Інфармацыя аб прызначэньні даты прысуду зьявілася 24 лістапада. Яе пацьвердзіла Дар’я Лосік, жонка журналіста-палітвязьня, якая цягам усяго працэсу знаходзілася побач з будынкам гомельскага СІЗА-3.
«Так, прысуд сапраўды прызначылі на 14 сьнежня, — расказала Дар’я Лосік. — Усё, як паведаміла Марына Адамовіч, так і ёсьць. Як я разумею, і сам працэс, і спрэчкі бакоў ужо скончыліся. Раз прызначылі дату абвяшчэньня прысуду, можна меркаваць, што працэс скончыўся».
Суд праходзіў у закрытым рэжыме, пра яго амаль нічога невядома. У разглядзе справы было некалькі перапынкаў, таксама падчас працэсу зьмяніўся судзьдзя. Вядома, што на трэці дзень суду, яшчэ ў чэрвені, з залі да канца разгляду справы быў выдалены Мікола Статкевіч. Яго мусілі вярнуць для ўдзелу ў спрэчках бакоў, даць права прамовіць апошняе слова.
Родных абвінавачаных, у тым ліку Дар’ю Лосік, на працэс не пусьцілі, нягледзячы на просьбы і заявы. У першыя дні суду на ім прысутнічалі супрацоўнікі дзяржаўных СМІ.
Як расказала Свабодзе Дар’я Лосік, яна яшчэ спадзяецца трапіць на абвяшчэньне прысуду.
«Сёньня я чарговы раз была ў Гомельскім абласным судзе, падала там заяву аб тым, што хачу прысутнічаць на абвяшчэньні рэзаляцыйнай часткі прысуду Ігару, — гаворыць Дар’я. — Вельмі спадзяюся, што траплю на яе. Вельмі хочацца паглядзець на мужа. Ведаю, што Марына Адамовіч таксама падавала такое прашэньне. Наконт астатніх родных абвінавачаных у справе Ігара я не магу нічога сказаць, ня ведаю».
Працэс у справе Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча і іншых абвінавачаных ішоў амаль пяць месяцаў. Усе яны былі затрыманыя ў канцы траўня — чэрвені 2020 году, задоўга да дня правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. Адвакаты ўсіх абвінавачаных далі падпіску аб невыдаваньні матэрыялаў спраў сваіх падабаронных і нават дэталяў працэсу, у выніку невядомыя нават усе артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх абвінавацілі Ігара Лосіка. Яго жонка Дар’я мяркуе, што мяккага прысуду чакаць ня варта.
«Калі мяне ня пусьцяць на абвяшчэньне прысуду, я ўсё адно паеду ў Гомель, — гаворыць Дар’я Лосік. — Я буду там у любым выпадку. Я не разьлічваю на мяккі прысуд. Рэжым не адпускае людзей проста так. Не прызнае сваіх памылак. Таму я думаю, што вырак будзе дастаткова жорсткім. Гэта маё бачаньне ўсяго. На гэты момант яно даволі сумнае».
Журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка затрымалі дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. Дакладна вядомыя два артыкулы абвінавачаньня з трох («удзел у масавых беспарадках» і «арганізацыя альбо падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
На знак нязгоды ён двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Пасля выстаўленьня абвінавачаньняў паводле трэцяга артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. Палітвязьнем яго прызналі ў канцы чэрвеня 2020 году.
За кратамі Ігар Лосік знаходзіцца 518 дзён.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.
11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:
- Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,
- Арцёму Сакаву — 16 гадоў,
- Міколу Статкевічу — 14 гадоў,
- Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,
- Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,
- Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.
Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу) за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў