Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяўчына з ныркавай недастатковасьцю спала на падлозе і застудзілася». Доктарка расказала пра свае «суткі»


Ганна Барушка

Выкладчыцу Беларускай мэдыцынскай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, лекарку Ганну Барушка затрымалі 27 сакавіка. Яна распавяла пра зьняволеньне.

29 сакавіка Фрунзэнскі суд прысудзіў жанчыне 15 дзён арышту паводле ч. 1 артыкулу 24.23. Яе спачатку зьмясьцілі ў ЦІП на Акрэсьціна, а потым яна адбывала суткі ў ізалятары Жодзіна. Менскі гарадзкі суд адмяніў рашэньне раённага суду, і Ганна Барушка выйшла на волю 7 красавіка, на чатыры дні раней.

«Прысядалі на кукішкі, каб падыхаць сьвежым паветрам праз шчыліну»

Ганна расказвае, што пасьля затрыманьня яе адвезьлі ў Фрунзэнскі РУУС і зьмясьцілі ў «малпоўню». Гэта маленькая цёмная камэра, без асьвятленьня, з кратамі, за якімі тоўсты празрысты плексіглас. Унізе, на ўзроўні шчыкалатак, прасьвідраваныя дзірачкі, празь якія паступае паветра.

«Я спрабавала асэнсаваць увесь сюр сытуацыі; ня верыла, што так можна: схапіць на вуліцы за тое, што проста ішла з крамы ў краму, пасярод пустой вуліцы, але насупраць аўтазакаў на Пушкінскай, – кажа Ганна. – Пакуль была адна ў камэры, чытала надпісы на плексігласавым шкле, сьпісаным нумарамі прастытутак і нейкімі наркаманскімі фразамі. Я намагалася зразумець, як так здарылася, што ў гэтым месцы сяджу я, чакаю невядома чаго. Бо цябе не папярэджваюць, што будзе далей і калі. Больш за тое, страчваеш адчуваньне часу, бачачы толькі штучнае сьвятло ў калідоры, без аніякай магчымасьці патэлефанаваць калегам ці родным, папярэдзіць, што мяне затрымалі, што, напэўна, на наступным тыдні я не змагу праводзіць заняткі, чытаць лекцыі, абмяркоўваць праекты».

Позна ўвечары Ганну адвезьлі ў ЦІП на Акрэсьціна.

«Псыхалягічна было вельмі цяжка ў першыя дні чуць лаянку і абразьлівыя словы ў свой адрас і зварот на «ты». Для мяне гэта было самым вялікім шокам», – кажа Ганна.

На Акрэсьціна яе трымалі ў камэры, разьлічанай на 4 чалавек, але там было 9 зьняволеных. На дваіх нарах былі матрацы, а на дваіх не было. Зьняволеныя жанчыны спалі па трое на ніжніх і па адной на верхніх нарах, адна дзяўчына наагул ня спала. Калі матрацы забралі, усе спалі на падлозе на сваіх рэчах.

«Камэра не праветрывалася. Праз палову дня мы сябе адчулі кепска, балела галава. Дзяўчаты падыходзілі да дзьвярэй, прысядалі на кукішкі, каб падыхаць сьвежым паветрам праз шчыліну ля «вакенца». Для мяне гэтая карціна, як рубец на сэрцы. Я стукала ў дзьверы, і на пэўны час гэтае вакенца ў цэнтры жалезных дзьвярэй камэры адчынялі. Яго наглядчыкі звычайна адчыняюць, каб перадаць ежу, напрыклад, ці карэспандэнцыю, – кажа Ганна. – Гэтае вакенца знаходзіцца ніжэй за ўзровень жывата сярэднестатыстычнага мужчыны. Яны не апускаюцца на ўзровень твару суразмоўцы ў камэры, а ты мусіш нахіляцца, глядзець зьнізу на тое, што перад тваім тварам, калі просіш».

«Зрабілі матрацык з пракладак»

Як і іншыя вязьні, Ганна Барушка расказала, што на Акрэсьціна наглядчыкі вылівалі хлёрку ў камэру.

«Яны адчынілі дзьверы і вылілі вядро хлёркі і сказалі, што калі мы яе не зьбяром, то будзе дрэнна, будзе шчыпаць вочы. Мы яе прыбралі, але яшчэ гадзіну адчувалі, па-мэдыцынскі кажучы, раздражненьне вачэй і носу. Гэта адбылося ў першы дзень, амаль адразу пасьля пад'ёму, калі мы яшчэ не зусім цямілі, што і як, і дзе мы».

Паводле Ганны Барушкі, яшчэ адно зь першых уражаньняў – гэта дрэнныя ўмовы для сну.

На Акрэсьціна Ганна спала на падлозе ў сукенцы, загарнуўшыся ў тонкае паліто. Калі ў першы дзень у Жодзіне яе зьмясьцілі ў камэру на чатырох, гэта адчувалася, як гатэль, кажа яна, бо быў свой ложак і бялізна, матрац і падушка.

«На наступны дзень нас траіх завялі ў душ. Нягледзячы на адсутнасьць чыстай вопраткі, было адчуваньне сьвята, што можаш памыцца хоць праз чатыры дні. У той камэры былі і маленькія прусачкі, бо паўсюль крошкі хлеба», – кажа Ганна.

Увечары Ганну зноў перавялі – адзінаццатай у камэру на дзесяцёх, з сабой дазволілі забраць толькі бялізну з нараў.

«У гэтай камэры адна зь дзяўчат прапанавала падзяліцца сваімі ніжнімі нарамі. Дзьве ночы мы спалі на матрацы, наступныя – без, а ў чацьвер ужо і бяз коўдры. Засталіся толькі прасьціна і навалачка. Ад таго, што ў шчыліны на жалезных нарах магла пралезьці і нага, мы ня здолелі зрабіць іх зручнымі для сну. Я вырашыла спаць на падлозе з халоднай пліткі», – кажа Ганна.

Наглядчыкі адабралі падушкі, матрацы, а потым і коўдры, маўляў, такі загад начальства.

«Калі ў нас забралі коўдры і нам трэба было спаць на падлозе, мы прыдумалі такую штуку. У нас было шмат пракладак, ажно цэлы вялікі пакет, і мы раскладвалі іх у поліэтыленавыя пакецікі тонкім слоем і зрабілі нешта накшталт матраца. Але, нягледзячы на такі тонкі матрацык, адна сукамэрніца ўсё ж застудзілася, – кажа Ганна. – Мы ўтрох спалі пад сталом, бо ён рабіў цень і было лягчэй заснуць».

Вязьні нацягвалі на вочы мэдычныя або тканевыя маскі, бо адмысловыя маскі для сну ўжо ня бралі ў перадачы.

«Вядома, ніхто ня мыў тканевыя маскі штодня, бо гэта амаль бессэнсоўна. Бачнасьць антыковідных захадаў была ў выглядзе нашэньня маскі пры міліцыянтах – калі яны выводзілі з камэры або заходзілі. Тыя, хто насіў мэдычныя маскі, таксама ня мелі магчымасьці іх зьмяняць: паклалі ў кішэню – дасталі з кішэні, ніхто не выкідаў іх пасьля выкарыстаньня. Нам толькі адзін раз прапанавалі мэдычныя маскі – калі выяжджалі з РАУС».

«У Жодзіне дзьверцаў у „прыбіральні“ ўвогуле не было»

У Жодзіне сукамэрніцы расказалі, што атрымалі зубныя шчоткі і пасту толькі на пяты дзень – зь перадачай ад валянтэраў. Ганьне пашанцавала, яна атрымала там зубную шчотку ў першы дзень.

«Што да прыбіральняў, то на Акрэсьціна былі дзьверцы, якія зачыняліся. У Жодзіне дзьверцаў у «туалеце» ўвогуле не было. Перагародка была ніжэйшай за палову нашага росту, немагчыма было нацягнуць порткі стоячы, каб не «сьвяціцца» тваім сукамэрніцам. Там жа не было ёршыка, – кажа Ганна. – Мыла з перадач было ў кожнай па кавалку ці два, вядома, усё мы скарыстаць не маглі. А ў камэры хлопцаў побач, як мы аднойчы пачулі, не было ніводнага. На наш запыт, ці можам мы аддаць ім лішняе мыла, міліцыянты адказалі, што нельга – бо ў іх «відэаназіраньне на калідорах».

Ганна Барушка
Ганна Барушка

«У нас штодня нешта забіралі»

Паводле Ганны, на Акрэсьціна камэры былі адрамантаваныя, а ў Жодзіне была брудная столь, з плямамі цьвілі, пабелка бурага колеру адлушчвалася. На падлозе было шмат пылу.

«Была адна анучка для мыцьця падлогі, але яе памер не перавышаў памер раскладзенай сурвэткі, па шчыльнасьці яна таксама нагадвала сурвэтку. Адна з сукамэрніц лёгка аддала для гэтага сваю блюзку, бо спадзявалася на перадачу ад родных на наступны дзень».

Апошнія пяць дзён наглядчыкі не прыносілі веніка і шуфліка.

«Яшчэ з такіх псыхалягічных момантаў – у нас штодня нешта забіралі. Усё пачалося з матраца і падушак. Потым забіралі ежу, сшыткі, кнігі. Яны ўвесь час стараліся зрабіць нейкую гадасьць, каб неяк абразіць нас. Калі не было чаго забраць, яны маглі павытрэсваць жаночыя гігіенічныя сродкі з пакета на падлогу альбо раскідаць туалетную паперу. Гэта такі ўзровень пяціклясьнікаў», – кажа Ганна.

«Кожныя паўгадзіны бразгалі «вочкам» у дзьвярах»

Аднойчы ўвечары ў камэру зайшлі міліцыянты (а калі яны заходзяць, вязьні павінны стаць тварам да сьцяны і трымаць рукі за сьпінай).

«Адзін зь іх, які быў у балаклаве, некалькі разоў вельмі гучна і зьнянацку ўдарыў дубінкай па стале і сказаў, што так будзе па сьпінах. Мы вельмі спужаліся. Нават яго калега ўздрыгнуў і мацюкнуўся – мабыць, гэта было дастаткова нечакана для ўсіх, акрамя «галоўнага». Потым мы даведаліся, хто гэта быў. Часам яны хадзілі ў балаклавах, часам у масках, часам без. Усё адно праз пэўны час пачынаеш пазнаваць кожнага».

Адна з сукамэрніц пасьля гэтага здарэньня сказала, што адчувае сябе дрэнна і ёй трэба ўкалоць нешта заспакаяльнае. Паводле Ганны, у яе быў нэрвовы зрыў.

Ганна настойліва стукала ў дзьверы, каб дзяўчыну адвялі да фэльчара, які не зьявіўся, і тады наглядчыкі на яе патрабаваньне выклікалі «хуткую».

«Гэтая дзяўчына спрабавала спаць на нарах на другім паверсе, пад лямпамі, якія не выключалі дзень і ноч, і яе вельмі раздражняла сьвятло над галавой, – кажа Ганна. – Відаць у той дзень, калі мы атрымалі перадачкі, з нас вырашылі пазьдзекавацца: праз гадзіну-дзьве пасьля адбою (які ў 22:00) наглядчыкі зайшлі ў камэру, усе мусілі падняцца з нараў, стаць тварам да сьцяны, рукі ў счэпцы за сьпінай, начапіць маскі, пачалі пераклічку. А потым кожныя паўгадзіны ўначы гучна адпускалі накрыўку «вочка».

Паводле Ганны, у ізалятар траплялі людзі з хранічнымі хваробамі.

«У нас была дзяўчына, у якой была анкалёгія; яна прайшла лячэньне, але знаходзілася яшчэ на ўліку. І гэта ніяк не паўплывала на судзьдзю і на яго рашэньне. У другой была ныркавая недастатковасьць, і нам зь ёй давялося спаць на падлозе. Яна застудзілася; ёй было дрэнна, і яна ня мела лекаў, якія звычайна прымае дома. Ёй ня выклікалі фэльчара цягам дня, і я напісала заяву начальніку турмы, што ёй патрэбна мэдычная дапамога. На наступны дзень яе адвялі да фэльчара. Але матрац і коўдру ёй ня выдалі, і яна зноў спала на падлозе».

«Гатавалі так, што есьці гэта было немагчыма»

Паводле Ганны, параўнальна з Жодзіна на Акрэсьціна кармілі лепш, тую ежу можна было ўжываць. Праз дрэннае харчаваньня ў некаторых пачаліся запоры.

«У Жодзіне гатавалі так, што есьці гэта было немагчыма. Некаторыя проста выкідалі ежу ва ўнітаз. Былі сукамэрніцы-вэганы, і ім даводзілася галадаваць, бо яны не ўжываюць жывёльных бялкоў. Але з гэтымі дзяўчатамі я правяла толькі адзін дзень і ня ведаю, што было зь імі далей».

Паводле Ганны, стол у камэры ў Жодзіне быў драўляны, на ім нехта выдрапаў выявы дзьвюх шахматных дошак.

«Мы яго штодня мылі пасьля яды. Але праз шчыліны паміж дошкамі хлебныя крошкі сыпаліся на падлогу, таму пасьля кожнай яды мылі і падлогу».

«Для мяне гэта было і маральным, і фізычным прыніжэньнем»

Ганна Барушка не падпісала пратаколу, які склалі на яе ў пастарунку. У ім гаварылася, што яна ішла ў натоўпе, выкрыквала лёзунгі.

«Я наагул ішла адна, і адзіны натоўп быў вакол мяне – гэта 7-8 хлопцаў у вайсковай форме, якія да мяне падбеглі, акружылі і выклікалі міліцэйскую машыну. Таму ніякай праўды ў гэтым няма. Я не падпісала пратаколу, бо гэта лжэсьведчаньне, – кажа Ганна. – Гэта фізычны і псыхічны гвалт – тое, што робіцца ў турме. Ступень яго можа быць рознай, але таго, што гэта зьдзекі, не адмяняе. А тое, што адбываецца ў судзе, – гэта татальная няпраўда. Для мяне гэта ўсё крыўдна і несумленна. Для мяне ўсё гэта было і маральным, і фізычным прыніжэньнем. Я ня бачу тут ніякай справядлівасьці».

Паводле Ганны, у яе сукамэрніц былі падобныя гісторыі. Гэта прыгожыя, сумленныя, прагныя да праўды людзі, кажа яна. У камэры былі аднадумцы, добры калектыў, і гэта выратоўвала.

«Падтрымка дае сілы жыць далей і не скаціцца ў посттраўматычнае стрэсавае расстройства. Нехта памаліўся, напісаў, патэлефанаваў, сустрэўся – і гэта дапамагае выпрастаць сьпіну, падняць галаву і ісьці далей, – кажа Ганна. – Калі судзьдзя выйшла, павярнулі манітор да залі, і я пабачыла сястру, калегу. І пасьля гэтай жудаснай несправядлівасьці, абразьлівага прысуду, сярод усяго гэтага бруду ты бачыш сваіх родных – і гэта цябе натхняе, што ты не адзін».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG