Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі ў адных Расонах шукаюць больш за 28 лекараў. Што з дэфіцытам мэдыкаў у Беларусі


Беларускія мэдыкі, ілюстрацыйнае фота
Беларускія мэдыкі, ілюстрацыйнае фота

Глядзім вакансіі лекараў праз афіцыйны агульнадзяржаўны банк вакансій.

Пружаны: 17 вакансій у раённай лякарні

Пружаны — горад у Берасьцейскай вобласьці з насельніцтвам 19 тысяч чалавек. Згодна з сайтам агульнадзяржаўнага банку вакансій тут шукаюць на працу 21 лекара-спэцыяліста.

Лекару-фізіятэрапэўту ў Пружанскай цэнтральнай раённай лякарні прапануюць 800 рублёў на месяц, траўматолягу-артапэду ў той жа лякарні гатовыя плаціць тысячу рублёў.

Самы высокі заробак прапануюць лекару хуткай дапамогі — 1150 рублёў. Агулам у раённай лякарні для лекараў 17 вакансій.

Апроч гэтага ў Пружанах шукаюць двух фэльчараў на заробак ад 500 да 900 рублёў і адну мэдыцынскую сястру на заробак у 600 рублёў.

Дзятлава: шукаюць 26 лекараў і 13 мэдсясьцёр

Дзятлава — невялікі горад у Горадзенскай вобласьці з насельніцтвам менш за 8 тысяч чалавек. У Дзятлаўскай цэнтральнай раённай лякарні шукаюць 26 лекараў. Заробкі — ад 550 да 900 рублёў за стаўку. Напрыклад псыхатэрапэўту прапануюць 550-570 рублёў.

Акушэру-гінэколягу прапануюць 820 рублёў, у лякарні дзьве такія вакансіі.

Апроч таго, у цэнтральную раённую лякарню шукаюць 13 мэдыцынскіх сясьцёр. Самы высокі заробак, які прапануюць, — 600 рублёў.

Лунінец: патрэбна 13 лекараў у адну лякарню

Лунінец — горад у Берасьцейскай вобласьці з насельніцтвам менш за 30 тысяч жыхароў. У Лунінецкую цэнтральную раённую лякарню шукаюць 13 лекараў: тэрапэўт, рэаніматоляг, уроляг, хірург — усе спэцыяльнасьці розныя.

Самы высокі заробак — 1000 рублёў. У гэтую ж лякарню шукаюць мэдыцынскую сястру на 0,25 стаўкі, прапануюць ад 200 рублёў.

Расоны: 28 лекараў — толькі ў адну лякарню

Расоны — горад у Віцебскай вобласьці з насельніцтвам менш за 5 тысяч чалавек. Расонская цэнтральная раённая лякарня шукае 28 лекараў. Заробкі на стаўку ад 700 да 1000 рублёў.

У гэтай жа лякарні 13 вакансій на пасаду мэдыцынскай сястры. Заробкі на стаўку ад 500 да 700 рублёў.

А што ў сталіцы?

У Менску знаходзім 925 вакансій лекараў-спэцыялістаў. Заробкі вышэйшыя, чым у рэгіёнах. Напрыклад, лекару агульнай практыкі ў 19 паліклініцы Першамайскага раёну Менску гатовыя плаціць 1300 рублёў.

Лекару агульнай практыкі ў 16 сталічнай паліклініцы прапануюць 1500 рублёў на месяц.

Таксама ў сталіцы 958 вакансій на пасаду мэдыцынскай сястры. Заробкі — ад 600 да 1000 рублёў.

Цяпер у агульнарэспубліканскай базе вакансій 4556 пасадаў для лекараў і 2971 вакансій для мэдыцынскіх сясьцёр.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG