проста няма. Зьнішчаныя ўсе ўстановы, якія давалі магчымасьці лекару павышаць узровень мовы. Той жа інстытут Гётэ. Праблема — суцэльны крызіс ва ўсім, у колькасьці кадраў, у якасьці кадраў. Праблемы, якія былі, сталі нашмат глыбейшымі, сталі амаль невырашальнымі.

Напрыклад, на мэдыцыну ў Францыі на першы курс паступае вельмі шмат студэнтаў, але яны праходзяць вельмі жорсткі адбор пасьля першага курсу, і больш чым напалову выбракоўваюцца з мэдычнае ВНУ. А ў нас узялі ўсіх, і амаль усе даходзяць да апошняга курсу. Няма фільтраў якасьці падрыхтоўкі высакаклясных спэцыялістаў.

Лекар павінен увесь час разьвівацца. У мэдыцыне, як бачым з ковідам, увесь час зьмяняюцца пратаколы, падыходы да лекаваньня. Тое самае адбываецца ва ўсіх іншых галінах. Ковід стаў выпрабаваньнем на трываласьць, на здольнасьць адаптавацца да зьменаў. Гэта краш-тэст для ўсёй сыстэмы. А ў нас было ажно два краш-тэсты — ковід і палітычныя ды сацыяльныя землятрусы.

«У мэдыцыну ідуць самыя матываваныя маладыя людзі»

— Калі гэтае патрабаваньне будзе рэалізаванае, ці атрымаюць улады чаканы эфэкт? Ці, наадварот, людзі, якія хочуць зьвязаць сваё жыцьцё з мэдыцынай, будуць спрабаваць ехаць вучыцца ў іншыя краіны, каб ня стаць прыгоннымі? І гэта будзе азначаць, што ня будзе прытоку моладзі ў мэдыцыну...

Надзея Пятроўская: У мэдыцыну ідуць самыя матываваныя маладыя людзі. Вельмі часта на юнацкім энтузіязьме. Для многіх — гэта пакліканьне і сэнс жыцьця. Хочацца прывесьці ў прыклад палітвязьня Ўлада Марціновіча (студэнт-мэдык. — РС), і я прашу аднадумцаў падтрымліваць палітвязьняў. Большасьць тых, хто прыняў рашэньне, ад яго ўжо не адмовяцца. Але рэалізоўваць яго будуць, найбольш верагодна, у іншай краіне. Як, напрыклад, студэнты-мэдыкі, якія зьехалі ў Чэхію, дзе іх прыняў Карлаў унівэрсытэт на бясплатнае навучаньне. Іншыя зьяжджаюць у Польшчу і Літву. Для тых, у каго няма замежнай мовы, ёсьць расейскія ВНУ.

«Мы і так у клетцы, мы і так у гета»

Ганна Барушка: Доктар вучыцца як мінімум сем гадоў у мэдычным унівэрсытэце (6 гадоў і адзін год інтэрнатуры). Пасьля ён павінен будзе адпрацоўваць 10 гадоў. Гэта 17 гадоў. Рэкрутаў у войска забіралі на 25 гадоў, і тут нешта такое падобнае. Гучыць жахліва. Той жа Ўлад Марціновіч пасьпее выйсьці і скончыць сваю адукацыю недзе за мяжой. А тыя, хто застанецца і будзе вучыцца мэдыцыне ў Беларусі, будуць яшчэ адпрацоўваць.

Наша адукацыя фінансуецца з нашых падаткаў, і мы маем права вызначаць гэтыя рэчы, насамрэч. Доктар — вельмі творчая прафэсія. Гэта не працаўнік на заводзе, які вырабляе нейкую колькасьць гаек. Немагчыма змусіць дактароў адпрацоўваць насуперак жаданьню. Мы і так у клетцы, мы і так у гета. Гэта пагоршыць маральны стан доктара. Доктар, які выгараў, у якога дэпрэсія, які не задаволены, — гэта дрэнны доктар. У мэдыцыне, як было падлічана ў 1999 годзе ў ЗША, мэдычныя памылкі былі на чацьвёртым месцы ў структуры сьмяротнасьці. У постсавецкіх краінах няма падліку мэдычных памылак, але нездаровы стан сыстэмы аховы здароўя павялічыць колькасьць і мэдычных памылак.

— У Беларусі, па дадзеных агульнарэспубліканскага банку вакансій, не хапае каля 10 тысяч мэдработнікаў, некаторыя беларускія бальніцы і паліклінікі шукаюць па 100 і больш спэцыялістаў. Хварэюць і патрабуюць мэдычнай дапамогі ўсе людзі, у тым ліку і тыя, хто чыніць рэпрэсіі, хто прымае незаконныя рашэньні. Ці ёсьць у іх усьведамленьне, што ў выніку патрэбную мэдычную дапамогу могуць не атрымаць яны самі і іх блізкія — праз тое, што проста ня будзе каму?

Надзея Пятроўская: Думаю, што патэнцыйныя VIP-пацыенты ўпэўненыя ў сваёй непахіснасьці. Але, як паказвае мой досьвед працы ў дарослай анкалёгіі, праз паўгода сыстэма забывае і выплёўвае нават самых эфэктыўных у мінулым функцыянэраў, і яны маюць выдатную магчымасьць назіраць плён сваіх намаганьняў нароўні са звычайнымі людзьмі. І чэргі, і дэфіцыт лекаў, і недахоп лекараў. Жыцьцё вельмі іранічнае.

Я перакананая, што рашэньне аб 10 гадах адпрацоўкі будзе сабатаванае, знойдуць прыстойную нагоду ці прычыну. Ніхто там ня можа сказаць слова насуперак гаспадару. Людзей, якія цьвяроза думаюць, навокал дастаткова, а сьмелых мала, як выглядае.

Ганна Барушка: Па ўсіх законах прыроды і этыкі ўсё дрэннае павяртаецца. І ўсё, што робяць супраць людзей, раней ці пазьней вернецца паводле закону бумэрангу. Гэта датычыць і тых, хто маўчыць, хто моўчкі прымае такія нерацыянальныя, неразумныя, антыгуманныя рашэньні.

«Ці падабаецца яму быць далакопам дзіцячай анкалёгіі?»

— Як рэагуюць на гэтыя заявы вашы калегі ў Беларусі? Якая кадравая і прафэсійная сытуацыя ў мэдычных установах, дзе вы працавалі?

Надзея Пятроўская: Сытуацыя ў дзіцячым анкалягічным цэнтры — яркая ілюстрацыя кадравай палітыкі Міністэрства аховы здароўя. За год пасьля звальненьня дырэктара і прызначэньня некампэтэнтнага, але ляяльнага да ўлады чалавека з цэнтру сышлі 16 лекараў (гэта каля траціны клініцыстаў). Большасьць зь іх пакінулі краіну. Ні інтэрнамі, ні перастаноўкамі праблему ня вырашыць. Тое, што будавалася 20 гадоў, за год было практычна разбурана. Хочацца спытаць, ці задаволены спадар Піневіч сабой? Ці падабаецца яму быць далакопам дзіцячай анкалёгіі?

Ганна Барушка: Да ковіду нас працавала на катэдры 4 чалавекі да майго сыходу. Цяпер засталіся толькі два чалавекі, ім вельмі цяжка. У жніўні мяне нават пыталіся, ці не зьбіраюся я вярнуцца, бо вельмі складаная сытуацыя, нікога ня могуць знайсьці, хто б працаваў на катэдры. Гэта курс алергалёгіі, імуналёгіі і прафпаталёгіі катэдры пульманалёгіі і фтызіятрыі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. Ня ведаю, ці можа быць адноўленая праца катэдры ў такім жа памеры, як было раней.

«Летась некалькі дактароў канчалі самагубствам»

— На мінулым тыдні мэдыкам павысілі ліміт звышурочнай працы да 1800 гадзін у год, гэта зьвязана з пандэміяй. Што гэта будзе азначаць практычна для мэдыкаў?

Надзея Пятроўская: Гэта будзе азначаць выгараньне. Яно ўжо наўпрост закранула мэдыкаў — і тых, хто працуе з ковідам, і тых, хто ў плянавай мэдыцыне. Менскі гарадзкі анкалягічны дыспансэр перапрафіляваны пад ковід, і вялікі паток анкапацыентаў зь Менску накіраваўся ў РНПЦ у Бараўлянах. Анколягі анкадыспансэру ў чырвоных зонах лечаць ковід, а іх калегі з РНПЦ у Бараўлянах захлынаюцца ад звышплянавай працы. Можа, хто і захоча «ўкалываць» на дзьве стаўкі, але такіх будзе няшмат.

Ганна Барушка: Мой калега падлічыў, што такое 1800 звышурочных гадзін. Гэта азначае, што кожны дзень доктар павінен працаваць 11 гадзін без выходных і бязь сьвятаў з 24-дзённым адпачынкам. Гэта амаль 2 стаўкі без выходных і сьвятаў. Гэта немагчыма ўявіць. Які іншы спэцыяліст можа працаваць столькі гадзін? У яго застаецца некалькі гадзін на побытавыя пытаньні і сон. Гэта азначае, што доктар павінен жыць на сваёй працы.

Чым больш стомлены і незадаволены доктар, тым больш у яго праблемаў у сфэры псыхічнага здароўя. Летась некалькі дактароў канчалі самагубствам. На жаль, мэдыкі знаходзяцца ў групе рызыкі па дэпрэсіях і суіцыдах. Асабліва гэта тычыцца мужчынаў. Такое напружаньне рана ці позна можа паламаць людзей. І гэта недапушчальна. Я супраць прымусу да такой рабскай працы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG