Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бесчалавечнасьць, помста і зайздрасьць». Лекары пра ціск на прыватныя мэдычныя цэнтры і хворых за кратамі


Флэшмоб лекараў шпіталя хуткай дапамогі ў сувязі са сьмерцю Рамана Бандарэнкі і арыштам доктара Арцёма Сарокіна
Флэшмоб лекараў шпіталя хуткай дапамогі ў сувязі са сьмерцю Рамана Бандарэнкі і арыштам доктара Арцёма Сарокіна

Абмяркоўваем найважнейшыя падзеі, зьмены і тэндэнцыі ў сыстэме аховы здароўя Беларусі разам з анколягам Надзеяй Пятроўскай і гастраэнтэролягам і эндаскапістам Лідзіяй Тарасенкай.

  • Што адбываецца з прыватнымі мэдычнымі цэнтрамі, дзе бясплатна аказвалі мэдычную дапамогу пацярпелым ад рэпрэсіяў.
  • Моцная перагрузка лекараў у Беларусі ў сувязі з ад’ездамі і звальненьнямі мэдыкаў з палітычных прычын.
  • Неаказаньне належнай мэдычнай дапамогі за кратамі.

Глядзіце дыскусію на відэа

Удзельнічаюць

  • Гастраэнтэроляг і эндаскапіст Лідзія Тарасенка, якая цяпер працуе ва Ўкраіне, а раней загадвала аддзяленьнем эндаскапіі ў РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі. Лідзія зьехала зь Беларусі ва Ўкраіну летась праз палітычную сытуацыю ў краіне.
  • Дзіцячы анколяг Надзея Пятроўская, якая працуе паводле спэцыяльнасьці ў Чэскім Крумлаве. Надзея загадвала аддзяленьнем РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, увосень звольнілася на знак пратэсту, калі ў РПНЦ насуперак волі пэрсаналу зьмянілі кіраўніцтва. За ўдзел у акцыях пратэсту яе каралі штрафам і арыштамі.


«Пад прэсінг падпаў менавіта той цэнтар, які бясплатна аказваў дапамогу пацярпелым ад рэпрэсіяў»

— Нядаўна зьявілася інфармацыя, што Міністэрства аховы здароўя прыпыніла ліцэнзію «Нардзіна» на апэрацыі і гісталягічную дыягностыку. І гэта не адзіны прыватны мэдычны цэнтар, які страціў ліцэнзію. Што за гэтым можа стаяць? Вядома, што ў прыватных цэнтрах бясплатна аказвалі дапамогу пацярпелым ад рэпрэсіяў. Ці ня ёсьць гэта такой схаванай помстай?

Лідзія Тарасенка
Лідзія Тарасенка

Лідзія Тарасенка: Не магу залезьці ў галаву людзям, якія знаходзяцца ўнутры сыстэмы і прымаюць рашэньні. Мне падаецца, што ўжо даўно многія рашэньні прымаюцца наўздагад. Ёсьць пэўная актыўнасьць з боку чалавека, адказнага за нейкі сэгмэнт працы, і ён вольны рабіць якую-хаця бязглузьдзіцу ў межах сваёй зоны адказнасьці. Амплітуда гэтай бязглузьдзіцы ўсё шырыцца. Гэта можа быць помста, можа быць спроба адціснуць нейкія грошы, можа быць жаданьне выслужыцца. Усё закрываюць, чаму б не закрыць мэдычныя цэнтры.

Надзея Пятроўская
Надзея Пятроўская

Надзея Пятроўская: У жніўні летась я была супрацоўніцай двух прыватных мэдычных цэнтраў. І пад прэсінг падпаў менавіта той цэнтар, які бясплатна аказваў дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій.

Наконт забіраньня ліцэнзіяў. Абсалютна ў кожнай мэдычнай працэдуры, нават унутрыцяглічнай іньекцыі, ёсьць спэктар ускладненьняў, які ні ад чога не залежыць. Ён проста ёсьць — у любой мэдыцыне, у Ізраілі, ЗША, Расеі і Беларусі. І гэта не залежыць ад якасьці мэдычнай дапамогі. Калі гэта адбываецца ва ўстанове дзяржаўнай мэдыцыны, гэта даруецца і не выносіцца на ўсеагульнае абмеркаваньне. Калі здараецца ў прыватным сэктары, з гэтага робяць узорна-паказальную лупцоўку. І нават не ідзецца пра мэдычныя памылкі, якія цяпер у сувязі з дэфіцытам кадраў у дзяржаўнай мэдыцыне будуць нарастаць адназначна.

Такая пазыцыя чыноўнікаў міністэрства ў адносінах да прыватнай мэдыцыны. Я бачу за гэтым пэўную тэндэнцыю і жаданьне прадэманстраваць перавагу і «паставіць на месца» пасьпяховы мэдычны бізнэс. Акрамя таго, што гэта помста, гэта можа быць і элемэнтарная зайздрасьць ня вельмі ўдалых мэнэджараў да больш пасьпяховага бізнэсу.

«Лекар мае поўнае права адмовіць у мэдычнай дапамозе, калі яна не тэрміновая»

— Вы абедзьве працавалі ў свой час як у дзяржаўнай мэдыцыне, так і ў прыватных мэдычных цэнтрах. З вашага досьведу, з вашых кантактаў зь цяперашнімі супрацоўнікамі прыватнай мэдыцыны, наколькі свабодныя яны ў сваіх рашэньнях — напрыклад, браць на працу звольненых мэдыкаў? Што можа пагражаць цэнтру, дзе ня сталі аказваць нетэрміновую дапамогу, напрыклад, амапаўцу?

Лідзія Тарасенка: Лекар мае поўнае права адмовіць у мэдычнай дапамозе, калі яна не тэрміновая, паводле закону, паводле кожнага кодэксу гонару. Няма нейкіх маральных і прапісаных установак, што доктар абавязаны аказваць нетэрміновую дапамогу. Існуе ў інфармацыйным полі ўстаноўка, што доктар некаму абавязаны... Не. Гэта такая ж праца, ад якой я маю права адмовіцца. У надзвычайнай сытуацыі ты абавязаны аказаць дапамогу, калі яна патрэбная. Доктар можа адмовіцца працаваць з тым, хто яму не падабаецца. І няважна, гэта амапавец, ці прадавачка, якая грубіць, ці іншы лекар, які грубіць.

Што можа пагражаць цэнтрам? Тое, што цяпер пагражае кожнаму чалавеку і кожнай арганізацыі ў нашай краіне. Караюць каго заўгодна і як заўгодна. «Прылятае» абсалютна нечаканым людзям — проста таму, што яны міма праходзілі. Тое самае тычыцца і бізнэсу.

Як працавалася ў прыватных цэнтрах? Гэта заўсёды была пэўная рызыка, зьвязаная зь непазьбежнасьцю пакараньня за што заўгодна. У прыватнай мэдыцыне свае рызыкі, у дзяржаўнай — іншыя. У дзяржаўнай мэдыцыне таксама каралі за ўсякую памылку ці промах. Але каралі мэтава канкрэтных мэдыкаў. Знаходзілі і прызначалі адказнага. У прыватнай мэдыцыне паказальная лупцоўка робіцца для мэдычнага цэнтру. Акцэнты іншыя, але ў цэлым сыстэма працуе аднолькава. Яна бязьлітасна і бессэнсоўна рэпрэсіўная.

Надзея Пятроўская: Каб зарабіць на годнае жыцьцё, доктар павінен дзяжурыць вельмі шмат, а пасьля дзяжурства заставацца працаваць поўны рабочы дзень. Тут, у Чэхіі, гэта зусім не практыкуецца. Пасьля дзяжурства доктар ідзе дадому. Адпаведна працэнт памылак і парушэньняў, зьвязаных з чалавечым фактарам, мінімізуецца. Мы ўразьлівыя, няважна, дзе мы працуем — у прыватнай ці дзяржаўнай мэдычнай установе.

«Мэдыкаў не хапае, бракуе расходнікаў, не стае прышчэпак, прычым ня толькі ад каранавірусу»

— Давайце пяройдзем да іншай тэмы — перагрузкі лекараў у сувязі з ад’ездам і звальненьнем мэдыкаў з палітычных прычынаў. Нядаўна мэдыкі 5-й клінічнай лякарні зьвярнуліся да начальства з дакладной запіскай аб тым, што іх працоўны графік і арганізацыя працы катэгарычна не адпавядаюць працоўнаму заканадаўству, што ў некаторых аддзяленьнях няма загадчыкаў. Што вам вядома пра гэтую сытуацыю, наколькі яна распаўсюджаная ў шпіталях у Беларусі цяпер?

Лідзія Тарасенка: Усё гэта пачалося з прыходам пандэміі каранавірусу. Гэта як выбух Фукусімы, як Чарнобыль на ўзроўні сыстэмы аховы здароўя, і тое, што цяпер адбываецца, гэта як гарыць тарфяное балота, дагарае. Мне заўсёды падавалася нелягічным, што чалавек працуе 32 гадзіны запар, і гэта штодзённая рэальнасьць, ня раз на год здараецца, а некалькі разоў на месяц. Мэдыкаў не хапае, бракуе расходнікаў, не стае прышчэпак, прычым ня толькі ад каранавірусу. Не стае звычайных прышчэпак кшталту БЦЖ.

Гэта нядобранадзейны эпідэмічны асяродак на шмат гадоў наперад. Дачыненьні людзей унутры сыстэмы і па-за яе межамі. Расьце недавер, расьце сэгрэгацыя грамадзтва, людзі не давяраюць дзяржаўным інстытуцыям, што паказала гісторыя з прышчэпкамі. Бо прышчэпкі — гэта плянаваньне на будучыню, а гарызонт плянаваньня скарачаецца. Нам бы дзень пражыць і ноч прастаяць. І так на ўсіх узроўнях. У шпіталях, дзе адміністрацыя звальняе супрацоўнікаў, ня думаюць, як яны заўтра будуць лячыць людзей. Усе спадзяюцца на цуд, што прыйдуць інтэрны — і што? Яны як прыйдуць, так і сыдуць. Мне бачыцца ўсё ў стане поўнай дысфункцыі, калі мы гаворым пра функцыянаваньне ўсіх дзяржаўных органаў.

Надзея Пятроўская: На сёньня ў РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, дзе я працавала загадчыцай аддзяленьня, з 30 анкагематолягаў, дактароў, якія былі «фронтам» у дзіцячай анкагематалёгіі, за паўгода сышлі 10 чалавек. Гэта траціна. Тое, што будавалася, стваралася дзесяцігодзьдзямі, за паўгода калі не да канца разбурана, то разбураецца ў прагрэсіі. Праца, якую выконвалі 30 лекараў, цяпер прыпала на лекараў, што засталіся, на плечы маладых спэцыялістаў, якія нават ня ведаюць, на што яны ідуць і пад чым падпісваюцца.

Гэта трагічны момант, калі вінаватымі зробяць невінаватых людзей, якія яшчэ не разумеюць, як у нас усё функцыянуе ўнутры сыстэмы. У сувязі з гэтым у мяне таксама вельмі сумны прагноз. Кажу пра тыя ўстановы, дзе я сама працавала, пра што магу сказаць даволі ўпэўнена. Людзям цяжка працаваць, яны працуюць на зношваньне. Мне прыкра гэта ведаць, але такая рэальнасьць.

«Бесчалавечнае абыходжаньне са зьняволенымі — па-за межамі дабра і зла»

— Апошні блёк размовы тычыцца мэдычнай дапамогі і стану здароўя за кратамі. Трое маіх калегаў, журналістаў Свабоды, нядаўна выйшлі з турмы на Акрэсьціна, яны застаюцца фігурантамі крымінальнай справы. Усе трое цяпер займаюцца сваім здароўем пасьля нечалавечых умоваў на Акрэсьціна. Вядома, што Андрэй Скурко з «Нашай Нівы», які мае дыябэт, пасьля Акрэсьціна трапіў у турэмны шпіталь на Валадарскага. У яго, праўдападобна, каранавірус і істотнае пагаршэньне здароўя пасьля таго, як ён не атрымаў належных лекаў як інсуліназалежны. Надзея, вы самі былі на Акрэсьціна. Якія хваробы найчасьцей «дае» Акрэсьціна палітычным вязьням?

Надзея Пятроўская: Перанаселенасьць — фактар рызыкі заражэньня ўсякай інфэкцыйнай паталёгіяй. Калі мяне затрымалі, была другая ці трэцяя хваля ковіду, і практычна ўсе, хто прайшоў Акрэсьціна, захварэлі і перанесьлі хваробу падчас зьняволеньня ці пасьля. Практычна 100% зьняволеных былі з гэтай інфэкцыяй. У людзей з фонавымі, хранічнымі хваробамі, кшталту дыябэту, ковід працякае значна цяжэй. Гэта бесчалавечнае абыходжаньне са зьняволенымі, ні пра якую гуманнасьць няма гаворкі. Гэта па-за межамі дабра і зла. Гэта невыкананьне мінімальных стандартаў утрыманьня зьняволеных.

Многія жанчыны ня могуць вельмі працяглы час схадзіць у прыбіральню. Гэта стрэсавы стан, калі складана ці немагчыма, асабліва дзяўчатам з павышаным узроўнем сарамлівасьці, памачыцца, проста таму, што там незакрытая прастора. Гэта асаблівы вытанчаны стыль псыхалягічнага ціску на зьняволеных. Гэта ж не крымінальны кантынгент, гэта інтэлігентныя людзі з высокім культурным узроўнем. І яны праходзяць праз такія прыніжэньні.

— Як у тых нечалавечых умовах магчыма захаваць, падтрымаць стан здароўя? Псыхалягічныя ўстаноўкі, фізычныя практыкаваньні?

Лідзія Тарасенка: Мне хацелася б мець рэцэпт, але я яго ня маю, як ніхто яго ня мае. Дый не пачуюць мяне тыя, хто цяпер за кратамі. Хочацца, каб яны перанесьлі гэта зь мінімальнымі стратамі для псыхікі і здароўя. Спадзяюся, што нашу размову пачуюць тыя, хто яшчэ ня там, людзі, якія знаходзяцца ў гэтым канцлягеры, які стварылі на тэрыторыі Беларусі.

Хочацца сказаць людзям, каб не сьпяшаліся расьпісвацца ва ўласнай бездапаможнасьці. Сыстэма сапраўды людажэрская, яна робіць усё, каб людзі сядзелі ціха, не высоўваліся, не прымалі ніякіх рашэньняў і плылі па цячэньні ў пашчу. З кожным днём усё складаней. Рэпрэсіі ўсё мацнейшыя, але калі мы жывыя, ёсьць магчымасьць нешта зрабіць.

Кожны дзень мы прымаем шмат дробных рашэньняў — пайсьці на працу ці не, трываць хамства ад начальніка ці не, працаваць за траіх ці не, уводзіць пацыенту фізіялягічную рошчыну, бо няма лекаў, ці сказаць пра гэта камусьці адкрыта. З такіх малых рашэньняў кожнага малога чалавека складаецца грамадзтва. Калі крытычная маса людзей гатовая да нейкіх дзеяньняў, грамадзтва жыве па-іншаму.

Калі ўсе мы паддаёмся дракону, на жаль, адбываецца тое, што цяпер. Пакуль мы жывыя, пакуль не ў турме, маем змогу нешта прадпрыняць, і кожны ведае, як паступіць слушна ў канкрэтнай сытуацыі. Не ідзіце на ўгоду з сумленьнем, інакш усё больш людзей будзе ў канцлягерах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG