Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хачу пабачыць дачку толькі тады, калі яна скончыць школу». Ігар Лосік за кратамі 515 дзён


Суд у справе палітзьняволеных Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і іншых аднавіўся пасьля перапынку. Абвінавачаныя чакаюць абвяшчэньня прысуду.

Журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка арыштавалі дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году. Судовы працэс па яго справе пачаўся ў СІЗА-3 Гомля сёлета 24 чэрвеня.

Працэс праходзіць у закрытым рэжыме ўжо пяць месяцаў. Родным і блізкім абвінавачаных забаронена прысутнічаць у залі суду, усе адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаваньні і ня могуць назваць нават артыкулы абвінавачаньня.

«Я нічога ня ведаю пра суд па-ранейшаму, — гаворыць у размове са Свабодай жонка палітвязьня Дар’я Лосік. — Ігар ня піша ў лістах, на якой стадыі цяпер знаходзіцца працэс. Як разумею, спрабаваў гэта рабіць некалі, але лісты тады проста не даходзілі. Таму ў допісах штосьці агульнае, пра дачку шмат. Адзінае — там была фраза, якая мяне насьцярожыла. Ліст я атрымала ў суботу. Ігар напісаў, што трэба нешта рабіць, бо ён ня хоча пабачыць сваю дачку толькі тады, калі яна скончыць школу».

Па словах Дар’і Лосік, такія словы Ігар у лісьце напісаў першы раз. Раней ён не выказваў перасьцярогі, што можа не пабачыць дачку Паўліну такі працяглы тэрмін.

Працэс у справе Ігара Лосіка і іншых палітвязьняў аднавіўся пасьля двухтыднёвага перапынку. Чым ён быў выкліканы, невядома. Падчас папярэдняга перапынку ў верасьні на судзе замянілі судзьдзю.

Як стала вядома зь ліста Сяргея Ціханоўскага, абвінавачаныя чакаюць хуткага завяршэньня працэсу. Іх родныя спрабуюць трапіць на абвяшчэньне прысуду, аднак пакуль дазволу на гэта не атрымалі. Паводле заканадаўства, прысуд нават на закрытых працэсах павінен выносіцца ў адкрытым рэжыме. Аднак праз тое, што працэс праходзіць на тэрыторыі СІЗА-3, дазвол на знаходжаньне там неабходна атрымліваць у адміністрацыі ўстановы.

«Мне і Марыне Адамовіч прыйшлі адказы, дастаткова незразумелыя, — гаворыць Дар’я Лосік. — Гэта і ня „так“, і ня „не“. То бок, наколькі я зразумела, яны яшчэ самі ня вызначыліся, пускаць нас на прысуд альбо не пускаць. Яшчэ буду неаднаразова пісаць такога кшталту заявы і ў Гомельскі абласны суд, і ў СІЗА-3 Гомля. Мы хочам трапіць на абвяшчэньне выраку, я буду рабіць гэта ў любым выпадку. Будзем дамагацца, каб нейкім чынам хаця б родных абвінавачаных пусьцілі на прысуд».

Дар’я Лосік расказвае, што апошнім часам ліставаньне з мужам наладзілася. Паводле яе, у сваіх допісах Ігар выказвае неспакой з нагоды хуткага рашэньня суду.

«Лісты такія... Не скажу, што яны вельмі пазытыўныя, — расказвае Дар’я. — Нармальныя лісты. У кожным зь іх Ігар піша, што трэба нешта рабіць. Што спадзяецца толькі на мяне».

Працэс у справе Ігара Лосіка і іншых абвінавачаных працягнецца ў СІЗА-3 Гомля 23 лістапада. Дата магчымага прысуду па-ранейшаму невядомая.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG